Беларусы Грузіі працягваюць сутыкацца з цяжкасцямі. Марына Зялёная – чэмпіёнка свету па тайскім боксе – ужо больш за два гады жыве ў Тбілісі, куды ўцякла ад пераследу на радзіме. Марына падала прашэнне аб прытулку ў Грузіі і на час працэдуры ў яе забралі пашпарт. Надоечы жанчыне спатрэбілася аплаціць судовы збор. Банкі адмовіліся праводзіць плацеж паводле пасведчання просьбіта прытулку. Беларуска не пагадзілася з сітуацыяй і выклікала паліцыю, каб яны зафіксавалі парушэнне ейных правоў.
«Кола замкнулася»
Марына Зялёная падала прашэнне аб міжнароднай абароне ў Грузіі на пачатку 2024 года, калі скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта ў ейнага сына. Першая інстанцыя – Дэпартамент міграцыі – адмовіла беларусцы разам з дзіцём у прытулку. Прычына – прызнанне іх абаіх з боку Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі (СДБ) пагрозай нацыянальнай бяспецы.
,,«Гэта смешна гучыць, што мы з сынам – пагроза бяспецы, але як ёсць, – кажа Марына. – Я, вядома, пайшла ў суд, каб абскардзіць адмову. І я хацела, каб на паседжанне прыйшлі супрацоўнікі СДБ ды паглядзелі на тое, якую мы ўяўляем небяспеку для краіны. Але яны ніяк не рэагавалі. Тады я звярнулася да іх з прапановай адмяніць рашэнне. А гэта можна рабіць толькі праз суд, за які мне і трэба было заплаціць дзяржаўны збор».
У Марыны ёсць рахунак у адным з грузінскіх банкаў, але аплаціць збор можна толькі праз адзін з галоўных банкаў – «Bank of Georgia» ці TBC. Дзеля гэтага трэба зарэгістравацца ў банкаўскай сістэме. Аднак абодва банкі адмовіліся гэта зрабіць паводле пасведчання просьбіта прытулку, а ў беларускі патрабавалі пашпарт, які ў просьбітаў прытулку паводле закону забіраюць. Вярнуць пашпарт для рэгістрацыі ў банку немагчыма.
«Кола замкнулася. У банку TBC мне пачалі рэгістрацыю і ветліва прапанавалі пачакаць тыдзень. Я папрасіла паскорыць працэс, і мне паабяцалі даць адказ у найбліжэйшыя тэрміны. Я пайшла ў суседні "Bank of Georgia", але там мне адмовілі ў самым пачатку. Сказалі, што нават не могуць пачаць працэсу паводле гэтага дакументу», – распавядае Марына.
Пасля выкліку паліцыі правялі плацеж і адкрылі рахунак
Беларуска спрабавала размаўляць са службай падтрымання, аднак там ёй таксама сказалі, што нічога нельга зрабіць. Тады жанчына папрасіла, каб ёй далі пісьмовую адмову, аднак і на гэта ёй сказалі, што не змогуць даць такога дакументу.
,,«Калі я прайшла ўсе спосабы дамовіцца, я выклікала паліцыю, каб яны склалі пратакол аб парушэнні майго права здзейсніць бюджэтны плацеж і зафіксавалі гэты інцыдэнт. І вы не паверыце – на наступны дзень мне патэлефанавала ветлівая жанчына са службы падтрымання кліентаў "Bank of Georgia" і мяне зарэгістравалі ў сістэме з магчымасцю аплочваць зборы ў суд», – кажа Марына.
Аналагічна Марыну зарэгістравалі ў банку TBC. Жанчына таксама дамаглася, каб ёй адкрылі рахунак у гэтым банку. У абодвух выпадках беларуска тлумачыла банкаўскім працаўнікам, што такое пасведчанне просьбіта прытулку і чаму паводле яго яна мае права адкрываць рахункі, праводзіць плацяжы і карыстацца іншымі паслугамі.

