Колькасць ахвяр жудаснай страляніны, якая адбылася 10 чэрвеня ў аўстрыйскім Грацы, дасягнула 11 чалавек.
Паводле аўстрыйскіх СМІ, увечары ў аўторак у лякарні памерла жанчына, якая атрымала цяжкія раненні, піша выданне «ВВС» са спасылкай на агенцтва AFP.
Трагедыя адбылася ў аўторак каля дзесятай гадзіны раніцы па мясцовым часе. На месцы былі застрэлены дзевяць чалавек – шэсць жанчын і трое мужчын. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Аўстрыі Герхард Карнер падчас прэс-канферэнцыі. У выніку інцыдэнту яшчэ як мінімум 12 чалавек былі параненыя.
Як удакладнілі медыкі, двое знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ пяцёра сур’ёзна пацярпелі. Паводле «BBC», дакладная колькасць загінулых дзяцей сярод ахвяр пакуль не вядомая.
Па інфармацыі следчых, страляніну адкрыў 21-гадовы мясцовы жыхар, які калісьці сам вучыўся ў гэтай школе, але не скончыў яе. Пасля нападу ён забарыкадаваўся ў школьнай прыбіральні і там скончыў жыццё самагубствам.
Імя нападніка паліцыя пакуль не агучвае, але вядома, што ён легальна валодаў зброяй – у яго была ліцэнзія. У прыбіральні знайшлі пісталет і стрэльбу, гэта сведчыць аб тым, што ён страляў з абодвух відаў зброі.
Праваахоўнікі паведамляюць, што раней нападнік не прыцягваўся да адказнасці і не трапляў у поле зроку паліцыі. Што стала прычынай нападу, дагэтуль дакладна не вядома – следства толькі пачалося, і афіцыйныя асобы пакуль устрымліваюцца ад высноў адносна ягоных матываў.
Раман Шавель belsat.eu