Аналітыка

«Масква ў пэўным шоку». СБУ атакавала ў Расеі 40 вайсковых самалётаў

img
Аперацыя СБУ: момант атакі на расейскую авіябазу. 1 чэрвеня 2025 года. Скрыншот: generalstaff_ua / Telegram
podpis źródła zdjęcia

СБУ зладзіла аперацыю, каб атакаваць расейскую стратэгічную авіяцыю на некалькіх аэрадромах. Паводле спецслужбы, былі знішчаныя або пашкоджаныя 40 самалётаў. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» назваў невыпадковым, што Украіна здзейсніла гэтую аперацыю напярэдадні другога раўнда перамоваў у Стамбуле.

«Служба бяспекі Украіны праводзіць маштабную спецаперацыю ў справе знішчэння стратэгічных самалётаў у тыле РФ», – паведамляецца ў Telegram-канале ЗСУ.


Паводле гэтых дадзеных, былі падбітыя больш за 40 самалётаў, у тым ліку А-50, Ту-95 і Ту-22 М3. Нанесеную шкоду ацанілі ў $ 2 млрд.


Былі атакаваныя аэрадромы ў Мурманскай, Іванаўскай, Разанскай і Іркуцкай вобласцях. Сібірскі рэгіён зазнаў абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.


Паводле крыніцаў выдання «РБК-Україна», СБУ рыхтавалася да гэтай аперацыі, што назвалі «Павуціна», больш за паўтара гады. Самымі складанымі былі пытанні лагістыкі:


«СБУ спачатку перавезла ў Расею FPV-дроны, затым – мабільныя драўляныя дамы. На тэрыторыі Расеі дроны схавалі пад дахам дамкоў, што пагрузілі на цяжкавікі. У патрэбны момант дахі дамоў дыстанцыйна адчынілі, і дроны паляцелі атакаваць расейскія бамбавікі».

Беспілотнікі, задзейнічаныя ў аперацыі СБУ супраць расейскай стратэгічнай авіяцыі. Фота: «РБК-Україна» / rbc.ua
Беспілотнікі, задзейнічаныя ў аперацыі СБУ супраць расейскай стратэгічнай авіяцыі. Фота: «РБК-Україна» / rbc.ua

Крыніцы ў Службе бяспекі Украіны сцвярджаюць, што асобы, датычныя да аперацыі, ужо ва Украіне. «Такім чынам, калі рэжым расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна кагосьці затрымае, гэта будзе чарговая пастаноўка для ўнутранай аўдыторыі», – піша «РБК-Україна».


Выданне таксама паведамляе, што аперацыяй кіраваў асабіста прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.


Перад атакаю на авіябазы ў Расеі адбылося некалькі здарэнняў на цывільнай інфраструктуры. У Выганіцкім раёне Бранскай вобласці аўтамабільны мост абрынуўся на чыгунку ў той момант, калі там ехаў пасажырскі цягнік. У выніку загінулі 7 чалавек, пацярпелі – 66, з іх шпіталізаваныя 47.


Інцыдэнт адбыўся ўчастку чыгункі, праз які ходзіць цягнік Менск – Анапа. З увагі на здарэнне маршрут гэтага цягніка часова змянілі.


Іншы мост, чыгуначны, абрынуўся ў Жалезнагорскім раёне Курскай вобласці ў момант праезду лакаматыву грузавога цягніка. Пацярпела лакаматыўная брыгада: машыніст і два ягоных памочніка.


Следчы камітэт Расеі спачатку паведаміў, што абодва моста былі падарваныя, крымінальную справу завялі паводле артыкулу «Тэракт», аднак пазней афіцыйную справаздачу змянілі, і падрыў там цяпер не згадваецца.


Як заявілі ў МЗС Беларусі, цяпер няма інфармацыі, што ў выніку катастрофы ў Бранскай загінулі ці пацярпелі беларускія грамадзяне. 


Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» адзначыў, што Украіна невыпадкова атакавала расейскія авіябазы напярэдадні новых перамоваў у Стамбуле:

,,

«Аперацыя, безумоўна, прымеркаваная да гэтых перамоваў, каб застаць расейскі бок у стане разгубленасці і каб у іх не было часу, каб нейкім чынам падрыхтавацца і напрацаваць нейкае рашэнне, каб яны дзейнічалі ў такім, я б сказаў, у вельмі эмацыйным стане. Расейскі бок знаходзіцца ў пэўным шоку».


