Суд Ленінскага раёну Берасця 27 траўня прызнаў «экстрэмісцкаю» Facebook-старонку Лявона Вольскага. Мы звязаліся са спеваком, каб пацікавіцца ягоным меркаваннем з гэтай нагоды.
У размове з «Белсатам» Лявон Вольскі адзначыў, што лічыць смешным і абсурдным усю практыку прызнання акаўнтаў і старонак у Facebook і на іншых рэсурсах «экстрэмісцкімі».
На думку спевака, гэтыя органы займаюцца менавіта тым, супраць чаго змагаюцца, – распальваннем розні.
,,«Яны самі распальваюць тую "рознь", бо лічаць... Ці не, яны нічога не лічаць – лічаць тыя, хто там наверсе кіруе. Яны лічаць, што ёсць людзі "правільныя", а ёсць "няправільныя". Вось "няправільных" трэба выяўляць і ізаляваць: калі не фізічна, то забараніць іхны акаўнт. А паколькі забараніць гэта немагчыма, то можна прызнаць “экстрэмістам”, каб людзі баяліся туды заходзіць», – каментуе Лявон Вольскі.
Агулам жа артыст заўважыў, што можна доўга разважаць і спрачацца пра тое, што такое «экстрэмізм», бо тое, што прызнаецца «экстрэмісцкім», «можа быць з нацяжкаю названае нават грамадскім актывізмам».
,,«Я думаю, гэтыя людзі, гэтыя суды ленінскіх раёнаў розных гарадоў – як ні дзіўна, пастаянна прысутнічае Уладзімір Ільіч [Ленін. – Заўв. “Белсату”] – проста выконваюць разнарадку, якая спускаецца згары да іх. Ім проста сказалі, калі яны там збіраліся, і, можа, нават не абмяркоўвалі, а паставілі галачку – «прызнаць», і ўсё», – мяркуе Вольскі.
Спявак параўнаў гэта з ранейшаю практыкаю, калі «цёця [маецца на ўвазе чыноўніца, адказная за культуру ў органах улады] хадзіла на працу, каб выяўляць няправільныя гурты і забараніць іхныя канцэрты».
«Яна за гэта атрымлівала грошы, прыходзіла на працу штодня, тэлефанавала ў розныя ўстановы, пагражала і казала, што гэтыя мерапрыемствы не мусяць адбыцца. І цяпер так жа робяць суды: проста прыходзяць сур’ёзныя дзядзі ў гальштуках, робяць выгляд абмеркавання, потым навешваюць ярлыкі і разыходзяцца дахаты. Потым атрымліваюць зарплату і едуць на лецішча адпачываць», – кажа Вольскі.
Нагадаем, што праз прызнанне свайго Facebook-акаўнту «экстрэмісцкім» спявак зрабіў допіс у гэтым жа акаўнце. У ім гаворыцца, што з нагоды прызнання «хацелася б чарговым разам пажартаваць», але «вырашылі абмежавацца заявай».
«Мы заяўляем, што ўсе гэтыя “экстрэмісцкія” прызнанні гэтымі аперэтачнымі рэжымнымі судамі нічога не вартыя. Людзі ў форме з сур’ёзнымі тварамі збіраюцца на тэатральныя паседжанні і гуляюцца са словам “экстрэмізм”, не разумеючы ягонага сапраўднага значэння... Маючы якую-ніякую, але юрыдычную адукацыю, яны выдатна разумеюць, што прымаюць незаконныя рашэнні, за якія потым давядзецца адказваць. І давядзецца! І нашая з вамі справа – набліжаць той дзень, калі кожны атрымае тое, што заслужыў», – гаворыцца ў заяве.
Раней «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя тэлеграм-канал Вольскага і ягоная старонка ў Instagram.
Раман Шавель belsat.eu