Аналітыка

Як цяпер беларусу атрымаць візу ў ЗША і ці бяспечна туды ехаць

Віза ў ЗША
Віза ў ЗША. Фота: Bastamanography.id / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0
podpis źródła zdjęcia

Беларусы не могуць атрымаць візы ў Злучаныя Штаты на радзіме. Могуць у суседніх краінах, у якія патрэбная асобная віза, або ў далейшых краінах. Шэраг пастановаў новай адміністрацыі ЗША можа занепакоіць беларусаў, якія збіраюцца ў Штаты, але гэтыя пастановы пакуль не тычацца большай часткі нашых суайчыннікаў.

У Беларусі не даюць візаў у ЗША

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: people.onliner.by

Як атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі самастойна. Практыка і парады

Амбасада Злучаных Штатаў у Менску закрытая з сакавіка 2022 года і не надае консульскіх паслугаў. Акрамя таго, у Беларусі няма амбасадара ЗША – ёсць толькі часовы павераны, і той цяпер не ў Беларусі.


Грамадзяне Беларусі ўсё яшчэ могуць атрымаць візу ў ЗША ў трэціх краінах. Найбліжэйшыя – Польшча, Літва і Латвія, для паездкі ў якія патрэбная асобная шэнгенская віза. Ёсць таксама бязвізавыя для беларусаў варыянты: візу ў ЗША могуць даць у Азербайджане, Грузіі, Казахстане ці Сербіі, куды грамадзянам Беларусі не патрэбная асобная віза.

Амбасада ЗША ў Менску, Беларусь. Фота: Homoatrox / Wikimedia, CC BY-SA 3.0
Амбасада ЗША ў Менску, Беларусь. Фота: Homoatrox / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Прайсці інтэрв’ю на гасцявую, турыстычную ці бізнес-візу можна ўва ўсіх названых вышэй краінах. Але не ў кожнай краіне даюць візы ўсіх катэгорыяў. Найбольш універсальны варыянт – амбасада ЗША ў Польшчы. Шмат тыпаў візаў выдае таксама амбасада ў Казахстане. У любым разе лепш праверыць сайт амерыканскай амбасады ў канкрэтнай краіне (спіс сайтаў тут) і спраўдзіць, ці выдаюць там патрэбны тып візаў. 

Чытайце таксама:
Польская віза ў беларускім пашпарце. Варшава, Польшча. 1 ліпеня 2024 года. Фота: Белсат

Беларусы пачалі мяняць рэгістрацыю дзеля шэнгенскіх візаў

Трэба спраўдзіць таксама ўмовы і патрэбныя дакументы ў адпаведнай амбасадзе. Напрыклад, умовы для атрымання неіміграцыйных візаў у ЗША ў Польшчы для грамадзянаў трэціх краінаў напісаныя тут па-расейску. Сярэдні час чакання візы ў розных амбасадах можна спраўдзіць тут. І трэба рыхтавацца заплаціць консульскі збор – яго бяруць амаль ува ўсіх выпадках, сумы пачынаюцца ад 185 долараў.


Паводле водгукаў на форумах, сумоўе – вельмі важны этап атрымання візы ў ЗША. Трэба спакойна і дакладна адказваць, куды і навошта плануецца паездка, з кім і да каго, праўдзіва расказваць пра сябе тое, што спытаюць. Пры гэтым шанцы на адмову ў візе ёсць, як пішуць на форумах, паўсюль. Але пасля адмовы можна паспрабаваць ізноў і атрымаць візу.


Сумоўі на студэнцкія візы ў ЗША, падобна, прыпыняюць


Адміністрацыя ЗША 27 траўня загадала амбасадам і консульствам паставіць на паўзу прызначэнне новых інтэрв’ю на студэнцкія візы, паведаміла «Politico». Паводле выдання, гэта звязана з тым, што Злучаныя Штаты хочуць патрабаваць правярання сацыяльных сетак усіх кандыдатаў на навучанне ў ЗША. Калі такое рэалізуюць, гэта можа запаволіць працэс правярання кандыдатаў на студэнцкую візу: раней праглядалі пераважна сацсеткі студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў прапалестынскіх пратэстах.


