У той час, як улады Беларусі заяўляюць пра запавольванне інфляцыі ў краіне, калядна-навагодні індэкс аліўе ад «Белсату» паказвае адваротнае. Нягледзячы на ручное стрымліванне росту цэнаў, кошт самага папулярнага салату ў краіне другі год запар даволі моцна апярэджвае афіцыйныя паказнікі.
«Белсат» складае «Індэкс аліўе» з 2018 года. З дапамогай гэтага мы ацэньваем тое, як змяняюцца выдаткі беларусаў на прыгатаванне навагодняга салату і наколькі гэтыя змены параўнальныя з тымі лічбамі інфляцыі, якія агучваюць улады краіны.
«Гатуем» салат мы паводле стандартнага рэцэпту: 4 бульбіны, 2 морквы, 500 грамаў «Доктарскай» каўбасы, 5 курыных яек, 4 марынаваныя агуркі, бляшанка кансерваванага гароху і 200 грамаў маянэзу. Інгрэдыенты мы шукаем у папулярнай сярод беларусаў онлайн-краме з дастаўкай. Пры гэтым спрабуем знайсці або тыя самыя інгрэдыенты, што і год таму, або максімальна падобныя да іх паводле вытворцы, аб’ёму, памеру і іншых характарыстык.
Год таму мы параўновалі кошты станам на 18 снежня. Тое самае было зробленае і 18 снежня 2024 года.
Суадносіны індэксу аліўе з афіцыйнай інфляцыяй былі рознымі. У 2018 годзе ён быў вышэйшым удвая (11,3 % супраць 5,6 %). У 2019 і 2020 гадах кошты на салат змяняліся больш павольна за інфляцыю – 0,44 % і 6,1 % супраць 4,7 % і 7,4 % адпаведна. У 2021 годзе гэтыя паказнікі амаль супалі: аліўе падаражэў на 9,94 % пры афіцыйнай інфляцыі 9,97 %. А ў 2022 годзе, калі ў Беларусі быў моцна зарэгуляваны рост цэнаў ажно з затрыманнямі тых, хто гэтага не зразумеў, кошт прыгатавання салату нават зніжаўся – на 4,45 % пры інфляцыі ў Беларусі ў плюс 12,8 %.
Але з 2023 года індэкс аліўе зноў моцна апярэджваў афіцыйную інфляцыю. Летась салат падаражэў на 15,93 % пры афіцыйных паказніках у 5,8 % – рост амаль удвая. Таксама і сёлета кошт прыгатавання салату істотна абагнаў абвешчаную ўладамі інфляцыю ў 5,5 % станам на лістапад. Паводле нашых падлікаў індэкс аліўе склаў 9,47 % – амаль удвая больш. Пры гэтым важна адзначыць, што некаторыя з выбраных тавараў былі акцыйнымі, то бок з улікам іх звычайнай цаны індэкс аліўе быў бы яшчэ вышэйшым.
Найбольш падаражэлі сёлета кансерваваны гарошак (на 21,3 %), бульба (19,1 %) і маянэз (10,5 %). Пры гэтым морква патаннела на 21,3 %. Агульны кошт прыгатавання салату ацэньваецца ў 19 руб. 43 кап. Гэта на 1 руб. 68 кап. больш, чым летась.
Падаражэнне бульбы, відаць, адлюстроўвае ейны дэфіцыт, з якімі сутыкнуліся ўлады Беларусі, якім у снежні нават давялося ўводзіць ліцэнзаванне яе вывазу за мяжу. Мэта ліцэнзавання – забеспячыць у поўным аб’ёме ў міжсезонны перыяд унутраны рынак сельскагаспадарчай прадукцыяй. Сёлетні ўраджай бульбы ў Беларусі – каля 900 тысяч тонаў. Гэта менш, чым у 2023 годзе, калі было сабрана больш за 1 мільён тонаў. Ураджайнасць склала 306 цэнтнераў з гектара (у 2023 годзе – 359 цэнтнераў).
Перад увядзеннем ліцэнзавання «BELPOL» паведамляў, што ў распараджэнні арганізацыі апынуліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў беларускіх крамах не хапае гародніны.
У параўнанні з 2017 годам прыгатаванне салату аліўе падаражэла больш як у паўтара разы – на 58,04 %.
Важна адзначыць, што мы таксама штогод лічым апроч стандартнага набору салату аліўе і самы танны варыянт, то бок з самых танных прадуктаў. Такі б салат каштаваў 13 руб. 73 кап. У параўнанні з 2023 годам ён падаражэў нават крыху больш за стандартны набор – на 9,6 %. Летась самы танны салат патаннеў на 0,32 %. Цяпер жа інфляцыя дагнала і самых бедных.
Адкуль такая розніца?
Кіраўнік праекту «Кошт Урада» Уладзімір Кавалкін тлумачыць розніцу паміж афіцыйнай інфляцыяй і індэксам аліўе рознымі спажывецкімі кошыкамі, як асобных людзей, гэтак і Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
,,«Сярэдні ўзважаны белстатаўскі кошык іншы ад таго, якім карыстаюцца звычайныя людзі. Праз гэта кожны адчувае асабістую інфляцыю», – сказаў эксперт «Белсату».
Паводле яго, больш бедныя людзі ў Беларусі цяпер адчуваюць трохі ніжэйшую інфляцыю, бо купляць перадусім беларускі тавары, на якія цэны рэгулююцца і выдаткі на якія перакладаюцца на іх вытворцаў. У сваю чаргу багацейшыя людзі больш імпартных тавараў, і ў выніку больш адчуваюць інфляцыю.
Макар Мыш belsat.eu