навіны

Што менавіта прапанавалі ў ЗША наконт беларусаў, пашпартоў і прытулку

Пашпарт грамадзяніна Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарт грамадзяніна Беларусі. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Законапраект, які ўнеслі ў Сенат ЗША, утрымлівае тры ідэі для легалізацыі беларусаў і апісанне сітуацыі ў краіне, праз якую беларусам трэба дапамагчы.

Кангрэс Злучаных Штатаў апублікаваў законапраект, які прадугледжвае падтрыманне грамадзянаў Беларусі і Расеі, якім давялося з'ехаць з дому праз рэпрэсіі і вайну. Яго пакуль толькі вынеслі на разгляд у Сенат ЗША. Калі праект прымуць ці адхіляць, невядома. Але вядома, што менавіта прапануюць і як бачаць сітуацыю ў Беларусі аўтары прапановаў. «Белсат» пераказвае, што ў гэтым праекце.


Што агулам у акце пра Беларусь


Праект завецца «Акт аб інвестыцыях у дэмакратычнае кіраванне адносна Беларусі і Расеі падчас выгнання». Такая хітрая фармулёўка можа быць выкліканая любоўю амерыканскіх заканадаўцаў да прыгожых скаротаў: «Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act» скарочана будзе BRIDGE, то бок «мост».


Акт датычыць беларусаў і расейцаў. Прычым у секцыі азначэнняў падкрэсліваецца, што «беларуская асоба ў выгнанні» – гэта беларус, які не можа вярнуцца ў Беларусь праз пагрозу пераследу як вынік ягонай прадэмакратычнай актыўнасці. «Расейская асоба ў выгнанні» – гэта той, хто не можа вярнуцца ў Расею праз прадэмакратычную актыўнасць пасля 24 лютага 2022 года.


У акце ёсць таксама спецыяльны раздзел (секцыя 8) пра тое, што ЗША маюць перадухіляць незаконныя зняволенні, у тым ліку адстойваць вызваленне палітычных вязняў у Расеі і Беларусі, украінскіх закладнікаў у расейскіх і беларускіх турмах, «крэатыўна працаваць з саюзнікамі і партнёрамі», каб паскорыць іхнае вызваленне.


У дачыненні Беларусі Кангрэсу прапануюць прызнаць (у секцыі 12) наступнае. 


Святлана Ціханоўская ёсць «відавочнаю пераможцаю» прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, на якіх беларусы паказалі прыхільнасць да дэмакратыі праз рэкордную яўку.


Аляксандр Лукашэнка брутальна расправіўся з тысячамі мірных пратэстоўцаў, якія выйшлі супраць сфальсіфікаваных ягоным рэжымам выбараў. Былі незаконна затрыманыя больш за 35 тысячаў чалавек, шмат каго з іх катавалі.


• Рэжым Лукашэнкі працягвае несправядліва ўтрымліваць у няволі больш за 1500 асобаў, у тым ліку апазіцыйных лідараў Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага і Марыю Калеснікаву; журналістаў радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка і Ігара Лосіка, а таксама ягоную жонку Дар’ю Лосік (звесткі пра апошнюю ў праекце састарэлі: яе вызвалілі з калоніі 24 ліпеня, але яна, падобна, застаецца ў Беларусі, а звестак пра ейны цяперашні стан няшмат).


• Рэжым Лукашэнкі падтрымаў і паспрыяў незаконнай вайне Расеі супраць Украіны, у тым ліку дазволіў расейскім войскам запускаць балістычныя ракеты і наносіць наступальныя ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі з мэтай уварвання ва Украіну і забойства грамадзянаў Украіны.


• Рэжым Лукашэнкі праводзіць палітыку прымусу беларускіх дэмакратычных актывістаў вяртацца ў Менск для аднаўлення дакументаў, жыццёва неабходных для захавання іхнага статусу жыхарства ў бяспечнай трэцяй краіне, паддаўшы гэтых беларусаў рызыцы затрымання і катаванняў.


