У Беларусі прызналі экстрэмісцкай кнігу, якая названая цытатай Аляксандра Лукашэнкі «Ідыёт, самы настаяшчы». А таксама працягваюцца палітычна матываваныя суды. Падрабязней пра гэта ды іншыя парушэнні правоў у Беларусі – у аглядзе рэпрэсіяў.
Сацыяльныя сеткі палітзняволенага Міколы Дзядка прызнаныя «экстрэмісцкімі», піша «Вясна». Гаворка пра старонку Міколы ў сетках «Вконтакте», Facebook, Instagram, а таксама пра сайт «mikola.noblogs.оrg». Адпаведная пастанова была прынятая судом Цэнтральнага раёну Менску 29 траўня. Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі YouTube-канал «Radix» і сайты «avtonom.оrg» і «revbel.оrg».
«Экстрэмісцкай» улады палічылі і кнігу «Iдыёт, самы настаяшчы». Адпаведная пастанова была прынятая судом Бабруйску і Бабруйскага раёну 29 траўня. Спіс папоўнілі старонкі ў Instagram «apbel_com», старонка ў «Аднакласніках» «ЗА МИР БЕЛАРУСЬ ЗА УКРАИНУ», а таксама старонкі ў TikTok «tribunal.infо», «Роман», «śudłoŭski».
Блогера, заснавальніка ўжо закрытага праекту для маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі гаюн» Антона Матольку завочна пакаралі 20 гадамі калоніі. Вырак вынес Гарадзенскі абласны суд, суддзя Ігар Собалеў. Таксама Матольку прызначылі штраф на 2000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў). Агулам яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх – «здрада дзяржаве».
Жыхарку Менску Крысціну Лапкоўскую пакаралі паводле двух пратэсных артыкулаў пазбаўленнем волі, піша «Наша Ніва». Крысціне 29 гадоў, яна мае вышэйшую адукацыю, раней працавала лагісткай.
Дзяўчыну затрымалі некалькі месяцаў таму. Вядома, што яе асудзілі ў Менскім гарадскім судзе паводле двух артыкулаў за нібыта «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130) і «арганізацыю або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Сутнасць справы невядомая. Ейнае пакаранне, з усяго відаць, звязанае з пазбаўленнем волі. Тыдзень таму дзяўчыну ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў».
Журналіста з Берасця будуць судзіць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» за сяброўства ў БАЖ, заўважыў REFORM.news.
Паводле пракуратуры Берасцейскай вобласці, мужчына не пазней за кастрычнік 2023 года «ўвайшоў у склад групы грамадзянаў, аб'яднаных пад назвай «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якая ў лютым таго ж года была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем».
«Працягваючы рэалізацыю свайго намеру, скіраванага на ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні, мужчына з кастрычніка 2023 года да снежня 2024 года наўмысна склаў не менш за 43 журналісцкія артыкулы, якія былі апублікаваныя ў адкрытым доступе. Артыкулы змяшчалі заведама непраўдзівыя звесткі пра сацыяльнае становішча Беларусі, прававое становішча яе грамадзянаў і былі скіраваныя на дыскрэдытацыю дзейнасці дзяржаўных органаў», – сцвярджае пракуратура.
Журналісту прадʼяўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 КК за нібыта ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Ён застаецца пад вартаю.
Арсен Рудэнка belsat.eu