Удар Ізраілю па Іране быў нанесены не толькі авіяцыяй: «Масад» стварыў у Іране цэлую базу з дронамі, якую актывавалі падчас паветранай атакі. Падобную тактыку раней ужыла Украіна для атакі на расейскую вайсковую авіяцыю.
У ноч на 13 чэрвеня Ізраіль нанёс серыю ўдараў па Іране: цэліліся ў ядравыя і вайсковыя аб’екты, забілі некалькі генералаў. Сілы абароны Ізраілю паказвалі, што атаку праводзілі з выкарыстаннем авіяцыі. На ўмовах ананімнасці ізраільскія чыноўнікі расказалі «The Times of Israel» і «Kan», што аперацыя мела і іншыя кампаненты.
«Масад» (выведка Ізраілю) супольна з Сіламі абароны Ізраілю рыхтаваў аперацыю некалькі гадоў і сярод іншага збудаваў базу дронаў пад Тэгеранам – сталіцай Ірану, расказваюць крыніцы выданняў.
Таксама «Масад» правёз кантрабандай высокадакладную зброю, заслаў у Іран спецназ, размясціў узбраенні і транспартавыя сродкі са зброяй па ўсім Іране.
Аперацыя была нацэленая на паветраную абарону Ірану і дала свабоду дзеяння ізраільскай авіяцыі. Ізраільскія дроны таксама атакавалі іранскія ракетныя комплексы «зямля–зямля». Іранская выведка не заўважыла рыхтавання аперацыі.
У выніку ўдараў былі забітыя кіраўнік Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі генерал Хусэйн Салямі і камандуючы ўзброенымі сіламі Ірану генерал Голям Алі Рашыд, шэраг вайскоўцаў і навукоўцаў ядравай праграмы. Іран пацвердзіў, што быў пашкоджаны завод узбагачэння ўрану, падвышэння ўзроўню радыяцыі не назіралі. На кадрах з Ірану відаць, што ўдары трапілі ў тым ліку ў жылыя дамы ў сталіцы; іранскія медыі заяўлялі пра паўсотні пацярпелых, з якіх 35 – жанчыны і дзеці, і некалькіх загінулых мірных жыхароў.
Гэтая аперацыя нагадвае нядаўнюю аперацыю «Павуціна» Службы бяспекі Украіны на тэрыторыі Расеі: для атакі на вайсковую авіяцыю СБУ правезла ў Расею FPV-дроны, якія затым схавалі ў мабільныя драўляныя дамы і падвезлі пад вайсковыя аб’екты. У пэўны момант дроны дыстанцыйна актывавалі – і тыя атакавалі расейскія самалёты.
Іран у адказ запусціў па Ізраілі сотню беспілотнікаў, але ўсе яны былі перахопленыя, пра пацярпелых і разбурэнні не паведамлялася. Аб запуску балістычных ракетаў з Ірану не казалі.
Ізраіль заяўляў, што правёў атаку без удзелу Злучаных Штатаў, але Іран гэтаму не верыць і пагражае адказам не толькі Ізраілю, але і ЗША. Іран можа не абмежавацца ранішняй атакай дронамі: над мячэццю ў горадзе Кум узнялі сімвалічны сцяг кроўнай помсты.
Іран скасаваў запланаваны на 15 чэрвеня чарговы раўнд перамоваў з ЗША аб аднаўленні ядравай угоды і запатрабаваў правесці экстранае паседжанне Рады бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Дзеянні Ізраілю асудзіў Крэмль, а Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала глыбокую занепакоенасць.
Алесь Наваборскі belsat.eu