Чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання падвялі сёлетнія вынікі ў галіне. Але наколькі яны рэальныя, запыталі ў нашых экспертаў.
Прэс-канферэнцыя адбылася з нагоды прафесійнага свята, якое аграрыі адзначаць 17 лістапада. Агучаныя там лічбы выклікаюць аптымізм:
«5 мільёнаў тон цукровых буракоў – гэта рубеж акурат менавіта на цяпер».
«Мы дадалі па намалоце зерня, у цэлым намалочана з улікам рапса 10,3 млн тон».
«Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь удой на карову складзе 6 тон, 150 кілаграмаў».
Падкрэсліваць значнасць сельскай гаспадаркі для Беларусі любіць і Аляксандр Лукашэнка. Некалькі гучных заяваў на гэты конт ён зрабіў падчас абласных «Дажынак» у розных рэгіёнах краіны:
«Вашыя вынікі ў земляробстве – гэта ўклад у забеспячэнне харчовай у цэлым нацыянальнай бяспекі».
Аднак непублічныя звесткі сведчаць пра адваротную сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Ініцыятыва «BELPOL» у кастрычніку атрымала ліст Камітэту дзяржаўнага кантролю да Савету Міністраў. З дакументу вынікае, што на 18-га верасня ў Беларусі пасеялі каля 37 % ад плану азімых ды сабралі 43,5 % кукурузы. Сярод прычынаў гэтага аўтары ліста назвалі недахоп не толькі тэхнікі і кадраў, а нават насення.
,,«Тое, што сапраўды адбываецца на месцах, што адбываецца на зямлі, адлюстроўваецца ў тых дакладах, дзе іх маршрут не такі вялікі. Гэта значыць, умоўна, ад нейкіх выканкамаў да Мінска. Дзе людзі выдатна ўсведамляюць сітуацыю, але сказаць праўду Лукашэнку яны не могуць», – зазначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
А што з ураджаем бульбы? Сельскагаспадарчыя арганізацыі, паводле стану на 24-га кастрычніка, сабралі амаль 544 тысячы тонаў гэтай культуры пры запланаваных 900 тысячах тонаў. Больш актуальнай інфармацыі ведамства не апублікавала. Як няма і звестак пра ўраджай у фермерскіх гаспадарках і гаспадарках насельніцтва. Летась жа ў Беларусі агулам сабралі 4 мільёны тонаў бульбы.

Самыя аграрыі прызнаюцца, што вырошчванне гэтай культуры зрабілася стратным. У тым ліку праз дзяржаўнае рэгуляванне коштаў на бульбу. Да таго ж яе ў нашай краіне актыўна купляе Расея. Ці могуць беларусы сутыкнуцца з дэфіцытам? Бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч нейкіх цяжкасцяў з бульбай не прагназуе:
«Спажыванне бульбы ў хатніх гаспадарках – толькі каля 1 мільёна, можа, 1,2. Таму бульбы ў крамах хапае. Хутчэй можна казаць пра нейкі дэфіцыт бульбы на ежу для жывёлаў».
Аднак чаму ў сельскай гаспадарцы, якая, са словаў Лукашэнкі, запэўнівае нават нацыянальную бяспеку краіны, дагэтуль столькі хібаў?
На думку Аляксандра Кныровіча, тая іерархія, якая прадугледжвалася аўтарытарнай сістэмай, у сельскай гаспадарцы проста не працуе:
,,«Я нагадаю, што у нас адная карова дае 6 тонаў малака на год, тады калі ў нашых суседзяў – Літве ці Польшчы – без усялякага ўмяшальніцтва прэзідэнта каровы даюць 9 тон».
Чыноўнікі ж публічна ставяцца да сітуацыі ў сельскай гаспадарцы па-філасофску. На пытанне пра сёлетнія няўдачы аграрыяў міністр профільнага ведамства адказаў, што кожны дзень «у кагосьці штосьці атрымліваецца, а ў кагосьці штосьці не атрымліваецца, але над гэтым трэба працаваць».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Ірына Юр'ева, «Белсат»