У студзені беларускі імпарт перавысіў экспарт на $ 235 млн. Эканаміст Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату» прычыны дэфіцыту і канстатаваў: як сітуацыя не зменіцца, давядзецца прасіць грошай у Масквы.
«Ганарыцца няма чым», – сказаў эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, каментуючы «Белсату» вынікі вонкавага гандлю Беларусі ў сёлетнім студзені.
Паводле Нацбанку, экспарт год да года знізіўся на 7,7 %, а імпарт вырас на 2,7 %. Традыцыйна ўсё сапсуюць тавары: пастаўкі за мяжу абрынуліся на 11,4 %, а вось імпартнага завезлі ў краіну на 1 % болей. Дэфіцыт гандлю таварамі перавысіў $ 452 млн, хаця ў студзені летась быў $ 81 млн.
У паслугах становішча лепей: экспарт павялічыўся на 8,6 %, імпарт – на 14,9 %, дадатнае сальда склала $ 217 млн (у студзені мінулага года – $ 226 млн).
Крук заўважыў, што вынікі студзеня – не паказальныя, бо ў першы месяц года вонкавы гандаль заўсёды «штарміць», гэта натуральная сезонная з'ява:
«Калі ж ачысціць ад гэтай сезоннасці, то тое, што мы бачым у студзені, гэта амаль тое самае, што было апошнія два-тры месяцы 2024 года. То бок хваліцца тут абсалютна няма чым. Сярэднетэрміновая тэндэнцыя тармажэння і нават прасядання экспарту застаецца. І калі мы паглядзім на сённяшні экспарт у доларавым вымярэнні, то ён ніжэйшы недзе на 10 % у параўнанні з пікамі сярэдзіны мінулага года».
Паводле ацэнак адмыслоўцы, беларускі экспарт, які прыносіць краіне валюту, зазнаў стагнацыю:
,,«Галоўная прычына, думаю, – вось той ахалоджаны попыт у Расеі, і гэта досыць натуральна, таму што манетарная палітыка ў Расеі празмерна жорсткая. І гэта пачало даваць свае вынікі. Другая маштабная група прычынаў – тое, што звязана з так званымі стратэгічнымі таварамі, з нафтапрадуктамі і калійнымі ўгнаеннямі. На жаль, дакладнай статыстыкі няма, але, хутчэй за ўсё, там дынаміка не досыць добрая, таму што калі б яна была прывабная, мелі б іншыя лічбы экспарту».
І калі экспарт ужо каторы месяц перажывае не лепшыя часы, імпарт застаецца блізкім да сваіх максімумаў.
«І вось гэта выліваецца ў тое, што сальда вонкавага гандлю ўжо больш за паўгода ва ўстойлівым дэфіцыце», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».
Да росту імпарту і, адпаведна, вымывання валюты, наўпрост спрычыніліся ўлады, тлумачыць Крук:
«Залішні попыт у перагрэтай эканоміцы. Эканоміку абсалютна свядома нашпігавалі ўсімі магчымымі стымуламі, адпаведна, спажывецкі ды інвестыцыйны попыт досыць высокі. Гэта праява таго, што эканоміку спрабуюць штучна падштурхоўваць, каб яна дэманстравала большы рост. Ну і адпаведна, мы бачым ужо больш за паўгода гэтае пагаршэнне знешнегандлёвага сальда, якое стала выклікам для беларускай эканомікі».
Летась выратавалі беларусы, якія з сваіх запасаў кампенсавалі дэфіцыт вонкавага гандлю, прадаўшы валюты на $ 1,7 млрд болей, чым купіўшы.
«Але гэта паступова будзе змяняцца, ужо бачныя ў статыстыцы сігналы, што гэты канал прапановы з боку людзей паступова ахалоджваецца. Я бачу яшчэ ў яго пэўны патэнцыял, але паступова гэтая тэндэнцыя, калі людзі прадаюць больш валюты, чым купляюць, будзе як мінімум аслабляцца», – мяркуе эксперт.
І калі валютны ручаёк ад беларусаў перасохне, ва ўладаў паўстанне пытанне, дзе ўзяць грошы. Некалі на «варожым» Захадзе можна было пазычыць, і пад добры адсотак, цяпер жа гэтая крыніца недаступная:
,,«Давядзецца скарыстацца тым, чым раней заўжды карысталіся, але апошнія гады трошкі прызабыліся. Я маю на ўвазе зноў пайсці з працягнутай рукою да Расеі і сказаць: дайце новых грошай. Пакуль апошнія гады базаваліся на тым, што не новых грошай прасілі, а адкладалі старыя пазыкі. Вось такімі тэмпамі хутка прыйдзецца прасіць новыя грошы».
Сцяпан Кубік belsat.eu