Міністэрства ўнутраных справаў прыбрала са свайго сайту магчымасць правярання сябе на наяўнасць забароны выезду з Беларусі.
Раней у асабістым кабінеце на сайце МУС у раздзеле фізічных асобаў можна было праверыць нявыплачаныя штрафы ДАІ і абмежаванні на выезд з Беларусі.
Цяпер такой магчымасці няма, заўважыла «Медыязона». Але беларусы ўсё яшчэ могуць праверыць, ці ёсць абмежаванне на выезд з Беларусі — пры асабістым звароце ў аддзел у справах грамадзянства і міграцыі РУУС паводле месца рэгістрацыі ці фактычнага пражывання.
Падставы, паводле якіх чалавек можа атрымаць такую забарону, пералічаныя ў артыкуле 7 закону № 49-З «Аб парадку выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь».
Пад такія абмежаванні трапляюць у тым ліку беларусы, якія ўхіляюцца ад вайсковага абавязку, фігуруюць у крымінальных справах, пастаўленыя на ўлік у органах дзяржбяспекі, перабываюць пад прэвентыўным наглядам, маюць маёмасныя і падатковыя абавязанні.
Тэса Анэйда / belsat.eu