Амерыканскі чыноўнік, які пажадаў застацца ананімным, пацвердзіў гэта «Associated Press». Але афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту (Міністэрства замежных справаў) ЗША не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэтага ў каментары «Time»: ён адзначыў, што «прызначэнне сумоўяў наконт неіміграцыйных візаў дынамічнае». Падаць дакументы на візы ўсё яшчэ магчыма.


ЗША, магчыма, плануюць закрыць некаторыя амбасады і консульствы 


Новая адміністрацыя ЗША на чале з прэзідэнтам Доналдам Трампам плануе закрыць шэраг дыпламатычных установаў і скараціць бюджэт Дзяржаўнага дэпартаменту. Пра тое, што канкрэтна закрыюць і скароцяць, пакуль ходзяць толькі чуткі

Амбасада ЗША. Х'Атард, Мальта. Фота: Frank Vincentz / Wikimedia, CC BY-SA 3.0
Амбасада ЗША. Х'Атард, Мальта. Фота: Frank Vincentz / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

У адным з унутраных дакументаў, як сцвярджае CNN, Дзярждэп ЗША планаваў закрыць 10 амбасадаў і 17 консульстваў, у тым ліку амбасады на Мальце і ў Люксембургу, пяць консульстваў у Францыі, два ў Нямеччыне, два ў Босніі і Герцагавіне, адно ў Вялікай Брытаніі. 


Амбасадаў і консульстваў, дзе беларусы часта падаюцца на візу з ЗША, у папярэднім спісе няма. Аднак варта памятаць, што гэты спіс неафіцыйны і папярэдні, ён можа змяніцца.


Не выключана, што амбасадаў і консульстваў не закрыюць: у нядаўняй прамове дзяржаўны сакратар (міністр замежных справаў) ЗША Марка Руб’ё, наадварот, падкрэсліваў важнасць амбасадаў для вонкавай палітыкі ЗША. Не закрываць амбасады просіць і шэраг арганізацыяў.


Часова закрылася пакуль толькі амбасада ЗША ў Гане, але закрыццё было звязанае з расследаваннем адносна візавага махлярства.


Трамп можа ўвесці візавыя абмежаванні для грамадзянаў Беларусі


У сярэдзіне сакавіка 2025 года новая адміністрацыя ЗША задумала ўвесці візавыя абмежаванні. Паводле «The New York Times», у патэнцыйным спісе 43 краіны: 10 краінаў, грамадзянам якіх хочуць цалкам спыніць выдачу візаў, і 31 краіна з магчымым частковым спыненнем выдачы візаў. Беларусь – сярод краінаў аранжавай катэгорыі, якім прапаноўвалі моцна абмежаваць выдачу візаў.

Чытайце таксама:
Сцяг Албаніі. Фота: Pxhere.com

Албанія раптоўна прыпыніла бязвіз для Беларусі

Калі такую пастанову ўхваляць, звычайныя турыстычныя і іміграцыйныя візы ў ЗША для грамадзянаў Беларусі будуць недаступныя, але могуць быць зробленыя выключэнні для заможных бізнесоўцаў. Акрамя таго, усім заяўнікам давядзецца праходзіць абавязковае асабістае сумоўе пры падачы дакументаў.


Які лёс ідэі з візавымі абмежаваннямі, невядома. Візы на момант публікацыі адклікалі толькі ў грамадзянаў Паўднёвага Судану і анансавалі візавыя абмежаванні для тых замежных чыноўнікаў, хто пагражае свабодзе слова ў ЗША (што гэта за чыноўнікі, невядома, але, магчыма, гаворка пра камісара лонданскай паліцыі).


Адміністрацыя Трампа таксама скасоўвала легалізацыю тысяч замежных студэнтаў. У канцы красавіка пісалі, што пад ціскам судоў легалізацыю студэнтам пастанавілі аднавіць. Але ў траўні ўжо казалі, што лік скасаваных студэнцкіх візаў можа ісці на тысячы – і візы надалей будуць скасоўваць.

Мост «Залатая брама» ў Сан-Францыска, ЗША. Фота: Deepak Sarda / Flickr, CC BY-NC 2.0
Мост «Залатая брама» ў Сан-Францыска, ЗША. Фота: Deepak Sarda / Flickr, CC BY-NC 2.0

Пакуль выдача візаў у ЗША для грамадзянаў Беларусі адбываецца на тых жа ўмовах, што і раней. Вось толькі з 20 студзеня 2025 года ЗША ўзмоцнена правяраюць заяўнікаў на візу, а найбліжэйшым часам могуць пашырыць правяранне акаўнтаў заяўнікаў у сацсетках. Навінаў пра законапраект аб прызнанні беларусаў «бяздомнай нацыяй» няма.


