У краіне, якая дзесяцігоддзямі фармавала свой вобраз праз бульбу, раптам высветлілася, што яе ці то не хапае, ці то ўвогуле амаль не засталося. А калі і ёсць, то нейкая не тая: гнілаватая, дробная, з выгляду больш на «семенку» падобная. Пакуль улады ліцэнзуюць экспарт і запэўніваюць, што «ўсё пад кантролем», беларусы здымаюць відэа з крамаў і паказваюць, што гэта не кантроль, а фарс. І ўсё гэта – не праз «надвор'е ці сусветны крызіс», а праз палітыку дзяржавы. Дык дзе дзелася бульба? Разбярэмся.
Бульбяны сорам
Раптам стала не да жартаў. У краіне з «бульбай у ДНК» на паліцах – усё часцей або яе падгнілыя рэшткі, або сезонны пусты бокс, або ўмоўна «тры клубні за тры рублі».
«У краме звычайна прадаюць два варыянты бульбы: нямытую па 1,08 рубля і мытую па 2,99. Мытую ніколі не купляла – я што, сабе бульбу не вымаю? Ну і аддаваць амаль тры рублі за бульбу ў Беларусі – ссорам, – распавядае Таццяна з Менску, якая звычайна закупляецца ў сваёй краме па суседстве. Гаворка ідзе пра краму «Санта» на вуліцы Волаха, 2. – Будзеце смяяцца, але апошнім часам бульбы па рублю нармальнай ужо не знайсці. Яна, калі і ёсць, дык мяккая, зялёная, з вочкамі і гнілатой. Каб выбраць кілаграм хоць крыху прыстойнай з гэтага скрыні, даводзіцца поркацца і шукаць найлепшую з горшай. У вёсцы, калі шчыра, такую свінням даюць. А ў нас – беларусам за грошы. Дайшло да таго, што мытую бульбу, тую самую па 3 рублі, разбіраюць яшчэ да канца працоўнага дня. Пайшла ў іншыя крамы – а там прыкладна такая ж гісторыя. А таннай бульбы ўвогуле няма. Пуста».
Як высветлілася, праблема не надуманая. Гэта пацвярджае і «BelPol», які нядаўна перахапіў дакументы, з якіх вынікае, што бульбы ў беларускіх крамах сапраўды не стае.
«Сітуацыя ўвогуле жахлівая, – каментуе прадстаўнік «BelPol» Уладзімір Жыгар. – Напрыклад, гандлёвая сетка «Грын» забяспечаная бульбай толькі на 30 % ад штомесячных патрэбаў… Дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы не могуць папоўніць недахоп – ураджайнасць не дазваляе […]. Закрытыя дакументы Белстату, да якіх мы атрымалі доступ, сведчаць пра тое, што толькі ў Віцебскай вобласці з гектара сабралі на 97 цэнтнераў бульбы меней, чым летась. Амаль на 40 % зменшылася здабыча бульбы і ў Гарадзенскай вобласці».
Улады рэагуюць – як умеюць. Спачатку, яшчэ ў снежні, увялі ліцэнзаванне вывазу бульбы на тры месяцы. Гэта значыць, што вывезці яе за мяжу можна толькі з адмысловым дазволам, які выдаюць пасля ўзгаднення з МАРТам, Мінсельгаспрамам і мясцовымі ўладамі. І тое, дазвол вырашылі даваць толькі разавы. Чаму? Цэны на бульбу за межамі Беларусі растуць, попыт вялікі, а «забяспечыць унутраны рынак» – галоўны прыярытэт.

Тым часам у студзені – лютым ужо былі выпадкі, калі спрабавалі вывезці бульбу без дазволу. Напрыклад, расейскі прадпрымальнік хацеў вывезці 35 тон і трапіў пад адміністрацыйную справу. Праз бульбу.
Праз некалькі месяцаў, акурат у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, зʼявілася чарговая навіна: Савет Міністраў Беларусі працягнуў рашэнне аб ліцэнзаванні вывазу бульбы.
Ва ўрадзе патлумачылі: гэта мера дазволіць кантраляваць запасы бульбы і яе экспарт «у сувязі з расце попытам і высокім коштам» гэтага тавару за мяжой.
