Чыноўнікі анансавалі новую сістэму рэгулявання коштаў, хаця і цяперашняя, як яны запэўніваюць, «даказала сваю эфектыўнасць», усе прыстасаваліся і «агулам ніхто не згалеў і з рынку не сышоў». Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч у размове з «Белсатам» назваў гэта хлуснёю, а жаданне стрымліваць цэны – «убогім савецкім поглядам на эканоміку».
«Дзеючая сістэма цэнаўтварэння даказала сваю эфектыўнасць. Мы маем кіруемую інфляцыю, мы дамагліся таго, што пры ўсім цэнавым рэгуляванні паліца ў краме мае шырокі асартымент тавараў і не зазналі тых праблемаў, што нам прадказвалі, што будзе напалову пустая паліца», – заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.
Ён запэўніў, што да рэгулявання ўжо ўсе прыстасаваліся, прадпрыемствы працуюць «даволі эфектыўна», захоўваюць узровень рэнтабельнасці, хаця, імаверна, «і не такі высокі, які хацелася б некаторым»:
,,«Аднак агулам ніхто не згалеў і з рынку збольшага не сышоў, акрамя нядобрасумленных і непатрэбных пасярэднікаў. Вось насамрэч тыя, каго ўдалося прыбраць з рынку, – гэта пасярэдніцкія звёны. Шмат якія гандлёвыя арганізацыі сталі працаваць наўпрост з вытворцамі або імпарцёрамі, выключаючы залішнія звёны, што, натуральна, знізіла кошт многіх тавараў».
Бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка мае сабраць нараду, прысвечаную новай сістэме рэгулявання коштаў. Раней ён неаднойчы падкрэсліваў, што цэны мусяць быць справядлівымі, каб не было такога, што сёння атрымаў заробак, а заўтра ўжо нічога не купіш, бо падаражэла.
Міністр Багданаў анансаваў, што новыя правілы, як і раней, будуць датычыць і імпарцёраў, і вытворцаў, і гуртавога гандалю, і раздробнага. Улады плануюць расцягнуцца ў шпагаце, каб і інфляцыю стрымаць, і не даць памерці кампаніям:
«Неабходна захаваць выкананне прагнозу інфляцыі. Калі мы будзем маляваць сабе пэўны параметр і намагацца да яго ісці без рэгулявання, мы можам атрымаць тое, што ў нас інфляцыя будзе вылятаць за вызначаныя параметры. І другая частка важная – тое, што неабходна будзе забяспечваць належны ўзровень рэнтабельнасці для ўсіх: і для вытворцаў, і для гандлёвага звяна».
«Міністр Багданаў хлусіць», – з гэтых словаў каментар «Белсату» пачаў прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч. Ён упэўнены, што аніякай эфектыўнасці ад рэгулявання коштаў няма, бо і без гэткага кантролю незалежныя эканамісты прагназавалі інфляцыю летась у 8 %:
,,«Тое, што яны дамагліся інфляцыі ў 5–6 %, не з'яўляецца нейкім надзвычай высокім дасягненнем. Больш за тое, гэтыя 2 % яны забралі ў прадпрыемстваў. Паводле балансаў найперш гандлёвых прадпрыемстваў бачна, як пагаршаліся іхныя вынікі. Некаторыя гандлёвыя сеткі збанкрутавалі, некаторыя сышлі з рынку. Такім чынам, таварыш Багданаў вызваляе месца для замежных – расейскіх – прадпрымальнікаў».
Менавіта бізнес стаўся закладнікам папулісцкай захады ўладаў штучна стрымліваць цэны. Прадпрыемствам не дазваляюць павышаць кошты, нягледзячы на рост выдаткаў, напрыклад, на тыя ж заробкі, што летась раслі шалёнымі тэмпамі.
У выніку, паводле звестак Белстату, у кампаніяў расце сабекошт прададзеных тавараў і паслугаў, а вось чысты прыбытак і рэнтабельнасць – падаюць.
Адным з доказаў таго, што дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў толькі шкодзіць, Кныровіч назваў сітуацыю з бульбаю. У снежні ўрад забараніў на тры месяцы вывозіць яе з краіны без ліцэнзіі:
«Гэта вялікае „дасягненне“. Дзякуючы рэгуляванню коштаў вытворчасць бульбы скарацілася настолькі, што паўстала пытанне аб забароне экспарту, і найперш у Расею, іначай у нас не застанецца для сябе праз такую вялікую розніцу ў цане. Вытворчасць бульбы стала нявыгаднаю, прадпрыемствы нясуць страты».
Бізнесовец мяркуе, што за словы пра «эфектыўнасць рэгулявання коштаў» фермеры, якія вырошчваюць бульбу, «маглі б Багданава зацягнуць некуды за кут і начысціць морду».

