За першы 21 месяц поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў шпіталях Гомля і Хойнікаў прайшлі ляченне 898 расейскіх вайскоўцаў і байцоў Расгвардыі, сярод якіх удзельнікі аперацыі па захопу Кіева ў пачатку ўварвання, а таксама верагодныя забойцы мірных жыхароў. Журналісты БРЦ сумесна з праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы», расейскай службай «Радыё Свабода», пры падтрыманні супольнасці ўкраінскіх хакераў «KibOrg» даведаліся гэтую лічбу, а таксама верыфікавалі нападнікаў.
Журналісты атрымалі доступ да ўнутранай базы Мінабароны Расеі са звесткамі пра сотні параненых расейскіх вайскоўцаў, якія праходзілі лячэнне ў Беларусі падчас расейскага нападу на Украіну. Там апынуліся звесткі пра байцоў элітных падраздзяленняў, пра ўдзел якіх у агрэсіі не было дакументальнага пацверджання.
Гаворка пра байцоў 16-й асобнай гвардзейскай брыгады спецыяльнага прызначэння ГРУ. Былі падазрэнні, што менавіта яны бралі пад кантроль Чарнобыльскую АЭС у пачатку ўварвання ва Украіну, але доказаў гэтаму не было. Таксама журналісты знайшлі інфармацыю пра байцоў цэнтру спецыяльнага прызначэння «Кубінка-2», якія бралі ўдзел у захопе Крыму ў 2014 годзе.
«Нядаўна былі афіцыйны заявы [расейскага боку. – Заўв. рэд.], нібы не было мэты “браць Кіеў за 3 дні”. Улічваючы, што ў аперацыі ўдзельнічалі элітныя байцы, усё паказвае на тое, што яны планавалі ў вельмі сціслы тэрмін узяць менавіта Кіеў, – расказаў «Белсату» кіраўнік аддзелу расследаванняў БРЦ Максім Саўчук. – Мы верыфікавалі і ўзмацнілі доказы таго, што пскоўскія дэсантнікі былі дакладна на тэрыторыі Бучы».
«Жорстка раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй»
Працаўнікам беларускіх шпіталяў забаранялі распавядаць пра незвычайных пацыентаў. На ўмовах ананімнасці былы супрацоўнік адной з медычных установаў Гомельскай вобласці паведаміў, яе гэта адбывалася:
,,«Вельмі жорстка табе, як гэта сказаць, раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй ні з кім і ні пра што. Бо можаш пацярпець і ты, і твая сям’я».
Журналісты высветлілі, што адзін з пацыентаў – Раман Зязін, які ўдзельнічаў у нападзе на Украіну з беларускай тэрыторыі 24 лютага 2022 года. Зянін паступіў з раненнем твару і адкрытым пераломам ніжняй сківіцы, вынікае з дакументаў Мінабароны Расеі.
Ён сам распавёў пра тыя падзеі расейскаму тэлеканалу «Звезда»:
«Мы вырушылі непасрэдна ў прыгарад і сам горад Гастомель, дзе я атрымаў раненне. І быў эвакуяваны».
Калі ў пачатку поўнамаштабнай агрэсіі на подступах да Кіева была разбітая чарговая расейская калона, 68 расейскіх параненых амапаўцаў апынуліся ў медустановах Гомлю.
БРЦ зверыў гэтыя звесткі з дакументамі расейскіх вайскоўцаў, якія знайшлі мясцовыя жыхары ва Украіне. Такім чынам стала вядома, што адным з пацыентаў быў старшы лейтэнант паліцыі Аляксей Артамонаў, які атрымаў тры аскепкавыя раненні і пералом. Яшчэ адзін – старшы сяржант паліцыі Іван Дзюканаў, якога даставілі з чэрапна-мазгавой траўмай і ўдарам. Ва Украіне знайшлі яго пасведчанне расгвардзейца.
Андрэй Леонаў паступіў у гомельскі шпіталь 6 сакавіка з чэрапна-мазгавой траўмай і кантузіяй. Ягонае пасведчанне расгвардзейца знайшлі ў Гастомелі. Там жа – камандзіровачнае пасведчанне старшага сяржанта паліцыі Андрэя Хітрова.
Расстрэл мірных жыхароў, якія спрабавалі ўратавацца

Падчас таго, як расейцы адступалі, яны расстрэльвалі мірных жыхароў, якія спрабавалі выехаць з Гастомеля ў бок Кіева. Паводле ўкраінскай пракуратуры, байцы трох падраздзяленняў расейскага АМАПу, якія выжылі, забілі 11 цывільных.
