Шуфлядка

Беларусь – грыбны рай? У снежні былі лісічкі, у сакавіку і траўні з’явіліся баравікі

Баравік у Польшчы
Баравік у Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Luke Emski / Wikimedia, CC BY-SA 4.0
podpis źródła zdjęcia

Змена клімату нясе беларусам не толькі непрыемныя сюрпрызы. Хадзіць у грыбы робіцца мажлівым у нечаканыя моманты. Але травеньская хваля баравікоў – не анамалія, а вядомая грыбнікам з’ява.

Ужо ў першы дзень зімы, 1 снежня 2025 года, карыстальніца TikTok правяла «рэпартаж з лесу»: са здзіўленнем для сябе знайшла вялікі белы грыб. І пачалася грыбная зіма: беларусы хваліліся ў сацсетках, як у снежні збіралі кучу грыбоў, знаходзілі нават баравікі. І ў студзені знаходзілі ў лясах лісічкі і бабулькіны вушы (саркасціфы). А перад тым у кастрычніку лясы абсыпала апенькамі. 

У сакавіку ў Берасці раптам масава выйшлі баравікі. У красавіку з’явіліся смаржкі і страчкі – шмат хто назбіраў грыбоў на Вялікдзень. У траўні беларусы пачалі знаходзіць у лясах таксама маслякі, падбярозавікі, падасінавікі, радоўкі, шампіньёны, курыныя грыбы (серна-жоўтыя летыпоры)… 

,,

«Які ён мокранькі, саплівенькі… Але сапраўдны масляк!» – захапляецца адна тыктокерка, якая знайшла грыбы ў Белавежскай пушчы ў суботу.


І гэтак не толькі на поўдні Беларусі. Грыбамі хваліліся і з Віцебскай вобласці, і з-пад Магілёва. Падобна, асабліва пашанцавала Менскай вобласці.


«Наглядзеўшыся ў тыктоку відэа пра тое, што знаходзяць ужо падасінавікі, змеркаваў прайсціся я па сваіх месцах, – расказваў у мінулую сераду адзін карыстальнік TikTok з Крупскага раёну. – Побач тут у нас кусты. Ну і, вядома ж, я не меў ілюзіі наконт падасінавікаў. У нас нядаўна толькі маразы мінулі. І ў нас усё пазней на два тыдні, чым у Паўднёвай Беларусі.


Але чаго я не чакаў сустрэць… Прайшоўся па сваіх вешанках, дзе старыя былі, – няма вешанак, анічога. І вось у іншым месцы ўпалае дрэва. Глядзіце, я быў упэўнены, што вешанкі растуць толькі позняй восенню, пачатак зімы. А тут, глядзіце, вось такія вось прыгожыя вешанкі на паваленым дрэве. Свежанькія, маладзенькія».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мястэчка Мір, Беларусь. 18 красавіка 2016 года. Фота: Serge Zykov / Flickr, CC BY-SA 2.0
Снег прайшоў – далей засуха? Што будзе з надвор’ем і што можа зрабіць звычайны беларус Шуфлядка

У чацвер ён жа знайшоў фіялетавыя радоўкі, якія лічацца познім восеньскім грыбам.


Карыстальніца з цэнтру Рэчыцы ў чаце грыбнікоў паказвае фота курынага грыба на дрэве. Ёй адказвае іншая карыстальніца, якая кажа, што ўсё хацела такі знайсці, а нядаўна вызірнула з балкону і пабачыла на дрэве пад сваім домам.


Шанцуе не ўсім: адны ў TikTok кажуць, што не верылі іншым, але пайшлі ў лес і назбіралі вёдры грыбоў, іншыя ж наракаюць, што не знайшлі нічога.


У Менскай вобласці ў траўні знаходзяць нават баравікі:

Паводле грыбнікоў, для траўня гэта не такая і незвычайная з’ява. Гэта «мікольскія» баравікі, бо хваля вясновых баравікоў можа прыпасці на 22 траўня – дзень памяці св. Мікалая Цудатворца. Але клімат мяняецца, робіцца «зусім не беларускім», таму раяць арыентавацца не на каляндар, а на ўскосныя прыкметы: як скончыцца квітненне ландышаў, найбліжэйшыя 4–5 дзён можна ісці збіраць баравікі, калі не будзе замаразкаў ці засухі. 


Можна арыентавацца і на суседзяў: ідзе «грыбная хваля», паводле падліку аднаго з грыбнікоў, з хуткасцю каля 22 км на дзень: 26 красавіка баравікі былі ў Роўне, 3 траўня – у Берасці, 13-га з’явіліся ў Менскай вобласці. Але дакладнай формулы няма. Доўгатэрміновыя прагнозы з грыбамі кепска працуюць, грыбнікі раяць сачыць найперш за вільготнасцю і дажджамі.


Асцярожна, грыбы могуць забіць!


Не сакрэт, што грыбы бываюць атрутнымі. Колькі атруціліся ў гэтым ці мінулым годзе, не паведамлялі, але за 2023 год у Беларусі было 68 выпадкаў атручэння грыбамі, з іх 4 – смяротныя.


Міністэрства аховы здароўя раіць збіраць толькі вядомыя грыбы, не каштаваць падазроныя, не збіраць і не купляць перарослыя, зацвілыя ці пашкоджаныя лічынкамі грыбы; пасля збору як найхутчэй сартаваць і апрацоўваць, усе грыбы адварваць.


Каб пазнаёміцца з грыбамі, варта чытаць кнігі пра грыбы сваёй мясцовасці, як «Грыбы і грыбная кулінарыя» Галіны Сяржанінай і Івана Яшкіна. Можна скарыстацца і мабільнымі праграмамі, як чэшскай «У грыбы», што мае не толькі каталог з фота і апісаннямі грыбоў, але і эксперыментальную функцыю распазнавання грыбоў праз фота.


А невядомыя грыбы ў Беларусі трапляюцца ўсё часцей: бачылі нават «пальцы д’ябла» (антурус арчэра) – аўстралійскі чырвонакніжны грыб, што падобны да васьмінога, які падарваўся на міне.


Больш за тое, у Беларусі мінулай зімой адкрылі раней невядомы грыб. Праўда, не такі, які захочацца з’есці: гэта мікраскапічны грыб, які паразітуе на лішайніках. Паразіта чамусьці назвалі ў гонар Францішка Скарыны


Пры паходах у грыбы варта сачыць не толькі за грыбамі, але і за кляшчамі, і за ляснымі пажарамі. Перад «баравіковымі» выходнымі амаль па ўсёй Беларусі абмяжоўвалі наведванне лясоў. Паглядзець актуальную мапу забаронаў можна тут.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10