Беларускі таксовец Васіль (імя змененае), якога пасажыры тры месяцы таму абразілі і збілі ў Варшаве, прыняўшы за ўкраінца, дамогся амаль немагчымага.
Васіль пацвердзіў выданню «Most», што атрымаў з пракуратуры ліст пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце гвалту на падставе ксенафобіі.
У лісце паведамляецца, што пракуратура Варшавы пачала расследаванне паводле артыкулу 119 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Гвалт праз матывы нацыянальнай прыналежнасці»). За такое злачынства прадугледжанае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, нападнікі, імаверна, панясуць адказнасць за пашкоджанне маёмасці – аўтамабіля – і нанясенне шкоды здароўю, апавёў беларускі таксовец.
Раней мы пісалі падрабязна пра гэты выпадак. 3 студзеня польскія пасажыры таксоўкі напалі на кіроўцу з Беларусі. Падчас інцыдэнту нападнікі называлі Васіля ўкраінцам і зычылі яму «памерці на вайне». Рэгістратара ў салоне не было, але мужчына паспеў уключыць запіс на тэлефоне і звярнуўся ў фонд «Ponad podziałami», дзе яму дапамаглі скласці заяву наконт злачынства ў паліцыю і хадайніцтва аб прыцягненні тых, хто нападаў, да адказнасці.
Але тады было няясна, як будуць трактаваныя паводзіны пасажыраў. Падчас апытання ў мужчыны цікавіліся, напрыклад, чаму ён абразіўся, калі фразы пасажыраў датычылі ўкраінцаў, а не беларусаў.
Тым не менш у канчатковым выніку дзеянні пасажыраў класіфікаваліся менавіта як гвалт праз матывы нацыянальнай прыналежнасці. Асобы нападнікаў ужо выяўленыя, іхную долю вызначаць пракуратура і суд.
Тэса Анэйда belsat.eu