Працягваецца сітуацыя, звязаная з тым, што венгерскі прэм'ер Віктар Орбан займаецца падрывам ЕЗ знутры. І няхай нікога не ўводзяць у памылкі спробы вугорскага лідара «знізіць напружання» заявамі аб «слабасці Расеі» або аб неабходнасці «сілавога дыялогу» з Уладзімірам Пуціным, да чаго ён заклікаў у нядаўнім інтэрвʼю еўрапейскім журналістам.
Пасыл Орбана просты: «Расея занадта слабая, каб захапіць Украіну, а таму не з'яўляецца пагрозай для ЕЗ». Значыць, і пераўзбройвацца не трэба, не трэба ўкладваць сродкі ў бяспеку. Усё і так «будзе добра», а грошы Еўразвяз няхай лепш аддасць яму, Орбану. Таму мы маем справу не з крытыкай Расеі ад Орбана, а са спробай лідара Вугоршчыны падарваць абарону Еўропы знутры ў інтарэсах Расеі. На фоне шматлікіх заяў прадстаўнікоў еўрапейскай выведкі, што спробы гібрыднага ўварвання Расеі на тэрыторыю ЕЗ і NATO – гэта ўжо не «гіпатэтычны сцэнар», а цалкам канкрэтная магчымая рэчаіснасць найбліжэйшых месяцаў. Дык чаго ж дамагаецца Орбан?
У прыватнасці, шпіёнскі скандал, які разгарэўся ў Вугоршчыне ў чэрвені 2025 года, стаў яшчэ адным звяном у трывожным ланцугу падзей, якія паказваюць на сістэматычную дэградацыю еўрапейскіх прынцыпаў у адной з дзяржаў – сяброў ЕЗ. Замест таго, каб растлумачыць абставіны магчымай уцечкі сакрэтнай інфармацыі і супрацы вугорскай выведкі з вонкавымі – уключаючы варожыя – структурамі, урад Орбана выбраў шлях наступу: абвінавачванні на адрас заходніх спецслужбаў, прэсы, міжнародных інстытутаў і ўжо звыклыя адсыланні да «умяшання Сораса».
Гэта тыповая тактыка перакладу ўвагі з фактаў на эмоцыі, з адказнасці на вонкавага «ворага», добра знаёмая паводле метадычак расейскай прапаганды. У цэнтры гэтай стратэгіі – спроба апраўдаць любыя свае дзеянні перад тварам «знешняй пагрозы». Маўляў, не глядзіце на тое, што робім мы. Мы толькі абараняем вас ад нейкіх «знешніх сіл», ад злых масонаў, рэптылоідаў і іншых «полчышчаў Сораса».
Вугорскае кіраўніцтва свядома звяртаецца да тэорыі змовы ў якасці тарчы ад крытыкі. Замест выразных тлумачэнняў па сутнасці абвінавачванняў – сыход у рыторыку аб «маніпуляцыях заходніх элітаў», «антывугорскай кампаніі» і нават «гібрыднай вайне супраць Будапешта». Такая манера рэагавання больш нагадвае рыторыку Крамля, чым пазіцыю адказнага еўрапейскага ўрада. Фактычна Орбан дзейнічае па лякалах Пуціна, ператвараючы палітычную прастору ў поле татальнай падазронасці, дзе любы апанент – гэта вораг, а любое выкрыццё – атака на «суверэнітэт».
На фоне вайны Расеі супраць Украіны Віктар Орбан паслядоўна займае прамаскоўскую пазіцыю. Ён сабатаваў спробы ўвесці новыя санкцыі супраць Крамля, адмовіўся пастаўляць Украіне зброю, не падтрымлівае вайсковую дапамогу з боку ЕЗ і NATO, апраўдвае расейскую агрэсію, а часам проста замоўчвае злачынствы. Усё гэта немагчыма растлумачыць толькі ўнутранымі палітычнымі матывамі або асаблівасцямі вугорскай дыпламатыі. Гэта выбар на карысць Расеі, на шкоду інтарэсам Еўропы. І гэты выбар паўтараецца на кожным знешнепалітычным рубяжы: ад пазіцыі па санкцыях да галасаванняў па пашырэнні НАТА і выдзяленні дапамогі Украіне.
