Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2025», якія пройдуць у Беларусі ўвосень, не нясуць дадатковых пагрозаў для Літвы, піша LRT.
«Інфармацыю пра вучэнні "Захад" збірае не толькі нашая выведка, але і выведныя службы NATO. Усе яны прыйшлі да адзінай высновы: цяперашнія вучэнні паводле маштабу ды іншых параметраў не ствараюць пагрозаў або падставаў для турботы», – сказаў Гінтаўтас Палуцкас.
Ён адзначыў, што ўся інфармацыя спецслужбаў разглядаецца максімальна сурʼёзна, і пакуль няма падставаў для трывогі.
Міністарка абароны Літвы Довіле Шакаліене таксама сказала, што не бачыць дадатковых пагрозаў з боку Беларусі.
«Нашая вайсковая выведка ўвесь час збірае і аналізуе інфармацыю, вельмі ўважліва сочыць за тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Мы дакладна ведаем, якая сітуацыя на гэты момант, якія магчымасці, якая колькасць і які план, калі мы гаворым пра тыя ж вучэнні "Захад". І на гэты момант ніякіх дзеянняў, якія б выклікалі дадатковую занепакоенасць або неслі беспасярэднюю пагрозу нашай тэрыторыі, не назіраецца», – адзначыла міністарка.
Пра пагрозы вучэнняў для еўрапейскіх суседзяў Беларусі папярэджваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Міністарка абароны Літвы мяркуе, што гэта, хутчэй, звязана са спробаю прыцягнуць увагу партнёраў і атрымаць большае падтрыманне для Украіны. Яна адзначыла, што ставіцца да гэтага з разуменнем, але пакуль звесткі выведкі паказваюць на тое, што вучэнні «Захад» не будуць больш небяспечнымі для Літвы, як звычайна. Пры гэтым яна кажа, што бягучая сітуацыя можа змяніцца за наступныя месяцы ў залежнасці ад рашэнняў уладаў Беларусі і Расеі, а таксама хады вайны ва Украіне.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама заявіў, што не верыць у здольнасць Расеі напасці цяпер на іншую краіну.
Арсен Рудэнка belsat.eu