Белстат апублікаваў вынікі вонкавага гандлю таварамі за два месяцы года: экспарт скараціўся на 8,3 %, імпарт вырас на 1,6 %. Розніца паміж прададзеным за мяжою і прывезеным у краіну перавысіла $ 1 млрд.
У студзені – лютым Беларусь праела на вонкавым гандлі таварамі $ 1,023 млрд. За два месяцы летась сальда таксама было стратным, але істотна меншым: $ 395 млн.
Экспарт беларускіх тавараў упаў на 8,3 %, пры гэтым імпартнага краіна купіла на 1,6 % больш.
Гандаль з краінамі СНД (амаль усё тут – супраца з Расеяй) застаецца прыбытковым для Беларусі, аднак дае ўсе менш валюты: летась быў $ 261 млн, цяпер – $ 101 млн. Скараціўся і экспарт, і імпарт: на 4,3 % і 0,6 % адпаведна.
А вось у гандлі з астатнім светам зусім няма чым ганарыцца. «Далёкая дуга» купіла беларускіх тавараў на 16,1 % менш, чымся летась, затое імпартнага адтуль мы завезлі на 4,8 % больш.
Пра пагрозу сціскання галоўнага рынку збыту беларускіх тавараў – расейскага – даўно папярэджвалі незалежныя эканамісты. Справа ў тым, што Цэнтрабанк суседняй краіны пастанавіў змагацца з высокай інфляцыяй з дапамогаю жорсткай грашовай палітыкі, а не штучным стрымліваннем цэнаў, як у нас. Пабочны эфект дзеянняў Банку Расеі – запавольванне попыту, а калі попыт змяншаецца, то змяншаецца на ўсё, у тым ліку на імпарт. Адпаведна, і беларускай прадукцыі ў ранейшых аб'ёмах не патрабуецца.
Да таго ж, імаверна, не развязваюцца праблемы з экспартам гэтак званых стратэгічных тавараў – нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.
«На жаль, дакладнай статыстыкі няма, але, хутчэй за ўсё, там дынаміка не досыць добрая, таму што калі б яна была прывабная, мелі б іншыя лічбы экспарту», – казаў «Белсату» месяц таму эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук.
Гандлем з Расеяй надоечы заклапаціўся і Аляксандр Лукашэнка. «У Расею ў нас таварны экспарт ніжэй за мінулы год. Гэта насцярожвае вельмі сур'ёзна. У нас багата пытанняў, якія патрэбна развязваць, каб не праваліць вынікаў года», – заявіў палітык 18 сакавіка на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.
Адначасова ўлады падштурхоўваюць эканоміку, заробкі растуць, аб'ёмы крэдытавання не зніжаюцца, спажывецкі попыт застаецца перагрэтым – і ў гэтых умовах рост імпарту цалкам натуральны.
Эканаміст Крук не выключаў, што калі сітуацыя ў вонкавым гандлі «цалкам стане напружанаю», улады пачнуць штучна абмяжоўваць імпарт. «Чыноўнікі вельмі любяць з ім змагацца дырэктыўныя чынам», – падкрэсліваў аналітык.
Сцяпан Кубік belsat.eu