Паводле аналітыка, у Крамлі маглі б паспрабаваць зрабіць выгляд, што нічога надзвычайнага і не адбылося, неяк абмежаваць распаўсюд інфармацыі, каб «так бы мовіць, панізіць градус». Аднак Z-каналы ўжо на ўсю моц абурыліся праз гэткі промах расейскіх спецслужбаў і вайскоўцаў і патрабуюць пакарання вінаватых.


«З іншага боку, зараз сарвацца, нанесці нейкі ўдар, не прымаць удзелу ў перамовах – гэта можа ў такіх умовах скончыцца амерыканскімі санкцыямі. Праўда, мы не ведаем пакуль амерыканскай рэакцыі, яе яшчэ няма. Я думаю, што амерыканцам будзе цікава за гэтым паназіраць. Можа, і Доналд Трамп задумаецца: калі Расея такое дапусціла, дык ці сапраўды яна яшчэ такая моцная моцная дзяржава?» – кажа Фрыдман.


Ён не ўпэўнены, што другі раўнд перамоваў у Стамбуле ўсё ж адбудзецца, нягледзячы на дзёрзкую аперацыю СБУ. Так, расейская дэлегацыя вылецела ў Турцыю, аднак у апошні момант перамоўнікі могуць атрымаць загад вяртацца:

,,

«Усё магчыма. Яны могуць прыехаць і не атрымаць адмашкі праводзіць перамовы. Расея сапраўды нечакана апынулася ў вельмі непрыемным становішчы, бо ўсе, каму патрэбна, усё разумеюць. І якія б тут крокі Расея не рабіла, яны хутчэй будуць супраць яе».


Што датычыць разбурэння мастоў у прымежных з Украінаю расейскіх рэгіёнах, то тут усё туманна, канстатуе суразмоўца «Белсату». З аднаго боку, гэта цалкам магла быць правакацыя расейскіх спецслужбаў з мэтаю абвінаваціць Кіеў у тэрарызме:


«Кожны раз, калі нешта такое адбываецца, узнікаюць версіі, што гэта Расея самая робіць такія правакацыі. Гэта той выпадак, калі іх нельга спісваць на канспіралогію, а варта разглядаць сур'ёзна. Ва ўладзе ў Расейскай федэрацыі знаходзяцца людзі, якія цалкам могуць пайсці на такія крокі».

Чытайце таксама:
Сістэма паветранай абароны «Patriot». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sean M. Worrell / US Army / Csis.org

Пакуль Трамп разважае пра вар’яцтва Пуціна, Расея нарошчвае паветраныя атакі. Што адбываецца на вайне і вакол яе

Кіеў не бярэ адказнасці за разбурэнне мастоў, і Фрыдман прызнае, што, паколькі загінулі цывільныя, рабіць гэта «складана і контрпрадуктыўна», калі ўявіць, што за гэтым таксама стаяць украінскія спецслужбы:


«Я, аднак, не выключаю, што мы маем справу з аперацыяй, што складаецца з двух этапаў, і першы – тое, што было зроблена з гэтымі мастамі, каб, калі не атрымаецца тое, што ў іх у выніку атрымалася з атакаю на аэрадромы, то можна было б прадэманстраваць хаця б такі вынік».


Як адзначыў аналітык, цяпер немагчыма нічога выключаць, бо «мы знаходзімся ва ўмовах вайны», і толькі пасля яе можа з'явіцца інфармацыя пра тое, што ж адбылося насамрэч.


«Імаверна, што гэта перасячэнне двух акцыяў. З аднаго боку, тая ж расейская правакацыя, а з другога боку – украінская акцыя. Імаверна, што гэта ўсё – частка адной украінскай аперацыі. Хутчэй за ўсё, да таго моманту, пакуль не скончыцца вайна, мы праўду пра ўсё гэта не даведаемся, бо гэта ўсё засакрэчаныя рэчы», – падсумаваў Аляксандр Фрыдман.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10