навіны

Продаж беларускіх цяжкавікоў МАЗ у Расею абваліўся на 41 %

Грузавік МАЗ. Фота: samosval.maz.ru.com
Грузавік МАЗ. Фота: samosval.maz.ru.com
podpis źródła zdjęcia

На расейскім рынку назіраецца істотнае скарачэнне продажу грузавых аўтамабіляў. Пра гэта сведчаць звесткі «Автостат Инфо». Падзенне закранае шмат якія кампаніі – як расейскія, гэтак і замежныя, у тым ліку беларускія.

Аб'ём рынку цяжкавікоў у траўні 2025 года скараціўся на 25 % у параўнанні з красавіком – з 4985 да 3728 адзінак. Адносна траўня 2024 года зніжэнне яшчэ больш значнае: мінус 61 % (з 9548 да 3728 адзінак).

Найбольшыя страты прыпалі на сегмент іншамарак – продажы імпартных грузавікоў знізіліся на 73 % (з 6364 да 1720). Продажы расейскіх мадэляў скараціліся на 37 % – з 3184 да 2008 адзінак.

За студзень – травень 2025 года ў Расеі было рэалізавана 25 316 новых цяжкавікоў – гэта на 50 % менш, чым за аналагічны перыяд 2024 года (50 572 адзінкі).

У лідараў рынку – расейскіх КАМАЗу і ГАЗу – продажы скараціліся на 34 % і 39 % адпаведна. На трэцім месцы кітайскі «Sitrak», ягоныя продажы ўпалі на 72 %. У топ-5 таксама ўвайшлі беларускі МАЗ (266 адзінак, -41 %) і кітайская «FAW» (-76 %).

Продаж аўтобусаў МАЗ вырас

Абваліліся ў Расеі і продажы новых аўтобусаў. У траўні падзенне склала 32 % адносна красавіка пасля росту ў сакавіку і красавіку. У гадавым параўнанні продажы ўпалі на 51 % – з 1308 да 642 аўтобусаў. Продажы тэхнікі расейскіх марак за месяц знізіліся на 51 %, іншамарак – на 50 %.

За студзень – травень у Расеі было рэалізавана 3571 новых аўтобусаў, гэта на 59 % менш, чым за той жа перыяд 2024 года (8789 адзінак).

Лідарам аўтобуснага рынку ў траўні застаўся ПАЗ, які прадаў 286 аўтобусаў (-51 %). На другім месцы – кітайскі «Yutong» (-48 %). Замыкае тройку ЛіАЗ – (-57 %). У топ-5 таксама ўвайшлі беларускі МАЗ, які прадаў 43 аўтобусы (рост у 5 разоў адносна траўня 2024 года) і «Higer» (-26 %).

Беларускія аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца, асабліва часта – у Расеі. Чарговы такі выпадак адбыўся 23 сакавіка 2025 года ў Кіраўскай вобласці РФ.

Прадстаўнік камітэту транспарту адміністрацыі расейскага Санкт-Пецярбургу Валянцін Енакаеў расказаў, што ў горадзе выявілі магчымыя прычыны пажараў у аўтобусах. Іх нібыта дзве: кароткае замыканне і прылада гідрапрываду радыятара. Але галоўная прычына ў тым, што кампанаванне аўтобусаў шмат гадоў не мянялася, а патрэбы змяніліся.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10