У Навамаскоўску Тульскай вобласці Расеі ў выніку падзення ўночы 8 чэрвеня беспілотнікаў пачаўся пажар на хімкамбінаце «Азот». Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Дзмітрый Міляеў.
Паводле папярэдняй інфармацыі пацярпелі два чалавекі. Губернатар заявіў, што іх жыцці па-за небяспекай, узгаранне ліквідаванае.
Тэлеграм-канал «Astra» піша, што мясцовыя жыхары чулі ад пяці да васьмі выбухаў у раёне хімкамбіната. «Азот» ужо быў атакаваны беспілотнікамі 24 траўня – тады загарэўся трубаправод у адным з цэхаў і былі пашкоджаныя дзве цыстэрны з азотнай кіслатой.
Сайт «Азоту» называе яго найбуйнейшым расейскім вытворцам аміяку і азотных угнаенняў. «Astra» адзначае, што азотная кіслата актыўна выкарыстоўваецца пры вытворчасці выбуховых рэчываў.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, уночы з 7 на 8 чэрвеня расейскія СПА знішчылі і перахапілі 296 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыямі Маскоўскага рэгіёну, Бранскай, Белгародскай, Уладзімірскай, Варонежскай, Іванаўскай, Калужскай, Курскай, Арлоўскай, Разанскай, Смаленскай, Цвярской і Тульскай вобласцяў.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін цягам ночы некалькі разоў паведамляў аб беспілотніках, якія ляцелі на Маскву. Таксама ўводзіліся абмежаванні на працу аэрапортаў Унукава, Дамадзедава і аэрапорту Калугі.
Пяць траплянняў ва Украіне
У паветраных сілах Украіны заявілі, што расейскія войскі атакавалі Украіну ўночы 8 чэрвеня 49-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў, а таксама супрацькарабельнай ракетай «Оникс». Асноўнымі напрамкамі паветранага ўдару былі Харкаўшчына і Данеччына.
Станам на 09:00 супрацьпаветранай абаронай было абясшкоджана 40 варожых БПЛА. Пры гэтым у пяці лакацыях зафіксаваныя траплянні.
Нагадаем, што ўначы 7 чэрвеня расейская армія ўдарыла па Харкаве, ужыўшы беспілотнікі, авіябомбы і ракеты. Цягам гэтай ночы горад перажыў адну з самых страшных атак: усяго за паўтары гадзіны ў горадзе прагрымела больш за 40 выбухаў. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што нядаўнія атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на авіябазы ў Расеі далі Пуціну падставу для масаваных бамбардаванняў у адказ.
Якуб Хруст belsat.eu