Даследчы цэнтр BEROC прагназуе, што ў наступным годзе эканоміка агулам і заробкі ў прыватнасці будуць расці істотна павольней, чымся сёлета, а цэны, наадварот, – шпарчэй. Чаму так?
Эканамісты BEROC падрыхтавалі макраэканамічны прагноз для Беларусі на 2025 год. Ідзецца пра базавы сцэнар пры адсутнасці шокаў. Напрыклад, новых санкцыяў не будзе, а калі і будуць, то неэфектыўныя; не разбурацца існыя лагістычныя ланцужкі экспарту і імпарту; дзяржава змякчыць рэгуляванне цэнаў; Расея працягне фінансавае падтрыманне.
Эксперты падлічылі, што сёлета ВУП вырасце ў Беларусі на 3,9 %, а налета – толькі на 1,7 %. Рост эканомікі пачаў запавольвацца ўжо ў другім паўгоддзі 2024-га.
Паводле адмыслоўцаў, галоўны лакаматыў, што цягне эканоміку ўгару, – спажывецкі попыт – хоць і будзе ехаць павольней, але ўсё ж даволі хутка, бо крэдыты застануцца прывабнымі. Акрамя таго, улады плануюць істотна павялічыць інвестыцыі, у тым ліку дырэктыўным шляхам, таму эканоміка застанецца перагрэтаю і будзе, як і раней, падтрымоўваць збытны попыт.
Гірамі на нагах ВУПу павісне Расея, а дакладней, чаканае сцісканне тамтэйшага рынку. Цэнтрабанк суседняй краіны змагаецца з інфляцыяй, павышаючы ключавую стаўку. Пабочны эфект гэтага – змяншэнне попыту, у тым ліку вонкавага, у тым ліку на беларускія тавары.
Акрамя таго, рост эканомікі будуць стрымліваць старыя хваробы: дэфіцыт працоўных рук, нястача вытворчых магутнасцяў, складаная лагістыка, нявызначанасць праз пагрозу новых санкцыяў.
У 2026 годзе рост ВУПу запаволіцца яшчэ, прагназуюць эксперты, і складзе 0–1 %.
Пры гэтым рэальныя заробкі (з улікам інфляцыі і падаткаў) працягнуць расці налета, але не так шпарка. Замест сёлетніх 13 % прагназуецца 5 %, а ў 2026-м – дык наагул толькі 1,3 %.
,,«Рынак працы працягне функцыянаваць у стане дэфіцыту работнікаў. Нястача кадраў будзе штурхаць заробкі да росту. Павелічэнне выдаткаў дзяржбюджэту дадаткова падтрымае прыбыткі насельніцтва. Пры гэтым магчымасці фірмаў у павышэнні заробкаў з'яўляюцца абмежаванымі».
Прадпрыемствы, паколькі грошай не друкуюць, будуць атрымоўваць менш грошай праз зніжэнне паставак у Расею, дзе чакаецца ўжо згаданае сцісканне попыту. Таму і рост заробкаў запаволіцца. Аналітыкі BEROC палічылі, што налета сярэдні памер намінальнай заработнай платы складзе каля Br 2 537, а ў 2026-м – Br 2 777.
Паводле Белстату, у студзені – лістападзе сярэдні налічаны заробак склаў Br 2 233,9. Рэальны заробак год да года вырас на 12,9 %.

А вось цэны будуць расці шпарчэй, адзначаецца ў прагнозе. Справа ў тым, што дзяржава штучна стрымлівае інфляцыю, і нават калі на цэнніку ў краме гэта незаўважна, насамрэч кошты растуць. Гэта можна параўнаць з вадою, што кіпіць у рондалі: праз дзіркі ў покрыўцы пар крыху выходзіць, але ціск унутры толькі павышаецца. Эканамісты называюць гэта інфляцыйным навесам.
Кошты растуць, бо ў прадпрыемстваў павялічваюцца выдаткі, напрыклад, на тыя ж заробкі, аднак з увагі на ўмяшанне дзяржавы гэта не можа выліцца ў рост цэнаў для спажыўца. Пры гэтым варта не забываць, што ў хуткім часе ўрад мае стварыць новую сістэму рэгулявання, і, падобна, зусім цэны не адпусцяць, але дазволяць пэўнае павелічэнне.
