Аналітыка

«Гістарычная аперацыя». Як Расея адкажа на ўкраінскую «Павуціну»?

img
Спадарожнікавы здымак авіябазы «Белая» ў Іркуцкай вобласці Расеі пасля атакі ўкраінскіх дронаў. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: CSBiggers / X.com
podpis źródła zdjęcia

1 чэрвеня СБУ завяршыла аперацыю «Павуціна», якую рыхтавала паўтара года: дроны, прывезеныя фурамі да аэрадромаў у чатырох расейскіх рэгіёнах, атакавалі самалёты стратэгічнай авіяцыі. Вайсковы аналітык Ян Мацвееў у эфіры «Вот Так» назваў акцыю «гістарычнаю з гледзішча спецслужбаў» і паразважаў, якім можа быць адказ Расеі.

Служба бяспекі Украіны ацаніла нанесеную шкоду на $ 7 млрд і паведаміла, што пацэлілі ў «34 % стратэгічных носьбітаў крылатых ракетаў на асноўных аэрадромах базавання Расеі».

Прэзідэнт суседняй краіны Уладзімір Зяленскі назваў аперацыю «абсалютна ўнікальнай» і раскрыў, што «офіс» арганізатараў на тэрыторыі Расеі месціўся «беспасярэдне побач з упраўленнем ФСБ у адной з іх вобласцяў».

Вайсковы аналітык Ян Мацвееў у эфіры «Вот Так» сказаў, што, паводле спадарожнікавых звестак і відэа з дронаў, былі знішчаныя або пашкоджаныя як мінімум 12 бамбавікоў Ту-95 і Ту-22 ды адзін транспартавы самалёт Ан-12.

Чытайце таксама:
Аперацыя СБУ: момант атакі на расейскую авіябазу. 1 чэрвеня 2025 года. Скрыншот: generalstaff_ua / Telegram

«Масква ў пэўным шоку». СБУ атакавала ў Расеі 40 вайсковых самалётаў

«Як напісаў Зяленскі, гэта прыкладна траціна іх актыўных стратэгічных бамбавікоў, і гэта падобна да праўды. Хутчэй за ўсё, штук 36–40 ёсць тых, што актыўна лётаюць. Таму гэта скароціць колькасць магчымых бамбавікоў, якія будуць наносіць ракетныя ўдары па Украіне. Але гэта часовая сітуацыя, бо яны проста ўвядуць у актыўнае выкарыстанне іншыя бамбавікі, яны яшчэ ёсць».

Эксперт пры гэтым падкрэсліў, што ўкраінская атака на расейскія авіябазы агаліла праблему абароны стратэгічнай авіяцыі:

«Гэтыя самалёты першапачаткова перавялі на далёкія аэрадромы, каб іх не атакавалі ўкраінскія дроны. І вось мы бачым, што ўкраінскія дроны да іх дабраліся. Куды цяпер пераводзіць самалёты, незразумела. Хованак няма, СПА і ўсякія глушылкі, як мы бачым, не спрацавалі. Так што цяпер расейскім вайскоўцам, расейскім спецслужбам давядзецца рабіць нейкія экстраардынарныя захады, прыкладаць вельмі сур'ёзныя намаганні і выдаткоўваць рэзервы на тое, каб дадаткова абараніць гэтыя самалёты. І гэта, натуральна, усё пойдзе не на карысць вайне».


Паводле Мацвеева, змагацца з маленькімі беспілотнікамі, якія выкарыстоўвала Украіна ў гэтай атацы, надзвычай складана, асабліва, калі ад месца запуску да мэты невялікая адлегласць. А самалёты можна абараніць ангарамі, нават лёгкімі, нацягнутаю сеткаю, тканінаю – гэта дазволіць пазбегчы трапляння і, адпаведна, вялікай шкоды.

