Аналітыка

З галоўных пакупнікоў застаўся толькі Кітай: як Беларусь гандлюе каліем

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя загружаюць калійныя ўгнаенні, імпартаваныя з Беларусі дзяржаўнай кампаніяй Sino-Agri, з карабля ў порце Яньтай (Yantai) у правінцыі Шань-Дун (Shandong), Кітай.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя загружаюць калійныя ўгнаенні, імпартаваныя з Беларусі дзяржаўнай кампаніяй Sino-Agri, з карабля ў порце Яньтай (Yantai) у правінцыі Шань-Дун (Shandong), Кітай. 9 сакавіка 2022 года. Фота: Tang Ke / Future Publishing via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Калійныя ўгнаенні заўсёды былі адным з тавараў, што прыносіў больш за ўсё грошай Беларусі. Аднак пасля ўвядзення заходніх санкцыяў супраць беларускай калійкі ўлады хаваюць статыстыку. «Белсат» паглядзеў, як ідзе гандаль з краінамі, што традыцыйна былі найбуйнейшымі пакупнікамі беларускага калію.

Паводле Белстату, у 2020 годзе Беларусь экспартавала калійных угнаенняў на $ 2,41 млрд, у той час як усяго тавараў за мяжу ў тым годзе было прададзена на $ 28,3 млрд. Пасля ўвядзення заходніх санкцыяў на беларускі калій летам 2021 года і перакрыцця Клайпеды для беларускіх грузаў сітуацыя змянілася.


Найбольш буйнымі пакупнікамі беларускага калію раней былі Бразілія, Кітай і Індыя. Напрыклад, у 2020 годзе Бразілія заплаціла Беларусі за калій больш за ўсіх (21,6 % ад усіх грашовых паступленняў з продажу калійных угнаенняў), Кітай – 13,2 %, а Індыя – 12 %. ЕЗ не быў найбуйнейшым партнёрам Беларусі, калі гаворка ідзе пра калій, аднак яго ўнёсак таксама быў прыкметны – разам доля краінаў ЕЗ у грашовых паступленнях Беларусі ад калію склала каля 8 %. Такія звесткі Белстат паказваў да закрыцця статыстыкі.


Цяпер Беларусь не можа пахваліцца тым, што ўсё гэтак жа ўдала супрацоўнічае з названымі краінамі, за выключэннем Кітая.


Трэба адзначыць, што звесткі Белстату і статыстычных ведамстваў іншых краінаў могуць адрознівацца праз час адпраўкі тавару і яго атрымання ў краіне прызначэння. Напрыклад, адная і тая ж партыя можа быць залічаная ў розныя гады, калі продаж быў напрыканцы года.


Кітай


Паводле звестак кітайскай мытні, у 2024 годзе Беларусь прадала калійных угнаенняў у Кітай на $ 843 млн. Гэта ў 2,5 разу больш, чым у 2020 годзе ($ 334 млн). Аднак пік паставак быў у 2023 годзе – на $ 1 млрд 458 млн. Як распавяла Белсату экспертка BEROC Анастасія Лузгіна, падзенне ў 2024 годзе звязанае са зніжэннем коштаў на калій у свеце.


У студзені – лютым 2025 года Беларусь ужо паспела прадаць у Кітай калійных угнаенняў на $ 138 млн, аднак яна аказалася за гэты перыяд трэцім паводле велічыні пастаўніком калію ў Кітай. На першым месцы Расея ($ 227 млн), а на другім – Канада ($ 143 млн).


Хоць у апошнія гады Беларусь і нарасціла пастаўкі ў Кітай, канкурэнты таксама не здавалі сваіх пазіцыяў.


Бразілія


Паводле звестак бразільскага статыстычнага ведамства, у гэтую краіну Беларусь не прадавала калій у студзені – лютым 2025 года. А пастаўкі за мінулы год крыху не дацягнулі да $ 45 млн. Гэта амаль у 12 разоў менш, чым сума калійнага экспарту ў 2020 годзе ($534 млн).


Для Бразіліі такое зніжэнне наўрад ці праблема – Расея і Канада стабільна пастаўляюць вялікія аб'ёмы калію.


Індыя


Паводле статыстычнага ведамства Індыі, Беларусь не пастаўляла туды калійныя ўгнаенні ў 2023 – 2024 гадах. Аднак продажы калію ў Індыю нарасціла Расея. Таксама буйным пастаўніком для Індыі выступае Ізраіль. З 2022 года з'явіліся пастаўкі з Туркменістану, якія ў 2024 годзе склалі $ 98 млн, што прыкладна палова беларускіх продажаў калію ў Індыю ў 2020 годзе.


Еўрапейскі Звяз


Паводле звестак Еўрастату, у 2020 годзе Беларусь прадала ў ЕЗ калійных угнаенняў на € 180 млн, а ў 2021 годзе – на € 276 млн. У 2024 годзе паставак зусім не было, а ў 2023 годзе – усяго на € 176.


Найбольш буйнымі пакупнікамі беларускіх калійных угнаенняў у ЕЗ раней былі Польшча, Бельгія і Італія.


Пры гэтым продажы калію ў ЕЗ нарасціла Канада ў апошнія гады, а таксама Расея патроху аднаўляе продажы пасля зніжэння 2022 года. У 2024 годзе Расея паставіла калію ў ЕЗ на € 145 млн. Палова гэтай сумы прыпала на Польшчу.


Такім чынам, паводле звестак гандлёвых партнёраў Беларусі, пастаўкі беларускага калію ў Кітай, Бразілію, Індыю і ЕЗ у 2020 годзе склалі каля $ 1 млрд 232 млн. У 2024 годзе гэтая лічба скарацілася да $ 843 млн і цалкам прыйшлася на Кітай.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10