Пры гэтым у Беларусі абмежавалі рознічныя цэны на нямытую бульбу ў міжсезонне. Напрыклад, у красавіку 2025 года адзін кілаграм у краме не можа каштаваць даражэй за 1 рубель 11 капеек.
Рашэнне гэтае ўзялося, зразумела, не з паветра. Бо яшчэ 28 лютага падчас нарады па новай сістэме рэгулявання цэн Лукашэнка прайшоўся па чыноўніках і асобную ўвагу надаў высокім цэнам на бульбу:
«Выбудавалі сістэму так, што імпарт больш выгадна завозіць у гандаль, чым прадаваць сваё. Ці не так? Гэта ж бардак! Якое гэта рэгуляванне, гэта карупцыя. Якому імпарцёру, які з Егіпта ці Расеі, Казахстану завозіць тавар, вы хацелі падыграць? Дакажыце мне, што ён вам не заплаціў нечага, на лапу не паклаў. Я, вядома, не збіраюся вас папракаць тым, што вам давалі хабары за гэта, але, прабачце, гэта падазрэнне».
Адказныя па гэтым пытанні адразу ж узяліся «ўсё вырашаць і высвятляць». У выніку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў сярэдзіне сакавіка праверыла, як ідуць справы з бульбай у крамах, і нават праманіторылі 437 гандлёвых кропак, пасля чаго адсправаздачыліся: у 3 % выпадкаў бульбы ў продажы наогул не было, а ў 10 % такі тавар аказаўся непрыдатным да рэалізацыі, дадаўшы, што на складах «усё пад кантролем». Нібыта ў стабфондах ляжыць прыкладна 17 тысяч тон бульбы, і гэтага «хопіць да канца міжсезоння». Бульба, як сцвярджалася, захоўваецца ў драўляных кантэйнерах, у ідэальных умовах.
Толькі вось як гэтыя «ідэальныя» запасы суадносяцца з пустымі паліцамі – не вельмі зразумела. І ўсё гэта – на фоне таго, што ўраджай у 2024 годзе стаў горшым, чым у папярэднія гады. Пры гэтым яшчэ ў лістападзе чыноўнікі ўсё яшчэ планавалі экспарт 300 тысяч тон бульбы.

«Гэта ж семенка, а нам за грошы прапануюць»
У сацсетках тым часам працягвае нарастаць народнае абурэнне. Людзі ахвотна выкладваюць відэа з крамаў, паказваючы тое, што цяпер называюць «бульбай» у Беларусі. На кадрах – бульба з плямамі, перамёрзлая, «з душком», дробныя, зморшчаныя клубні, часам з прыкметамі гнілі. Каментары гавораць самі за сябе: «Усе добрыя разабралі ці ў Расею прадалі – гэта засталося для нас».
«Раней бульба была другім хлебам, а цяпер гэтакі далікатэс», – жартуе адзін з карыстальнікаў Twitter.
,,«Хутка дранікі будуць падаваць толькі ў рэстаранах высокай кухні», – іранічна заўважае іншы.
Аднак за іроніяй – праблема: такога бульбянога андэграўнду ў краіне, падаецца, яшчэ не было. Як высветлілася, бульбу сёння не заўсёды можна знайсці нават у Еўраопце – адной з найбуйнейшых сетак крамаў у Беларусі. Атрымліваецца, вывозіць бульбу забаранілі, а яе ўсё роўна няма. Людзі ўсё часцей гавораць пра тое, што нават капусныя дранікі хутка стануць больш даступнымі, чым бульбяныя. Але, здаецца, гэта толькі пачатак
У чым справа і што адбываецца?
Яшчэ ў 2022 годзе дзяржава абмежавала рост цэнаў на бульбу на ўзроўні 3% на год. Але ў рэальнасці цэны растуць на ўсё: насенне, паліва, угнаенні, заробкі. І калі ўсё гэта даражэе, «трохадсодкавае абмежаванне» ператвараецца ў гаспадарчы жах.
Рашэнне нанесла моцны ўдар па прыватных фермерах. Канчаткова дабіла яшчэ адна – леташняя пастанова пра рэгуляванне максімальных рознічных цэнаў, бо Лукашэнка даручыў ураду распрацаваць «справядлівую» палітыку цэнаўтварэння.
