Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расеі Аляксеем Беспразванным выказаўся наконт працоўных мігрантаў у Беларусі, адначасова прызнаўшы і дэфіцыт кадраў, і нізкую прадукцыйнасць працы.
Кіраўнік краіны адзначыў, што з улікам дэфіцыту працоўных рэсурсаў у Беларусь пачалі прыязджаць людзі з іншых рэгіёнаў свету. Прычынаў такога дэфіцыту – напрыклад, масавыя рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных выбараў і саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны – ён не назваў. Але прызнаў, што беларусам такі прыезд мігрантаў не падабаецца і выклікаў «пэўную рэакцыю ў грамадстве».
Таксама Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што беларуская эканоміка моцна адстае ад эканомік краінаў суседняга Еўрапейскага Звязу (прадукцыйнасць працы «у тры-пяць разоў» ніжэйшая) і не можа з імі нармальна канкураваць.
,,«Таму што калі мы не будзем канкурэнтныя з Еўрапейскім Звязам, нам няма чаго там рабіць, асабліва Калінінграду і Беларусі», – заявіў ён.
150 тысячаў пакістанцаў пакуль што не прыехалі, аднак і без іх на вуліцах нашых гарадоў стала гэтак шмат людзей з азіяцкіх і афрыканскіх краінаў, што тое ўжо заўважна, кажуць беларусы. Шмат хто з замежнікаў працуе – прыбіральнікамі, дворнікамі, кладзе плітку, ёсць афіцыянты і нават лекары і медсёстры. «Белсат» адшукаў працоўныя агенцтвы ў Пакістане, Індыі, Нігерыі і іншых краінах, якія клічуць на працу ў Беларусь.
Якуб Хруст belsat.eu