Меркаваннi

Падобна на тое, што «бульбашы» – гэта больш не пра беларусаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям'я збірае ўраджай бульбы ў местэчку Карэлічы, Гродзенская вобласць, Беларусь. 23 верасня 2017 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям'я збірае ўраджай бульбы ў местэчку Карэлічы, Гродзенская вобласць, Беларусь. 23 верасня 2017 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Судзіце самыя. У 1970 годзе, у часы росквіту Савецкай Беларусі, ураджай «другога хлеба» (бульбы) склаў, калі верыць статыстычным органам, 13,5 млн тон. У 2023 годзе сабралі гэтага, безумоўна, каштоўнага і звыклага для нас прадукту ўсяго 4 млн тон. Апусціць ураджай у 3,4 разы(!)– гэта трэба ўмець. Відаць, што папрацавалі вялікія прафесіяналы.

Можна было б выказаць здагадку, што так адбіўся развал Савецкага Саюзу – маўляў, Гарбачоў з Ельцыным, як каларадскія жукі, знішчылі пасевы, ды так атруцілі зямлю сваімі рэформамі, што і праз 30 гадоў адгукаецца. Ды не, няўмольная статыстыка кажа нам, што пэўнае падзенне было, але і ў 2004 годзе – праз 13 гадоў пасля «найвялікшай геапалітычнай катастрофы ХХ стагоддзя» – ураджай складаў даволі важкія 9,9 млн тон, а гэта значыць што адвеснае статыстычнае пікіраванне здарылася ўжо некалькі пазней, ужо ў часы «росквіту».

Маецца тут адзін сакрэт. Справа ў тым, што ў адрозненне ад многіх іншых культур, паказчыкі менавіта па бульбе ў нас выконвае ў першую чаргу насельніцтва на сваіх прысядзібных участках. Так, зазіраючы ў святая святых – Дзяржаўную праграму «Аграбізнес», мы выяўляем, што збіраць жа планавалі 6 млн тон, але ад іх арганізацыі (калгасы і фермерскія гаспадаркі) павінны былі наскрэбці 1,2 млн, а ўсё астатняе – гэта асабістыя прысядзібныя гаспадаркі.

Ды аб няўдзячным насельніцтве мы пагаворым крыху пазней, а вось арганізацыі – яны «дзяржзаданне» адказна выканалі? Не-а. Больш за тое, і не збіраліся!

Прагнозны ўраджай гэтага года павінен скласці 0,9 млн тон, і нават у гэтай лічбе закладзены вельмі і вельмі вялікі аптымізм. Ёсць пакуль некаторыя сумневы ў дасягненні нават гэтай сціплай лічбы. Нагадаю, яна на чвэрць ніжэй задуманага, нягледзячы на тое, што сродкі на паказаную стратэгічную дзяржпраграму выдзеленыя і, напэўна, паспяхова выдаткаваныя.

Адкуль у мяне такія сумневы? І на гэтае пытанне ёсць такі ж нескладаны адказ.

Дзяржаўнае рэгуляванне закупачных цэн зрабіла вырошчванне бульбы нявыгадным. Даражэюць паліва, угнаенні, працоўная сіла, а кошт на бульбу падвысіць нельга, вось і скарачаюць пасяўныя плошчы гаспадаркі, урачыста «забіваючы болт» на даведзеныя да іх кіраўніцтвам паказчыкі.

А што насельніцтва? Яно таксама эканамічным ідыятызмам не пакутуе. Аднак сітуацыя крыху больш складаная.

Задаўшы сабе пытанне «Колькі ж бульбы ядуць беларусы?», мы можам атрымаць два вельмі розных адказы. Так, Белстат паведамляе: 56 кг у год на чалавека, або 150 г на дзень. Аднак Інстытут сістэмных даследаванняў АПК НАН выдае зусім іншую лічбу, у тры разы большую! Акадэмікі налічылі 161 кг на душу насельніцтва. Узрадаваў гэтым насельніцтва, якое аб’елася бульбай, сайт «БелТА», таму не верыць гэтаму няма ніякіх прычын, але... Падзяліўшы названыя кілаграмы на колькасць дзён на год, атрымаем паўнаважкія 440 г на кожнага. І на дзіця, і на пенсіянера, і на модную кабетку, якая зусім не спажывае бульбачку, «таму што там чысты крухмал».

Гэта, вядома, азначае, што (па версіі акадэмікаў) дзесьці ёсць цэлыя паселішчы, дзе мужыкі сядзяць на бульбяной дыеце, спажываюць яе і на сняданак, і на абед, і яшчэ перад сном наярваюць. Аднак пакінем гэтыя ненавуковыя развагі профільным спецыялістам – ім за гэта, урэшце, грошы плоцяць. Для нас жа важна, што 56 кг азначаюць 0,5 млн тон у год на ўсіх, на ўсю краіну, а 161 кг, адпаведна – 1,5 млн.

,,

Куды ж сыходзілі астатнія мільёны, калі з'есці больш нават па версіі Акадэміі навук немагчыма, а ў экспарце дадзенага прадукту мы не вельмі моцныя? Усё проста – на корм. Каму? У першую чаргу – свінням.


Так, сапраўды гэтак жа, як беларускі ўраджай збожжавых на 80% ідзе на корм жывёле, так і адпаведная доля бульбы ішла ў тым жа кірунку. І скарачэнне ўраджаю з амаль 10 млн да 4 млн адлюстроўвае скарачэнне пагалоўя быдла ў Беларусі.

Прынамсі, іншага тлумачэння няма, калі не меркаваць выкарыстанне бульбы для вырабу самагонкі ў нейкіх касмічных маштабах. Насельніцтва ў правінцыі, вядома ж, п'е, але ёсць жа проста фізічныя межы!

І зазіраючы ў той раздзел дзяржстатыстыкі, дзе адлюстроўваецца наяўнасць быдла, мы толькі за перыяд 2014–2020 гадоў выяўляем падзенне пагалоўя быдла (кароў і свіней) фактычна ў два разы. Што цалкам пацвярджае маю тэорыю.

Рэзюмэ? Не родзіць зямля, адмаўляецца. І не толькі бульбу. Кукуруза ў нас, нягледзячы на сцверджанні самога «шляхетнага кукурузавода» (маўляў, толькі на 20% адстаем ад Захаду) мае ўраджайнасць на 25% ніжэйшую, чым ва Украіне, і фактычна ў два разы ніжэйшую, чым у ЗША. Збожжавыя? Таксама па-здрадніцку выдаюць паказчыкі на чвэрць ніжэйшыя (у цэнтнерах на га), чым у Літве. Быццам спецыяльна.

Ці сабатаж нейкі ўжо занадта адкрыты, не знаходзіце? Ды з бульбай, кукурузай і пшаніцай разбярэмся як-небудзь, а вось з дзецьмі што рабіць будзем? Дакладней, з іх матулямі і татамі? У 2023 годзе ў Беларусі было 7,0 нованароджаных на 1000 насельніцтва, у Літве – 9,3. На 30% больш. А вы кажаце, «бульбашы».

belsat.eu / МВ

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
апошнія
Item 1 of 10