Да таго ж інфляцыю ў Беларусі будзе штурхаць інфляцыя ў Расеі. Гэта толькі адно з таго, за што даводзіцца расплачвацца праз такую шчыльную прывязку да галоўнага партнёра.
Плюс на цэны будзе ціснуць спажывецкі попыт, што застанецца высокім, а таксама складаная лагістыка паставак, якая вымагае большых выдаткаў.
Асобна пад ударам акажуцца цэны на харчы, адаб'ецца слабы ўраджай бульбы і невысокі збор збожжа і гародніны, папярэджваюць аўтары прагнозу BEROC.
Калі сёлета гадавая інфляцыя складзе 5,4 %, то налета паскорыцца да 7,6 %.
У лістападзе, паводле Белстату, цэны год да года выраслі на 5,5 %.
Чакаць, што рэзка зменяцца стаўкі крэдытаў і дэпазітаў, не выпадае – яны застануцца на ўзроўні, блізкім да нейтральнага. Пазычыць грошы можна будзе ў сярэднім пад 11,9 % замест сёлетніх 10,6 %. Стаўкі новых тэрміновых дэпазітаў у рублях вырастуць з цяперашніх 7,5 % да 10,1 %.
Курс рубля, паводле прагнозу, зазнае ціск праз праблемы з вонкавым гандлем. Галоўнаму рынку збыту – расейскаму – спатрэбіцца менш беларускіх тавараў, і нават калі ўдасца хутка знайсці замену, павялічыць аб'ёмы вытворчасці будзе цяжка: і без таго прамысловасць працуе амаль на максімуме магчымасцяў.
Імпартнага пры гэтым працягнуць везці багата, бо беларусы, як чакаецца, попыт не знізяць. Эканамісты робяць выснову, што вонкавы гандаль сыдзе ў мінус.
Такім чынам, у чацвёртым квартале 2025 года рубель знізіцца да кошыку валютаў на 4–6 % год да года. Сярэдні курс долара складзе Br 3,55 пры ўмове, што ў Расеі за адзін долар будуць даваць 103 рубля. Курс валютаў у Беларусі моцна залежыць ад усходняй суседкі – гэта таксама расплата за моцную прывязку да яе.
Аналітыкі BEROC пры гэтым папярэджваюць, што прагноз можа не спраўдзіцца праз вялікую колькасць рызыкаў. Нельга нават выключаць паўтарэння крызісу 2014 года, калі эканоміку таксама разганялі, а ў Расеі пачаліся праблемы з увагі на падзенне коштаў на нафту і санкцыі за анексію Крыму.
,,«Калі ўнутраная эканамічная палітыка будзе заставацца празмерна мяккай доўгі час, а попыт у Расеі рэзка аслабне, то павысіцца імавернасць жорсткай пасадкі эканомікі: моцнага спаду выпуску, спалучанага са стратаю дабрабыту грамадзянаў».
,,«Татальная залежнасць ад Расеі зніжае ўстойлівасць беларускай эканомікі да моцных шокаў і павышае рызыкі нечаканых збояў. Нельга быць упэўненым ва ўстойлівасці росту ВУПу Расеі і, адпаведна, попыту на беларускія тавары, а таксама забяспечвання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці ў сярэднетэрміновай перспектыве».
Раней макраэканамічны прагноз для Беларусі апублікаваў Еўразійскі банк развіцця. Аналітыкі арганізацыі чакаюць росту ВУПу налета ў 2,6 %, а інфляцыі – у 6,6 %.
Самыя аптымістычныя прагнозы – ва ўладаў: эканоміка вырасце на 4,1 %, рэальныя прыбыткі беларусаў – на 4 %, а інфляцыя не перавысіць 5 %.
Дарэчы, у студзені – кастрычніку рэальныя прыбыткі (тут усё: і заробкі, і пенсіі, стыпендыі, і грашовая дапамога – і з улікам інфляцыі) выраслі на 9,5 % год да года. Такім чынам, нават улады не чакаюць, што налета беларусы будуць багацець гэтак жа бадзёра, як сёлета.
Сцяпан Кубік belsat.eu