навіны

Беларусам параілі не наведваць Ізраілю «да нармалізацыі становішча»

Амбасада Беларусі ў Ізраілі
Амбасада Беларусі ў Ізраілі. Фота: BelarusinIsrael / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Грамадзянам Беларусі з прычыны атакі Ізраілю на Іран рэкамендавалі «ўлічваць сітуацыю, што склалася» і «ўзважваць неабходнасць паездак у краіны, якія ўваходзяць у зону канфлікту». Якія гэта краіны, не ўдакладнілі, але папярэджанне выдавала толькі амбасада ў Ізраілі.

Чытайце таксама:
Выбух на базе балістычных ракетаў у Тэбрызе, Іран. 13 чэрвеня 2025 года. Фота: OSINTtechnical / X

«Павуціна-2»: Ізраіль паўтарыў тактыку Украіны пры ўдарах па Іране

Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікавала заяву адносна атакі Ізраілю на Іран 13 чэрвеня.


Грамадзянам Беларусі настойліва параілі «ўлічваць актуальную сітуацыю, узважваць неабходнасць паездак у краіны, што ўваходзяць у зону канфлікту, пры планаванні такіх паездак сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі авіяцыйных уладаў аб магчымым увядзенні абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы шэрагу дзяржаваў, а таксама аб прыпыненні працы аэрапортаў».


Грамадзянаў Беларусі, якія ўжо перабываюць у рэгіёне, заклікалі «строга выконваць захады бяспекі і кіравацца рэкамендацыямі ўладаў краіны перабывання».


Пра якія краіны вядзецца, не ўдакладняецца. Іран і Ізраіль не маюць агульнай мяжы, а калі між Ізраілем і Іранам распачнецца нешта большае за абмен авіяцыйнымі ўдарамі, уцягнутыя могуць быць і суседнія краіны, як Ірак, Сірыя, Ліван ці Емен, дзе дзейнічаюць праіранскія проксі-сілы.


На момант публікацыі адмысловыя рэкамендацыі беларусам давала толькі амбасада ў Ізраілі: яна папрасіла «не планаваць паездак у Дзяржаву Ізраіль да нармалізацыі сітуацыі», а грамадзянам Беларусі ў Ізраілі параіла «выконваць рэкамендацыі мясцовых уладаў і прытрымлівацца правілаў асабістай бяспекі, у тым ліку заставацца побач з бамбасховішчамі і ўстрымлівацца ад перамяшчэнняў».


Амбасада Беларусі ў Іране і іншыя беларускія амбасады ў рэгіёне падобных папярэджанняў не выдавалі.


Паляцець у Ізраіль ці вылецець адтуль на момант публікацыі немагчыма: паветраная прастора закрытая. Самалёт, што ляцеў з Менску ў Дубай, прызямляўся ў Баку і мае вылятаць са спазненнем; яшчэ адзін рэйс у Дубай быў скасаваны.


МЗС Беларусі «глыбока занепакоенае»


Ад імя Беларусі МЗС выказала «глыбокую занепакоенасць новым этапам ваеннай эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам, а таксама паведамленнямі пра гібель мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей».

,,

«Сілавы сцэнар канфлікту стварае сур’ёзную пагрозу рэгіянальнай стабільнасці і бяспецы, нясе рызыку гуманітарнай катастрофы і можа мець непрадказальныя глабальныя наступствы, – піша МЗС Беларусі. – Заклікаем усе зацікаўленыя бакі да стрыманасці, адказнасці і недапушчэння дзеянняў, якія могуць негатыўна паўплываць на палітычна-дыпламатычныя намаганні міжнароднай супольнасці, скіраваныя на комплекснае ўрэгуляванне сітуацыі на Блізкім Усходзе».


У ноч на 13 чэрвеня Ізраіль нанёс серыю ўдараў па Іране: цэліліся ў ядравыя і вайсковыя аб’екты, а таксама ў вайсковае кіраўніцтва Ірану. Аперацыю тлумачылі тым, што Іран быў «як ніколі блізкі да атрымання ядравай зброі».


У выніку ўдараў былі забітыя кіраўнік Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі генерал Хусэйн Салямі і камандуючы ўзброенымі сіламі Ірану генерал Голям Алі Рашыд, шэраг вайскоўцаў і навукоўцаў ядравай праграмы. Іран пацвердзіў, што быў пашкоджаны завод узбагачэння ўрану, падвышэння ўзроўню радыяцыі не назіралі. На кадрах з Ірану відаць, што ўдары трапілі ў тым ліку ў жылыя дамы ў сталіцы; іранскія медыі заяўлялі пра паўсотні пацярпелых, з якіх 35 – жанчыны і дзеці, і некалькіх загінулых мірных жыхароў. Гэтая аперацыя нагадвае нядаўнюю аперацыю «Павуціна» Службы бяспекі Украіны на тэрыторыі Расеі: ужывалася не толькі авіяцыя, але і дроны, таемна правезеныя на тэрыторыю Ірану.


Іран у адказ запусціў па Ізраілі сотню беспілотнікаў, але ўсе яны былі перахопленыя, пра пацярпелых і разбурэнні не паведамлялася. Пра запуск балістычных ракетаў з Ірану не казалі. Іран можа не абмежавацца ранішняй атакай дронамі: над мячэццю ў горадзе Кум узнялі сімвалічны сцяг кроўнай помсты.


Пасля іранскага ўдару ў адказ Ізраіль нанёс новыя ўдары па ядравым аб’екце ў Натанзе і аэрапорце ў Тэбрызе.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10