Што з гэтым прапануюць рабіць


Калі сцісла, ідэі тры: прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты дзейнымі для ўезду і выезду з ЗША; зняць нявызначанасць з наданнем беларусам часовай абароны ў ЗША; апрацоўваць заяўкі беларусаў на візы ў ЗША праз спецыяльныя працэдуры для «бяздомных нацыяў».


Пашпарты грамадзянаў Беларусі прапануюць прызнаваць сапраўднымі для паездак у ЗША і з ЗША, нават калі іх тэрмін дзеяння скончыўся. Калі законапраект ухваляць, то (згодна з секцыяй 14, раздзел B) дзяржаўны сакратар будзе мець 90 дзён, каб у кансультацыях з сакратаром дзяржаўнай бяспекі (то бок міністр замежных справаў у кансультацыях з міністрам унутраных справаў) распрацаваць працэс прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў. Іх маюць прызнаваць дзейнымі, пакуль дзяржаўны сакратар не зацвердзіць, што грамадзянам Беларусі ў выгнанні бяспечна вяртацца на радзіму для аднаўлення дакументаў.


Акрамя таго, у законапраекце прапануюць спраўдзіць, ці трапляюць беларусы пад дзейныя крытэры для надання статусу часовай абароны ў ЗША. Калі законапраект прымуць, сакратар дзяржаўнай бяспекі будзе мець 60 дзён, каб спраўдзіць і паведаміць, ці беларусы трапляюць пад крытэры з гэтага закону, а калі не, паведаміць, ці мае ён намер надаваць беларусам часовую абарону. У тым законе часовую абарону даюць у тым ліку грамадзянам краінаў, у якіх склаліся «экстраардынарныя і часовыя ўмовы, якія не дазваляюць грамадзянам бяспечна вярнуцца ў сваю дзяржаву».


Таксама прапануюць залучыць беларусаў у спіс «бяздомных нацыяў» (секцыя 14, раздзел А). Гэта не даслоўна асобы без вызначанага месца жыхарства, а грамадзяне краінаў, спецыяльна вызначаных Кангрэсам. Цяпер гэта эрытрэйцы, іранцы, расейцы, лівійцы, самалійцы, суданцы, паўднёвасуданцы, сірыйцы, украінцы, венесуэльцы і еменцы – але яшчэ не беларусы.


Крытэраў «бяздомнасці» народаў няма, але ёсць апісанне «бяздомнага заяўніка на візу». У Кіраўніцтве замежных справаў ёсць адмысловы раздзел 9 FAM 504.4–8(E)(1), у якім пералічаныя краіны, дзе грамадзяне могуць застацца «бяздомнымі» і дзе ЗША не маюць консульскага прадстаўніцтва або дзе сітуацыя з бяспекаю «настолькі хісткая і нявызначаная», што абмежаваны консульскі персанал не ўпаўнаважаны разглядаць заявак на візы. 


Для такіх выпадкаў апісана, што рабіць, калі заяўнік фізічна перабывае:


• у ЗША – большасці заяўнікаў, якія легальна застаюцца ў Штатах з дзейным статусам, можна падаваць заяўку на змену статусу праз Дэпартамент унутранай бяспекі згодна з гэтым законам;


• у трэцяй краіне – нават калі заяўнік там стала не жыве, але можа легальна заставацца ў гэтай краіне дастаткова доўга для разгляду заявы («час, які звычайна сыходзіць на апрацоўку заявы»), консульства можа прыняць ад яго заяву на візу;


• у роднай краіне, дзе заяўнік «бяздомны», – заяўкі апрацоўваюцца ў спецыяльна вызначаных месцах. Напрыклад, для расейцаў гэта Варшава, Алматы і Ташкент, для ўкраінцаў – Франкфурт і Варшава. 


Асобна адзначаецца (у секцыі 13), што Кангрэс ЗША мае працаваць з Еўрапейскаю камісіяй ды іншымі еўрапейскімі ўрадавымі інстытутамі, каб тыя падавалі юрыдычную дакументацыю, што дазволіць міжнародныя паездкі «адпаведным чынам правераным беларускім асобам у выгнанні, якія сутыкаюцца з рэальнаю пагрозаю пераследу ў Беларусі».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10