У ноч з 7 на 8 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшоў магутны навальнічны фронт. Падрабязнасці гэтага распавялі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў і арганізацыі «Менскэнерга».
Паводле МНС, парывы навальнічнага фронту дасягалі 23 м/с. Ад гэтага пацярпелі шэсць населеных пунктаў у чатырох раёнах Берасцейскай вобласці і ў адным раёне Менскай, у якіх пашкоджаныя дахі 22 жылых дамоў. Зафіксаваныя 36 выпадкаў падзення дрэваў (27 – у Берасцейскай, сем – у Менскай, два – у Магілёўскай вобласці), у выніку чаго пашкоджаны адзін аўтамабіль у Ганцавіцкім раёне Берасцейшчыны. Пацярпелых няма.
У «Менскэнерга» ў сваю чаргу заявілі, што ад наступстваў непагадзі найбольш пацярпела Меншчына, у прыватнасці, Пухавіцкі, Слуцкі, Маладзечанскі і Мядзельскі раёны. Праз падзенне галля і дрэваў на лініі электраперадачы парушэнні электразабеспячэння былі зафіксаваныя ў 112 населеных пунктах Менскай вобласці.
Працы для аднаўлення электрычнасці ў 48 населеных пунктах працягваліся станам на 09:00 8 чэрвеня.
Навальніцы ў Беларусі чакаюцца і надалей. Удзень 8 чэрвеня на паўднёвым усходзе краіны пры навальніцах месцамі моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с, максімальная тэмпература паветра дасягне 30 градусаў Цэльсія.
У ноч на 9 чэрвеня па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с. На поўначы і ў Менску чакаюцца моцныя дажджы. Раніцай і ўдзень 9 чэрвеня ў шмат якіх раёнах краіны і ў сталіцы чакаецца ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с.
Якуб Хруст belsat.eu