Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) надалей мяркуе, што Расея не зацікаўленая ў змястоўных перамовах з Украінай і, вельмі верагодна, стварае інфармацыйныя ўмовы для зацягвання або, магчыма, пашырэння вайны.
У ISW нагадалі, што прэзідэнт ЗША Доналд Трамп даў зразумець 6 чэрвеня, што можа зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі. Аднак, заяўляюць у Інстытуце вывучэння вайны, «любое ўзмацненне эканамічнага ціску на Расею хоць і ёсць станоўчым палітычным развіццём, само па сабе недастатковае, каб прымусіць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоваў ці змяніць тэорыю перамогі Пуціна».
,,«Працяг заходняй вайсковай дапамогі Украіне застаецца ключавым фактарам для ажыццяўлення кампаніі ціску на Расею, якая можа прымусіць Пуціна перагледзець сваю тэорыю перамогі», – мяркуюць у ISW.
На думку аналітыкаў, тэорыя перамогі Пуціна заснаваная на здагадцы, што расейскія вайскоўцы могуць падтрымліваць паўзучыя наступы на полі бою даўжэй, чымся ўкраінскія сілы могуць абараняць, і даўжэй, чымся Захад гатовы падтрымліваць Украіну. А таму, кажуць у ISW, «дасягненне міру ва Украіне, прымальнага для інтарэсаў ЗША, патрабуе сталых расейскіх стратаў на полі бою або значнай расейскай няўдачы».
Аналітыкі заяўляюць, што заходняя вайсковая дапамога Украіне павінна быць такою, каб дазволіць украінскім войскам лепш абараняць свае пазіцыі, запаволіць расейскі наступ і нанесці яшчэ больш сур'ёзныя страты расейскім вайскоўцам.
,,«Больш высокія і яшчэ больш няўстойлівыя паказнікі стратаў Расеі на полі бою, асабліва калі яны неадпаведныя тэрытарыяльным набыткам, што тыя прыносяць, паставілі б пад пагрозу намаганні Пуціна на ўраўнаважванне «масла і гарматаў» і захаванне ўнутранага падтрымання», – кажуць у ISW.
Нагадаем: у Нямеччыне мяркуюць, што маюць толькі тры гады, каб закупіцца зброяй для адбіцця атакі Расеі. Паводле ўнутранага аналізу Бундэсвэру, РФ можа быць здольная атакаваць краіну NATO і справакаваць надзвычайную сітуацыю ў альянсе ў 2029-м. Але для закупаў зброі засталося яшчэ менш часу, бо жаўнерам яшчэ трэба будзе патрэнавацца з новым абсталяваннем.
Якуб Хруст belsat.eu