Выдача грын-кардgreen card» – пастаянны дазвол на жыхарства) для беларусаў таксама пакуль адбываецца паводле звычайных правілаў. Мінулая падача заяваў на ўдзел у латарэі на грын-кард прайшла восенню 2024 года, датаў новай латарэі яшчэ не публікавалі.


Са Штатаў могуць дэпартаваць


Дзяржаўны дэпартамент у сакавіку нагадаў: правяранні, звязаныя з візамі, не спыняюцца пасля выдачы візы. Злучаныя Штаты пастаянна правяраюць, ці не парушаюць уладальнікі візаў законаў ЗША і міграцыйных правілаў. Калі парушаюць, то візу могуць забраць, а ўладальніка візы – дэпартаваць.

Чытайце таксама:
Турысты назіраюць за ўзлётам самалёта на пляцоўцы для спотынгу каля аэрапорту ў Батумі, Грузія. 27 траўня 2024 года. Фота: Белсат

Застацца нельга выязджаць: што рабіць беларусам у Грузіі? Парады адваката

Частае парушэнне: з турыстычнай візай у ЗША нельга працаваць, у тым ліку ладзіць платныя выступы. Але не забаронена, напрыклад, шукаць працу і хадзіць на сумоўі або наведваць бізнес-канферэнцыі, таксама не забаронена бясплатна ўдзельнічаць у нейкіх імпрэзах ці грамадскай актыўнасці.


Паводле статыстыкі Іміграцыйнай і мытнай службы ЗША (ICE), у апошнія пяць гадоў у сувязі з міграцыйнымі парушэннямі былі затрыманыя 446 грамадзянаў Беларусі, 100 былі зняволеныя, 29 – дэпартаваныя. Акрамя таго, на 24 лістапада 2024 года 323 грамадзяніны Беларусі былі ў ЗША на волі, але з загадам пакінуць краіну. Насамрэч, ICE можа цікавіць большая колькасць этнічных беларусаў: у статыстыцы яшчэ ёсць грамадзяне СССР і людзі з невядомым грамадзянствам, у ліку якіх могуць быць і беларусы.

Статуя свабоды ў Нью-Ёрку, ЗША. Фота: Pixaaby.com
Статуя свабоды ў Нью-Ёрку, ЗША. Фота: Pixaaby.com

Дэпартацыі цяпер – асабліва гарачая тэма ў ЗША. Трамп перад выбарамі абяцаў «найвялікшую дэпартацыю ў гісторыі ЗША», і хоць менавіта гэтага яшчэ не адбылося, было шмат гучных выпадкаў спрэчных дэпартацыяў. З апошніх прыкладаў – дэпартацыя без належнага працэсу 2-гадовай грамадзянкі ЗША, (дачкі амерыканца і дэпартаванай грамадзянкі Гандурасу) і 4-гадовай грамадзянкі ЗША, якая лячылася ад раку. Адмова адміністрацыі Трампа вяртаць, нягледзячы на судовы загад, памылкова дэпартаванага ў сальвадорскую турму Кілмара Абрэга Гарсію пагражае выліцца ў канстытуцыйны крызіс.


Ці бяспечна зараз ехаць у ЗША?


Шэраг краінаў пачынае ў гэтым сумнявацца. Заяваў кшталту «цяпер ездзіць у ЗША небяспечна» ў сувязі з палітыкай Трампа не было, але было шмат новых папярэджанняў.

Затрыманне падазраваных Іміграцыйнай і мытнай службаю ЗША. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Dvidshub.net
Затрыманне падазраваных Іміграцыйнай і мытнай службаю ЗША. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Dvidshub.net

Брытанскае выданне «The Independent» пералічвае фармулёўкі новых парадаў наконт падарожжаў у ЗША з розных краінаў: «выконвайце міграцыйныя правілы»; «Злучаныя Штаты строга сочаць за выкананнем правілаў, віза не гарантуе ўезду»; «настойліва рэкамендуецца перад паездкай наведаць ўэб-сайт амбасады ЗША» і гэтак далей. 


Амбасада Беларусі ў ЗША не выдавала нейкіх спецыяльных папярэджанняў для грамадзянаў Беларусі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10