Яшчэ адно месца ў беларускай сталіцы будзе насіць імя лётчыка Барыса Акрэсціна. Менскі гарадскі Савет дэпутатаў пастанавіў назваць ягоным імем сквер, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Сквер імя Барыса Акрэсціна будзе месціцца ў межах вуліцаў Акрэсціна – Грушаўскай – Дубравінскай – Абухоўскай – Пермскай.
Адпаведная пастанова была прынятая 12 чэрвеня на 11-й сесіі Менскага гарадскога Савету дэпутатаў. Яе мэта – «найменне складных частак гораду Менску для рэгістрацыі асобных элементаў аб’ектаў і афармлення ўсіх прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дакументаў з адраснай прывязкай», патлумачыла начальніца ўпраўлення культуры Менгарвыканкаму Кацярына Лучына.
Сёння слова «Акрэсціна» – сімвал рэпрэсіяў і катаванняў для беларусаў, якія сутыкнуліся з пераследам за свае погляды. Гэта комплекс месцаў зняволення ў Менску на 1-м завулку Акрэсціна, на рагу вуліцы Кулібіна і завулку Талаша. Комплекс складаецца з прыёмніку-размеркавальніку для няпоўнагадовых, ізалятару часовага ўтрымання і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму. Асабліва жорсткія катаванні на Акрэсціна адбываліся ў жніўні 2020 года, пасля задушэння паслявыбарчых пратэстаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu