Дзяржаўная прапаганда нярэдка спрабуе прадставіць Беларусь аграрнай краінай. Ды поспехі ў сельскай гаспадарцы сумнеўныя: даводзіцца абмяжоўваць вываз таго, што яшчэ нядаўна выраблялі з запасам.
Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб ліцэнзаванні вывазу з краіны белакачаннай капусты, морквы, рэпчатай цыбулі, сталовых буракоў, яблыкаў. Пастанова была афіцыйна апублікаваная на Pravo.by 16 студзеня, набудзе моц праз тры дні і будзе дзейнічаць тры месяцы.
Зараз для вывазу гэтых тавараў за межы Беларусі (у тым ліку ў дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюзу) трэба будзе атрымліваць разавыя ліцэнзіі Міністэрства гандлю. Выключэнні – для гуманітарнай дапамогі і транзіту праз Беларусь. Зацікаўленым у ліцэнзіях трэба падаваць заявы ў абласныя выканкамы або Менскі гарадскі выканкам. Там правяраюць «свабодныя рэсурсы тавараў» і патрэбы вобласці або сталіцы. Калі «свабодных рэсурсаў» ёсць не менш за 80 % ад патрэбаў (для яблыкаў – не менш за 30 %), выканкамы падаюць запыт у Мінганлю.
У снежні 2024 года падобную пастанову прынялі адносна бульбы: таксама ўвялі ліцэнзаванне экспарту на тры месяцы.
Што здарылася? Белстат жа кажа, усё добра расце
Дзяржаўныя медыі па-ранейшаму прэзентуюць Беларусь як аграрную краіну: навіны з палёў – на перадавіцах газетаў і сярод галоўных тэмаў тэленавінаў. Беларусь забяспечвала сябе і бульбай, і гароднінай больш як на 100 % ад патрэбаў.
Прынамсі, гэтак было, пакуль статыстыку публікавалі. З 2022 года статыстыка сельскай гаспадаркі абмежаваная.
Ды і з абмежаванай афіцыйнай статыстыкі вынікае, што з сельскай гаспадаркай усё нібы не так кепска. Валавы збор бульбы за 2023 год – 4,02 млн тонаў. Свяжэйшых лічбаў няма. Ды 4,02 млн тонаў – гэта толькі крыху менш, чым у 2019-м (4,35 млн т), але больш, чым у 2020–22 гадах (у 2021-м было ўсяго 3,4 млн т). Валавы збор гародніны ў 2023 годзе крыху ўпаў да 2022-га: 2,8 млн т супраць 2,86 млн т. А пладоў і ягадаў тады сабралі 643 тысячы тонаў: менш за 2022-і (820 тыс. т), але больш за 2019-ы (534,7 тыс. т).
З ураджайнасцю бульбы і гародніны, калі верыць Белстату, усё нават лепш, чым было ў 2019–22 гадах, хіба ўраджайнасць пладоў і ягадаў у 2022-м была лепшай за 2023-і. А бульбы ў 2023-м збіралі ўжо 248 цэнтнераў з гектару, тады як у 2019-м – толькі 233.
Прычынаў – цэлы комплекс
Арганізацыя «BELPOL» нядаўна дзялілася здабытымі дакументамі за восень 2024 года: у беларускіх крамах не хапае харчоў: там няма яблыкаў, там бульбы на два дні…
Спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў тлумачыць «Белсату», што прычынаў адразу некалькі.
Адна з іх – пастанова восені 2022 года, якая абмежавала максімальныя нацэнкі вытворцаў на сацыяльна значныя тавары – у тым ліку на сезонную гародніну. Рашэнне нанесла моцны ўдар па прыватных фермерах. Яшчэ адна – леташняя пастанова пра рэгуляванне максімальных рознічных цэнаў.
,,«Калі мы будзем прадаваць па абмежаваных цэнах на ўнутраны рынак, гэта ўсё перальецца на расейскі рынак, дзе цэны больш высокія, – працягвае Лысянкоў. – Тут цана меншая, там большая, рынак адзіны – адпаведна, будуць перацякаць тавары».
Акрамя таго, стратнасць гаспадарак не дазваляе рабіць цэны канкурэнтаздольнымі «натуральным» шляхам. Дзяржава прымушае гаспадаркі ўцэньваць прадукцыю для ўнутранага рынку.
Ды самае вялікае пытанне – аб’ёмы вытворчасці. Хоць свежай або дэталёвай статыстыкі не публікуюць, Лысянкоў перакананы, што з лічбамі напраўду бяда.
,,«Сельская гаспадарка ў нас дэградуе, – наракае Лысянкоў. – Дэградуе апошнюю пяцігодку – дык дакладна. Нават Літва, у якой утрая меншая плошча, утрая менш людзей, у якой кліматычныя ўмовы не такія, як у нас, збожжа збірае практычна столькі ж, колькі мы».
Немалую ролю мае генетыка, тлумачыць Лысянкоў. Калі купіць супер-суперэлітны сорт насеннай бульбы на пасадку (гэта сапраўднае азначэнне класу), то першы ўраджай будзе супер-супер. Калі ж тую бульбу працягваць рэпрадукаваць, клас зніжаецца: на другі год толькі супер-эліта, на трэці проста эліта, а што пасля гэтай рэпрадукцыі, тое ўжо не падыходзіць для далейшага пасеву, бо ўраджайнасці пасля другой рэпрадукцыі амаль не застаецца.
Лысянкоў згадвае, што адной з вядучых фермерскай гаспадаркай Беларусі ў бульбе была «Сула» ў аднайменнай вёсцы Стаўбцоўскага раёну. Гэтая гаспадарка не працавала з беларускімі гатункамі, купляла еўрапейскія, нямецкія, прадавала на ўнутраны рынак супер-эліту і эліту. А праз санкцыі яны цяпер не могуць закупаць еўрапейскую насенную бульбу.
Бульба – высокатэхналагічная культура, якая вымагае сродкаў абароны раслінаў, угнаенняў, канкрэтных мікраэлементаў, каб атрымаць добры ўраджай, падкрэслівае суразмоўца. Беларусь цяпер абмежаваная ў тэхналогіях, прэпаратаў для апрацоўкі, машынах і механізмах… Нават у жывёлагадоўлі Беларусь атрымлівала семя жывёлаў пераважна з-за мяжы, сваёй селекцыі практычна няма.
,,«Як бы там ні казалі, што санкцыі не працуюць і толькі на карысць ідуць, на самой справе яны вельмі моцна працуюць і не ідуць на карысць, – кажа Лысянкоў. – Нашая сельская гаспадарка развітая толькі дзякуючы еўрапейскім тэхналогіям».
Свой «інстытут бульбы» ў Беларусі ёсць: Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводству і плодаагародніцтву. Ды Лысянкоў канстатуе, што тыя сарты бульбы, што распрацоўвае цэнтр, неканкурэнтаздольныя адносна еўрапейскіх: і паводле ўраджайнасці, і паводле ўстойлівасці да хваробаў, і паводле смакавых якасцяў. На беларускую бульбу ідзе нашмат больш выдаткаў, каб атрымаць параўнальную з еўрапейскімі ўраджайнасць.
За такі кароткі час усё магло настолькі сапсавацца? Лысянкоў упэўнена адказвае: так. Пасадзіш найлепшую бульбу – атрымаеш 500 цэнтнераў з гектару, пасадзіш першую рэпрадукцыю – 400 цэнтнераў, другую – 350… За якія-небудзь пяць гадоў можна страціць годную ўраджайнасць. А на гэта накладваецца адсутнасць належных угнаенняў і сродкаў абароны раслінаў, «на беларускіх не вырасціш». Таму і не раскрываюць усіх звестак пра ўраджайнасць і валавы збор.
Тое самае з морквай, і з цыбуляй, працягвае суразмоўца. «Аснова была імпартная», а чым больш рэпрадукцыяў, тым меншая ўраджайнасць і тым горшая генетыка. Па збожжы Беларусь яшчэ можа пратрымацца дзесяцігоддзі, кажа Лысянкоў, але ў бліжэйшы час Беларусь будзе мець праблемы з цукровымі буракамі, якія таксама даволі тэхналагічныя, не растуць якслед без належнага насення і тэхналогіяў.
Алесь Наваборскі belsat.eu