Цяпер засталося дачакацца прызначэння даты судовага паседжання, што, на думку беларускі, можа быць не так хутка, як хацелася б. Па-першае, таму што беларускія кейсы грузінам даводзіцца даволі глыбока вывучаць, бо беларусы прыкладаюць шмат дакументаў, у тым ліку міжнародныя даклады і справаздачы. Па-другое, Марына мяркуе, што такія нязручныя для грузінаў кейсы, як ейны, будуць зацягвацца ў чаканні «змянення сітуацыі, калі ўжо нічога не трэба будзе вырашаць».
Беларуска таксама чакае, калі Тбіліскі гарадскі суд прызначыць паседжанне ў ейнай асноўнай справе – скарзе на адмову ў міжнароднай абароне. Марына ўжо прайшла тры інтэрв’ю. Звычайна бывае толькі два, але жанчына зрабілася чальцом Каардынацыйнай рады, што азначала дадатковыя абставіны ў кейсе.
Беларусы прызвычаіліся, што чыноўнік ведае лепш
Спартоўка кажа, што калі распавядае сваю гісторыю перамогі ў спрэчцы з банкамі, то чуе ў адказ ад беларусаў, як ім сорамна адстойваць свае правы, у тым ліку ў банкаўскай сферы, бо ім здаецца, што калі хтосьці забараняе ці адмаўляе, то так і ёсць паводле закону. А шмат у якіх выпадках гэта не так.
«У Грузіі было шмат скандалаў, калі праз банкі праводзіліся расейскія грошы, таму ўся сістэма вельмі насцярожаная цяпер, як той трус, галінка хрусне – і ён бяжыць. Мне здаецца, што яны нас баяцца нават больш, чым мы іх, таму трэба не саромецца, а адстойваць свае правы. Пасведчанне просьбіта міжнароднай абароны новы для банкаўскай сферы дакумент, а бюракратыя вельмі непаваротлівая. А мы, беларусы, прызвычаіліся, што калі чыноўнік кажа нам «не», то ён ведае, а гэта не заўсёды так. Трэба чытаць законы, ведаць, што дазволена з тым ці іншым дакументам, і ў выпадку неабходнасці адстойваць свае правы ў рамках закону краіны», – кажа Марына.

Марына Зялёная вядомая тым, што разам з праваабаронцам Раманам Кісляком неаднойчы выходзіла ў Тбілісі на пікеты, каб прыцягнуць увагу да праблемаў і парушэнняў правоў беларусаў у Грузіі. Жанчына кажа, што адстойваць сябе і іншых беларусаў яе падштурхоўвае сын.
«Мяне падтрымлівае ў маіх рашэннях і дзеяннях тое, што я – маці, і ў мяне за спінай ёсць чалавек, які пакуль зусім не ўмее адстойваць свае правы, і я іх адстойваю за дваіх, таму даводзіцца быць удвая больш упартай і смелай. Па-другое, мне здаецца, гэта чыста беларуская гісторыя, калі любое сутыкненне з дзяржавай траўматычнае. А дзяржава павінна быць на службе ў грамадзяніна і выконваць закон, а закон мусіць быць лагічным і паслядоўным. Хоць на дадзены момант усю грузінскую сістэму штарміць, але ў даволі вялікім аб’ёме захоўваюцца правы і свабоды. І выклікаць паліцыю, каб зафіксаваць парушэнне сваіх правоў, – гэта права, а не прывілей», – кажа жанчына.
«Змагаюся, бо няма сілаў зноў з’язджаць»
Яшчэ адна крыніца сілаў на барацьбу – у тым, што сілаў няма якраз на новы пераезд і асіміляцыю ў новай краіне.
,,«Я застаюся ў Грузіі, бо мне тут падабаецца, мне пасуе гэты клімат, я люблю мясцовых жыхароў. А яшчэ – у мяне няма сілаў зноў з’язджаць, ехаць у тую ж Польшчу і там праходзіць яшчэ раз шлях асіміляцыі. Таму гэтая барацьба не столькі таму, што ў мяне ёсць сілы, а наадварот. І падобная гісторыя шмат у якіх беларусаў. Ёсць і тыя, якія вырашылі жыць нелегальна – яны пайшлі на гэты рызыкоўны крок, бо настолькі моцна траўмаваныя ўзаемадачыненнямі з уладамі ў Беларусі», – кажа спартоўка.