«Але гэта ўсё грошы, гэта ўсё трэба зарганізаваць, гэта ўсё трэба пабудаваць. І да гэтага моманту расейскія вайскоўцы думалі, што і так абыдзецца, і так нармальна. Вось цяпер, мабыць, пачнуць будаваць, але гэта справа не хуткая», – канстатаваў аналітык.

Ідэя аперацыі, як сказаў Ян Мацвееў, геніяльна простая: падвезці дроны як мага бліжэй да мэты і атакаваць. Але зрэалізаваць такі план – заданне з некалькімі зорачкамі:

,,

«І вось тут, вядома, абсалютнае майстэрства. Больш за тое, аперацыя сапраўды рыхтавалася доўга, гэта відавочна для такой аперацыі, і за ўвесь гэты час ніякіх зліваў, ніякага выцеку. Гэта, вядома, гістарычная аперацыя з гледзішча спецслужбаў, што аніводнага выцеку за гэты час не было дапушчана, і ўсё так было зрэалізавана».


Эксперт адзначыў і складанасць тэхнічнага боку аперацыі: дастаўка дронаў, узлёты, кіраванне, дакладныя траплянні:

,,

«Гэта ўсё таксама вельмі-вельмі складана і вельмі кампетэнтна было зроблена. І, вядома, паводле суадносінаў затраты – вынік, гэта, напэўна, адна з самых паспяховых ваенных аперацыяў наагул за ўсю сусветную гісторыю».


Мацвееў мяркуе, што нічым рафінаваным Расея не здолее адказаць на такую дзёрзкую акцыю СБУ. Хутчэй за ўсё, Украіну чакае чарговы масаваны ўдар, як гэта ўжо бывала не раз:

«У іх няма тэхнічных магчымасцяў ажыццявіць нейкі незвычайны адказ, якога яшчэ ніхто не бачыў. Хутчэй за ўсё, яны проста зладзяць чарговы маштабны налёт, і будзе рызыка гібелі цывільных, як мы гэта рэгулярна бачым. Тут усё залежыць ад украінскай СПА, бо зноў будуць ляцець, хутчэй за ўсё, ракеты на Кіеў, на Харкаў, на Адэсу, Мікалаеў, на іншыя гарады. І вось гэта і будзе пуцінскім адказам».

Пры гэтым расейскія ўлады пастараюцца «зрабіць выгляд, быццам нічога экстраардынарнага не здарылася». «Ну так, там ёсць нейкія страты, вось узгаранне, піша Мінабароны. Ну, нічога страшнага. Шмат яшчэ самалётаў засталося, можна лётаць», – даў Мацвееў прыклад магчымых наратываў прапаганды.

Стратэгічны бамбавік Ту-95 на рэпетыцыі паветранай часткі параду. Масква, Расея. 7 мая 2022 г. Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency via Getty Images
Стратэгічны бамбавік Ту-95 на рэпетыцыі паветранай часткі параду. Масква, Расея. 7 мая 2022 г. Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency via Getty Images

Поспех аперацыі «Павуціна» – відавочны адказ Кіева на абстрэлы ўкраінскіх гарадоў з расейскіх бамбавікоў, сказаў у эфіры «Вот Так» галоўны рэдактар выдання «Новая газета Европа» Кірыл Мартынаў. А яшчэ гэта «карты ў руках Зяленскага».

«Знакаміты выраз пра тое, што ў Зяленскага няма картаў, сказаны Доналдам Трампам, такім чынам адмаўляецца на нашых вачах. Аказваецца, карты ёсць, і карты ёсць самыя нечаканыя, якія ляжаць у галіне новых прыёмаў вайсковай тактыкі», – адзначыў журналіст.

Як і Мацвееў, ён мяркуе, што Крэмль будзе прымяншаць маштаб стратаў:

,,

«Я мяркую, што стратэгія расейскіх уладаў цяпер, як звычайна, палягае ў прымяншэнні стратаў і дэманстрацыі таго, што насамрэч гэта не вельмі важная падзея, і, увогуле, прэзідэнту не варта на яе звяртаць увагі».


Сцяпан Кубік / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10