У гомельскім шпіталі праходзілі лячэнне трое амапаўцаў з Краснаярска. Гэта Ілля Чуракаў, які атрымаў аскепкавае раненне акурат у дзень масавага забойства цывільных. Двое іншых – гэта Сяргей Цапкоў і Дзяніс Каткоў.
Таксама журналісты верыфікавалі каля 70 чалавек з падраздзяленняў, што знаходзіліся ўздоўж Жытомірскай трасы і абстрэльвалі цывільных, якія спрабавалі ехаць па ёй, каб уратавацца ад баявых дзеянняў.
Там знаходзіліся вайсковыя падраздзяленні з Бураціі – 5-я танкавая і 37-я мотастралковая брыгады. Двое расейцаў адтуль – Мунко-Жаргал Жалмаеў і Зорык Зыгбін – прыбылі ў Гомель 9 сакавіка 2022 года. Таксама 25 сакавіка з мінава-выбуховай траўмай у Гомель паступіў Дзмітрый Цярэнцьеў. Усе трое служылі ў вайсковай частцы №46108 з Улан-Удэ.
«Мы абышліся гуманна»

БРЦ сумесна з праектам «Схемы», удалося дэананімізаваць аднаго з магчымых удзельнікаў забойстваў у Бучы – Аляксандра Квітко з пазыўным «Шкіпер», камандзіра 6-й роты пскоўскіх дэсантнікаў. Ён паступіў у гомельскі шпіталь 28 сакавіка 2022 года з аскепкавымі раненнямі шыі, рукі, галёнкі і ягадзіцы.
Паводле звестак праекту «Схемы», Квітко знаходзіўся па адрасе вуліца Яблонская, 144 у Бучы, дзе трымалі мясцовых чальцоў тэрытарыяльнай абароны перад іх расстрэлам. Гэта журналістам пацвердзіла мясцовая жыхарка, якая пазнала яго па фотаздымку.
Акрамя таго, Квітко можа быць датычны да забойства пенсіянеркі Аллы Мінаевай, чыё цела знайшлі ў яе ўласным доме. Пра гэта журналістам «Радыё Свабода» паведамілі ў галоўным следчым упраўленні Нацпаліцыі Украіны.
,,«У ходзе расследавання намі быў устаноўлены факт, які сведчыць аб тым, што Аляксандр Квітко быў асведамлены пра здзяйсненне забойства Алы Мінаевай. Гэта адбылося праз тое, што цывільныя асобы, якія да гэтага аказвалі дапамогу згаданай бабулі, падышлі да яго, да Аляксандра Квітко, і спыталі, ці могуць схадзіць да яе, каб надаць ёй адпаведныя прадукты харчавання і неабходную дапамогу. На што Аляксандр Квітко растлумачыў ім, што больш няма патрэбы ісці да бабулі, бо яны абышліся з ёй гуманна», – распавёў старшы следчы па асабліва важных справах Іван Дулкай.
Журналісты спрабавалі атрымаць каментар у Аляксандра Квітко, але на званкі і паведамленні ён не адказаў.
«Страта нейтральнага статусу»
Юрыстка Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека (RCHR) Кацярына Рашэўская распавяла, што нейтральная дзяржава можа надаваць медычную дапамогу аднаму з бакоў канфлікту. Гэта замацавана ў жэнеўскай «Канвенцыі аб паляпшэнні лёсу параненых і хворых у дзеючых арміях» і не лічыцца ўдзелам у вайне. Аднак экспертка лічыць, што ў Беларусі нейтральнага статусу ўсё ж няма, улічваючы іншую падтрымку расейскай агрэсіі.
«Лячэнне расейскіх вайскоўцаў варта кваліфікаваць як частку ўсеагульнай падтрымкі вайны і страту нейтральнага статусу. Гэта мае значэнне пры далейшым разглядзе спраў аб саўдзеле і садзейнічанні ў здзяйсненні злачыннай агрэсіі асобнымі беларускімі высокапасадовымі службовымі асобамі, а таксама пры вырашэнні пытання адказнасці Беларусі як дзяржавы за міжнароднае супрацьпраўнае дзеянне», – заключыла Кацярына Рашэўская.
Арсен Рудэнка belsat.eu