Мігель Урыбэ Турбай, сенатар ад апазіцыйнай правай партыі «Дэмакратычны цэнтр» і кандыдат на прэзідэнцтва Калумбіі, стаўся ахвяраю нападу ўдзень 7 чэрвеня (паводле мясцовага часу) у сталіцы краіны, Багаце. Пра гэта паведамляе «El País».
Палітык прысутнічаў на перадвыбарным мітынгу, калі ў яго стрэлілі. На відэа трапілі кадры, калі падчас выступу сенатара перад публікаю з трыбуны раздаюцца некалькі стрэлаў, і Мігель Урыбэ Турбай падае. Таксама апублікаваныя кадры затрымання нападніка – 15-гадовага хлопца з пісталетам.
Аперацыя палітыка прайшла паспяхова. Пра гэта паведамілі ягоная сям'я і прэс-служба каля 1:00, аднак сенатар застаецца ў крытычным стане. Астатнія тры асобы, якія пацярпелі ў выніку нападу, нападнік і двое мінакоў, моцна не пацярпелі.
Прэзідэнт Калумбіі Густава Пэтра назваў замах «правалам ураду, дзяржавы, усёй нацыі». Ён настойваў на тым, што хоча знайсці арганізатара злачынства, «дзе б ён ні быў». Пры гэтым раскрытыкаваў словы дзяржаўнага сакратара ЗША Маркаў Руб’ёў пра тое, што за нападам на Урыбэ стаяла «левая рыторыка, якая зыходзіць з найвышэйшых эшалонаў улады».
Затрыманы падлетак на відэа, апублікаваным пасля арышту, сказаў, што гатовы назваць тых, хто заплаціў яму за ўчыненне нападу. Міністр абароны Калумбіі Пэдра Санчэс абвясціў, што ўрад прапануе да 3 мільярдаў пэсаў (прыкладна 750 тысяч долараў ЗША) за інфармацыю, якая дапаможа ідэнтыфікаваць і затрымаць тых, хто стаіць за нападам.
Міністр абароны таксама загадаў узмацніць захады бяспекі для кандыдатаў на прэзідэнцтва.
Кляўд'я Тарасона, жонка параненага сенатара, заявіла, што «цяпер Мігель змагаецца за жыццё». Яна заклікала прасіць «Бога скіраваць рукі дактароў, якія яго лекуюць».
Мігель Урыбэ Турбай нарадзіўся ў Багаце ў 1986 годзе ў адной з самых вядомых семʼяў у калумбійскай палітыцы і медыях. Ягоную маці Д'яну Турбай выкрала ў 1990-м банда наркабарона Паблё Эскабара і забіла ў наступным годзе. Ягоны дзед – былы прэзідэнт Калумбіі Хульё Сэсар Турбай Аяля.
Урыбэ Турбай пачаў палітычную карʼеру ў 2012 годзе, будучы абраным ад Ліберальнай партыі свайго дзеда ў парламент Багаты. За чатыры гады на пасадзе вылучыўся як адзін з самых вядомых крытыкаў тагачаснага мэра і цяперашняга прэзідэнта Густава Пэтра.
Нагадаем, што 9 жніўня 2023 года ў сталіцы Эквадору, Кіта, застрэлілі кандыдата на прэзідэнта Фэрнанда Віллявісэнсьё. Група невядомых тройчы стрэліла ў галаву палітыку. Медыкі канстатавалі ягоную смерць.
Якуб Хруст belsat.eu