У выніку стратнасць гаспадарак не дазваляе рабіць цэны канкурэнтаздольнымі «натуральным» шляхам. Дзяржава прымушае іх уцэньваць прадукцыю для ўнутранага рынку. У выніку фермеры, якія вырошчваюць больш за 75 % усёй бульбы ў Беларусі, моцна скарацілі пасяўныя плошчы, бо пры існуючых цэнах вырошчваць бульбу стала немэтазгодна. Так, ураджай ёсць, але «ўпрытык». А тое, што выкладаецца на прылаўкі, – ужо не тая бульба, за якую гатовы змагацца ў TikTok, а бульба «на выжыванне». І на гэта таксама ёсць прычына.

«Якасць насеннай бульбы рэзка знізілася. Тую, што садзілі раней, вырадзілася, – тлумачыць фермер з Магілёўшчыны. – Праз санкцыі купіць элітнае насенне немагчыма. А сваё – значна горшай якасці. Пасадзіў другасную рэпрадукцыю – атрымаў ураджай, які нават у крамы не вельмі пойдуць. Яшчэ ж патрэбныя і ўгнаенні, і абсталяванне, і паліва, і захаваць гэта ўсё якасна… Вырасцьіць добрую бульбу – не проста».
Беларусь ужо даўно не бульбяная краіна, а беларусы – не бульбашы
Яшчэ адно вялікае пытанне – аб’ёмы вытворчасці. Каб убачыць, у які бок крочым, дастаткова прааналізаваць лічбы. Так, у 2024 годзе ў Беларусі сабралі 3,1 млн тон бульбы. Годам раней, па дадзеных Белстату, – 4 млн т. І гэты рэзкі адкат. А калі Беларусь сапраўды была бульбяным краем – было гэта дзесьці ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя – мы ўвогуле вырошчвалі больш за 13 мільёнаў тон бульбы.
Сёння ж Беларусь ужо даўно не ў першай дзясятцы нават у Еўропе.
Калі параўнаць з іншымі краінамі, сітуацыя выглядае яшчэ больш красамоўна. Да прыкладу, Польшча збірае больш за 6 млн тон бульбы штогод, Германія – больш за 10 млн т, Кітай – каля 95 млн т, што робіць яго найбуйнейшым вытворцам у свеце. Украіна нават ва ўмовах вайны збірае каля 20 млн т (хоць зніжэнне таксама істотнае). Таму ніякая мы ўжо не бульбяная краіна, а беларусы – ніякія не бульбашы.

Дарэчы, мы не паленаваліся і палічылі, ці хапае беларусам бульбы хаця б дзеля самазабеспячэння – тых самых 909 тыс. тон, пра якія заяўлялі ўлады. Калі ўлічваць, што сярэдні беларус спажывае да 159 кг бульбы на год, а насельніцтва краіны складае крыху больш за 9,1 млн чалавек, то патрэбна прынамсі 1,4 млн тон, а не 909 тыс. т.
А тыя самыя 17 тыс. тон бульбы, якія нібыта зараз захоўваюцца ў стабфондах і якіх павінна хапіць да новага ўраджаю, – гэта, атрымліваецца, менш за 2 % ад унутраных патрэбаў краіны. Як іх павінна хапіць яшчэ мінімум на тры-чатыры месяцы да новага ўраджаю – незразумела.
«Калі мы і далей будзем прадаваць бульбу па абмежаваных цэнах на ўнутраны рынак, гэта ўсё перальецца на расейскі рынак, дзе цэны больш высокія, – каментуе Мікалай Лысянкоў. – Адкуль мы будзем браць гародніну і садавіну, якіх не хапае? Імпартаваць, як і ў мінулыя гады».
Лічбы, атрыманыя BelPol», гэта пацвярджаюць. Паводле іх, на працягу мінулага года пастаўкі бульбы з Расеі ў Беларусь павялічыліся на 26,78 % – са 188 тысяч да 238 тысяч тон.
Эканамісты і аграрыі адзначаюць: сітуацыя з бульбай – толькі вяршыня айсберга. За апошнія гады сельская гаспадарка стабільна дэградуе. Усё гэта сведчыць пра адну простую рэч: мадэль, у якой дзяржава душыць цэны, а фермеры павінны сядзець у мінусе, не працуе.
Надзея Вольная belsat.eu