Тым не менш беларусы Грузіі рыхтуюцца да пагаршэння становішча ўцекачоў. 1 верасня можа быць прыняты новы міграцыйны закон, праз які даволі шмат беларусаў могуць займець праблемы.
«Напрыклад, людзі, якія своечасова не ўвайшлі ў працэдуры атрымання абароны, будуць лічыцца парушальнікамі, магчыма, да іх будуць ужываць працэдуру выдварэння. А беларусы, у якіх скончыліся пашпарты, у асабліва ўразлівым становішчы. Але мы гатовыя больш інтэнсіўна падтрымліваць беларусаў Грузіі і звяртаць увагу на тое, што адбываецца з іхнымі правамі», – тлумачыць Марына.
«Падвешаныя» трэнаванні для палітвязняў
А ў чаканні суда і рыхтаванні да новага этапу барацьбы за свае правы Марына Зялёная працягвае праводзіць у Тбілісі заняткі па тайскім боксе і трэнаванні для ўсіх ахвочых на адкрытым паветры.
«Двойчы на тыдзень мы збіраемся на спартовых пляцоўках Тбілісі. Гэта сацыяльны праект, бо ў трэнаванняў няма вызначанага кошту – яна за данат. Такім чынам я пашыраю магчымасці ўцекачоў, якія ў першы час больш сканцэнтраваныя на працы, аплаце жытла, ежы. У такой сітуацыі часта спорт, адпачынак, камфортная камунікацыя, клопат пра здароўе адыходзяць на другі план. Мне б хацелася палепшыць якасць жыцця такім людзям, таму я і вяду гэты праект. Спорт збліжае і паніжае пачуццё трывогі, і тады людзі могуць рабіць больш у эміграцыі. Таму для мяне гэта важна», – кажа Марына.

У планах спартоўкі – інклюзіўныя трэнаванні для людзей з асаблівымі патрэбамі. Акрамя таго, у Марыны ёсць некалькі «падвешаных» заняткаў для беларускіх палітвязняў, якія пасля вызвалення выехалі ў Грузію. Трэнаванні загадзя аплацілі сябры Марыны з блоку ў КР – адмыслова для людзей, пацярпелых ад катаванняў у Беларусі. Калі гэта вы і цяпер знаходзіцеся ў Тбілісі – звяртайцеся да гераіні нашага матэрыялу.
Беларусы ў Грузіі: крыху статыстыкі
Станам на 1 студзеня 2025 года ў Грузіі жылі 12 808 беларусаў. З 2021 года ў краіну прыехалі 20 952 асобы, выехалі – 8144. Цягам 2023–2024 гадоў колькасць грамадзянаў Беларусі ў Грузіі зменшылася больш чым на тысячу чалавек.
За апошнія пяць гадоў, з 2019 да 2024 года, грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага прашэння ад беларусаў аб наданні прытулку. Таксама за гэты час адбылося некалькі выпадкаў, калі беларусаў не пускалі ў краіну пасля візарану.
Паводле звестак грузінскага МУС, у першым квартале 2025 года Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне 13 беларусам, у тым ліку двум няпоўнагадовым. Агульная колькасць адмоваў з 2019 года – 69, з іх 15 чалавек – няпоўнагадовыя.
Нядаўна ж грузінскі ўрад абвясціў маштабныя змяненні міграцыйнага заканадаўства краіны. Цяпер уладам будзе прасцей дэпартаваць замежнікаў. Падставамі могуць быць у тым ліку дробнае хуліганства, непадпарадкаванне паліцыі, знявага службовай асобы, удзел у несанкцыянаваных акцыях.
Акрамя дэпартацыі, замежніку могуць забараніць прыязджаць у Грузію на тэрмін ад 2 да 20 гадоў ці пажыццёва.
Дэпартаваць замежнікаў змогуць нават пры легальным перабыванні ў краіне і наяўнасці віду на жыхарства.
Ганна Ганчар belsat.eu