,,Орбанская Вугоршчына ўсё часцей становіцца ўнутраным траянскім канём Крамля ў структуры Еўрапейскага Звязу. Яна блакуе сумесныя ініцыятывы, дэстабілізуе адзінства і адкрыта дэкларуе скепсіс у адносінах да еўрапейскіх інстытутаў. Прапагандысцкая рыторыка ягонага атачэння адмаўляе каштоўнасці правоў чалавека, плюралізму, свабоды прэсы і незалежнага правасуддзя – тых самых слупоў, на якіх пабудаваны ЕЗ. І ўсё гэта суправаджаецца парадаксальнай рыторыкай абароны «нацыянальнага суверэнітэту», пад прыкрыццём якога разгортваецца адкрытая антызаходняя, прарасейская палітыка.
Абвінавачванні ў адрас вугорскай выведкі ва ўцечцы канфідэнцыйнай інфармацыі – гэта не проста ўнутраны скандал. Гэта трывожны сігнал: спецслужбы аднаго з сяброў ЕЗ маглі дзейнічаць насуперак з калектыўнай бяспекай і, магчыма, у інтарэсах трэцяга боку. Замест супрацы з хаўруснікамі і правядзення адкрытага расследавання Орбан ператварае ўсю сітуацыю ў спектакль, дзе праўду замяшчаюць маніпуляцыі, а крытыку – абвінавачванні ў змове. У такой атмасферы немагчыма казаць пра сумленнасць, транспарэнтнасць і адказнасць. У падобнай логіцы дамінуе толькі адно – утрыманне ўлады любой цаной і абарона інтарэсаў вузкага кола, нават калі гэтыя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Масквы.
Паводзіны вугорскага ўрада асабліва небяспечныя ва ўмовах, калі Еўропа стаіць перад тварам шматлікіх пагроз – ад расейскай агрэсіі да энергетычнай нестабільнасці, ад крызісаў дэмакратыі да геапалітычных выклікаў з боку аўтарытарных дзяржаў. У такой сітуацыі патрэбны кансэнсус, салідарнасць і цвёрдасць. А Орбан прапануе прама супрацьлеглае: падрыў даверу, раз'яднанне, сімпатыю да дыктатараў і дэструктыўную крытыку ўласных хаўруснікаў. Ён становіцца правадніком няўпэўненасці і сумневаў, а ў канчатковым рахунку – пагрозай самому існаванню еўрапейскага праекту ў яго дэмакратычным абліччы.
Не варта памыляцца: гаворка ўжо не ідзе пра ўнутраны курс аднаго палітыка. Гаворка ідзе пра сістэмную эрозію еўрапейскай бяспекі, калі такая пазіцыя застанецца без адказу. Вугоршчына ператвараецца ў лабараторыю гібрыднага падрыву ЕЗ знутры, і робіць гэта пад кіраўніцтвам чалавека, для якога нацыяналізм стаў шырмай для трансляцыі прарасейскай позвы. Еўразвяз не можа дазволіць сабе заплюшчваць вочы. Надыходзіць момант, калі неабходна даваць жорсткую ацэнку дзеянням не толькі знешніх ворагаў, але і ўнутраных памагатых. У адваротным выпадку механізм еўрапейскай салідарнасці будзе разбураны рукамі тых, хто яшчэ ўчора быў яго часткай.
Орбан можа колькі заўгодна казаць аб нацыянальных інтарэсах і абароне Вугоршчыны, але яго сапраўдная палітыка кажа пра адваротнае: аб разбурэнні еўрапейскага адзінства, аб прасоўванні інтарэсаў аўтарытарных рэжымаў, аб дэмантажы асноў дэмакратыі. Гэта ўжо не проста палітычны стыль. Гэта прамая пагроза.
belsat.eu / МВ