Беларускі выпускнік Акадэміі МУС Антон Табашнікаў быў асуджаны паводле рэдкага артыкулу Крымінальнага кодэксу – парушэнне патрабаванняў да аховы дзяржаўных сакрэтаў. Ягонае імя з’явілася ў спісе асобаў, прызнаных «экстрэмістамі».
Максімальнае пакаранне, якое яму магло пагражаць, складала тры гады калоніі, піша выданне «Наша Ніва».
Антон Табашнікаў – 28-гадовы нарадзінец Пінску. У Акадэмію МУС ён паступіў у 2014 годзе, выбраўшы спецыяльнасць «правазнаўства». Быў паспяховым студэнтам, браў актыўны ўдзел у канферэнцыях і нават друкаваўся ў міліцэйскіх выданнях.
У 2022 годзе Антон таксама завяршыў навучанне ў Інстытуце бізнесу БДУ паводле спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне».
Дата суда і канкрэтныя абставіны справы невядомыя, але Табашнікаву інкрымінавалі парушэнне патрабаванняў да аховы дзяржаўных сакрэтаў паводле арт. 375-2 Крымінальнага кодэксу.
Гэты артыкул можа ўжывацца, калі чалавек, напрыклад, выехаў за мяжу без адпаведнага паведамлення і незаконна перамясціў сакрэтную інфармацыю. Пры гэтым трэба ўлічваць, што справы паводле гэтага артыкулу рэдкія, у іх звычайна недастаткова дэталёва раскрытыя абставіны, таму сказаць, што менавіта парушыў Табашнікаў, вельмі цяжка.
Ягоная поўная неактыўнасць у сацсетках і статус «адбывае пакаранне» сведчаць, што ён быў асуджаны да пазбаўлення волі, рэзюмуе выданне.
Нагадаем, што крымінальная адказнасць за незаконны выезд за мяжу асобаў, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы, была ўведзеная ўлетку 2024 года. Паводле новаўвядзенняў у Крымінальным кодэксе, для выезду за мяжу службоўцы, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў, павінны атрымліваць спецыяльны дазвол.
Артыкул 375-2 Крымінальнага кодэксу аб парушэнні патрабаванняў да аховы дзяржаўных сакрэтаў дапоўнілі наступнай часткай: «Незаконны выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які ведае аб дзяржаўнай таямніцы, права якога на выезд з Рэспублікі Беларусь заведама для яго часова абмежаванае ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, пры адсутнасці прыкметаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 356 і 373 гэтага Кодэксу, – караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».
Раман Шавель belsat.eu