Аналітыка

Эканамічныя вынікі года: усё выратаваў спажывецкі бум беларусаў

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Попыт хатніх гаспадарак стаўся сёлета галоўным лакаматывам эканомікі: беларусы багацелі і, шчаслівыя, учынілі спажывецкі «хапун». Пра гэта на семінары даследчага цэнтру BEROC паведаміў эканаміст Дзмітрый Крук. Ён назваў рост заробкаў у гэтым годзе велічэзным і растлумачыў, як да гэтага спрычыніліся беларусы, якія выехалі з краіны.

Адыходзячы год прынёс нямала сюрпрызаў, канстатаваў эканаміст Дзмітрый Крук на семінары даследчага цэнтру BEROC, прысвечаным вынікам 2024-га і прагнозам на 2025-ы:

,,

«Першая палова характарызавалася рэзкім паскарэннем выпуску, і гэта супярэчыла чаканням некаторых экспертаў. Мы былі здзіўленыя. У другім паўгоддзі, наадварот, адбылося сур'ёзнае запавольванне, зноў жа насуперак чаканням, што меліся».


І хаця эканоміка Беларусі дасягнула сёлета свайго піку, у параўнанні з краінамі Цэнтральнай Еўропы і Балтыі мы дасюль істотна бядней. Наш ВУП на душу насельніцтва ў парытэце пакупной здольнасці складае толькі 66 % ад сярэдняга паказніку адзінаццаці дзяржаваў рэгіёну, падлічыў эксперт.


Калі ўявіць, што эканоміка – цягнік з некалькімі лакаматывамі, то галоўным стаўся ўнутраны попыт, спажыванне хатніх гаспадарак. Разбагацеўшыя беларусы нібыта пастанавілі: гуляць – дык гуляць, і кінуліся выдаткоўваць ледзь не ўсё, што зарабілі, дый яшчэ і крэдыты хапаць. Пагатоў, пазыкі даюць пад даступны адсотак дзякуючы мяккай палітыцы Нацбанку.


Тым, што эканоміку цягнуў унутраны попыт, гэты год адрозніваецца ад мінулага, сказаў Крук:


«Рост збольшага быў абумоўлены ўнутраным попытам. Калі капнуць глыбей, галоўны чыннік тут – нястача працоўных рэсурсаў. А гэтая нястача абумовіла хуткі рост заробкаў. Адпаведна, гэта палепшыла настрой спажыўцоў. Хатнія гаспадаркі выкарыстоўвалі дадатковы прыбытак, што яны атрымоўвалі, і гэта пераўтваралася ў рост спажывання».


Рост заробкаў аналітык назваў велічэзным:

,,

«Калі параўнаем з узроўнем, што быў да вайны, сёння ў нас рэальныя заробкі павялічыліся амаль на 25 %».


Прадпрыемствы вымушаныя раздаваць грошы работнікам, каб тыя не разбегліся. Працоўных рук не стае, і можна сказаць, што беларусы, якія з'ехалі, дапамаглі тым, хто застаўся, палепшыць дабрабыт.


Рэальныя заробкі раслі так хутка ў тым ліку дзякуючы штучнаму стрымліванню інфляцыі. Жорсткае рэгуляванне цэнаў таксама дапамагло спажывецкаму буму.


Сярод чыннікаў, што тлумачаць бурны рост беларускай эканомікі сёлета, Дзмітрый Крук назваў попыт у Расеі, які павялічваўся. Таксама станоўчы ўнёсак зрабіла прамысловасць, будаўніцтва і IT-галіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Diego F. Parra / pexels.com

Праяданне валюты паскараецца: імпарт перавысіў экспарт на $ 315 млн

навіны

Што датычыць вонкавага гандлю – крыніцы валюты, то ў першым паўгоддзі сітуацыя была боль-менш спрыяльнай, канстатаваў Крук.


Агулам замежны гандаль язык не паварочваецца назваць стабільным: то цэны змяняюцца, то фізічныя аб'ёмы паставак. Дарэчы, імпарт, што рос шпарчэй за экспарт, разганяецца ў тым ліку праз бум спажывання.


У апошнія месяцы сітуацыя з вонкавым гандлем сур'ёзна пагоршылася:


«Мы можам сказаць, што маюцца доказы кароткатэрміновых праблемаў з экспартам угнаенняў і нафтапрадуктаў. Улічваючы сцісканне попыту ў Расеі, гэта можа тлумачыць сітуацыю з экспартам, што адбылася ў другім паўгоддзі».


Расейскі рынак, што дапамог беларусам разбагацець, падобна, спрычыніцца і да зваротнага працэсу. Цэнтрабанк суседняй краіны змагаецца з імклівай інфляцыяй, падвышаючы ключавую стаўку. Пабочны эфект гэтай захады – сцісканне попыту, у тым ліку вонкавага. Выглядае, што рынак суседняй краіны ўжо пачаў паціху ахалоджвацца, і гэта адбілася на беларускім экспарце ў другой палове года і, адпаведна, не дазволіла захаваць надзвычай высокія тэмпы росту ВУПу.


Яшчэ адзін чыннік, што сёлета стрымліваў разгон беларускай эканомікі, – пагаршэнне фінансавага стану кампаніяў. За ўжо згаданае раздаванне грошай работнікам і дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў расплачваюцца менавіта прадпрыемствы.


«Мы можам сказаць, што прынамсі ў некаторых сектарах сітуацыя даволі рызыкоўная і можа прывесці да фінансавых праблемаў», – папярэдзіў эканаміст цэнтру BEROC.


Істотнай праблемаю бліжэй да канца года становіцца пагаршэнне вонкавага гандлю, бо Беларусь не мае ўстойлівых рэальных крыніцаў, каб закрыць дэфіцыт:

,,

«Гэта рызыка, што можа абмяжоўваць рост усё болей і болей».


Цяперашняе рукатворнае стрымліванне інфляцыі, якому, падаецца, можна было б толькі радавацца, таксама нічога добрага ў перспектыве не дасць, асабліва з улікам ростам коштаў у Расеі – галоўным эканамічным партнёры.


І ўсе гэтыя чыннікі, што абмяжоўвалі рост беларускай эканомікі, актывізаваліся ў апошнія месяцы 2024 года, такім чынам, налета лёгка не будзе, падсумаваў Дзмітрый Крук.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10