Дарэчы, кіраўнік МАРГу ў інтэрв'ю прапагандыстам падкрэсліў, што рэгуляванне цэнаў – не беларуская прыдумка, вось і ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах забаранілі падаражэнне дзевяці таварных групаў, хаця «падавалася б, у рыначнай краіне».
Як піша «Khaleej Times», абмежаванне ў ААЭ ўвялі для алею, яек, малочных прадуктаў, рысу, цукру, мяса птушкі, бабовых, хлеба і пшаніцы. Раздробныя сеткі могуць павышаць цэны на гэтыя харчы раз на паўгода. У іншых выпадках патрабуецца браць дазвол.
Адначасова выданне адзначае, што цэны на іншыя тавары «падпарадкоўваюцца правілам попыту і прапановы, а таксама іншым рынкавым механізмам».
Пры гэтым міністр Багданаў не згадаў, напрыклад, польскі досвед, дзе з лютага 2022 года да красавіка летась быў нулявым падатак на дададзеную вартасць на галоўныя харчовыя прадукты, каб яны былі дзешавейшыя ў крамах. Так урад суседняй краіны змагаўся з высокай інфляцыяй – з тым жа, з чым змагаюцца цяпер у Беларусі. Толькі ў Польшчы дзяржава ўзяла выдаткі на сябе, а ў нас улады гэты цяжар пераклалі на прадпрыемствы.
Кныровіч дадае: на Захадзе, што «загнівае», і без рэгулявання цэнаў інфляцыя істотна меншая за беларускую.
,,«Задайце сабе пытанне, чаму ў ЕЗ інфляцыя 2,7 %, у ЗША – 2,4 % без рэгулявання коштаў ад Багданава. Не трэба рэгуляваць кошты, яны самі сабою супакоіліся б. У нас быў выбух 2022 года, натуральна, звязаны з пачаткам вайны, але потым усё супакоілася б. Рынак сам бы ўсё адрэгуляваў найлепшым чынам».
Разважаючы пра намаганні беларускіх уладаў забяспечыць «належны ўзровень рэнтабельнасці» прадпрыемстваў, суразмоўца «Белсату» падкрэслівае: універсальнага паказніку не існуе, розным кампаніям пасуе розны вынік. Напрыклад, для буйнога вытворцы малака хопіць 7–8 %, але толькі ў ідэальных умовах: пры ўстойлівым рынку, пры вялікай долі на ім, пры адсутнасці якіх-кольвек пагрозаў для бізнесу.
«Але гэта мы бяром сферычнага каня ў вакууме. Свет бізнесу складаны. У спробе зрабіць сацыялістычную сістэму нармаванай рэнтабельнасці яе немагчыма палічыць. Менавіта на гэтым разбураюцца сістэмы кшталту Савецкага саюзу. Вы намагаецеся ўсё спрагназаваць, зарэгуляваць, але праз гэта ў вас з'яўляецца дэфіцыт, з'яўляюцца спекулянты. Спробу адрэгуляваць акіян бізнесу, акіян эканомікі заведама чакае правал», – упэўнены Аляксандр Кныровіч.
Што датычыць «справядлівага цэнаўтварэння», то такога паняцця проста не існуе, канстатуе суразмоўца «Белсату». Аднак калі і ўявіць сабе, што нешта такое ўлады прыдумаюць, то гэта паставіць крыж на інавацыях. Выпуск новага прадукту – заўсёды дорага і рызыкоўна. Вытворцы закладаюць гэта ў кошт, каб «адбіць» выдаткі і падстрахавацца на выпадак няўдачы. Падобна, дзяржава не будзе звяртаць на гэта ўвагі і скажа: «Не-не, аніякіх нацэнак».
,,«А гэта азначае, што прадпрыемства адкажа: „Ну, усё зразумела. Не трэба нам. Навошта? Не будзем мы выпускаць аніякую інавацыйную прадукцыю. Будзем выпускаць старую, з якой усё добра“. Спробы нармалізаваць нейкую справядлівасць – убогі савецкі погляд на эканоміку. Гэта дрымучасць».
Паводле Белстату, у лістападзе гадавая інфляцыя склала 5,5 % пры прагнозе не больш за 6 % у 2024-м. Харчы год да года падаражэлі на 6,7 %, нехарчовыя тавары – на 3,7 %, паслугі – на 5,8 %.
Пры гэтым індэкс аліўе ад «Белсату» засведчыў, што кошт самага папулярнага навагодняга салату ў краіне аказаўся істотна вышэйшым за афіцыйную інфляцыю. Прадукты, неабходныя для стравы, падаражэлі за год на 9,47 %.
Найбольш у цане летась выраслі кансерваваны гарошак (на 21,3 %), бульба (19,1 %) і маянэз (10,5 %). Пры гэтым морква патаннела на 21,3 %.
Сцяпан Кубік belsat.eu