Гэта не жарт. На афіцыйным сайце Pravo.by 12 жніўня з’явіўся праект закону «Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці». Праектам прадугледжаны новы артыкул 366-1: «Гвалт або пагроза адносна прэзідэнта ці былога прэзідэнта». Праект унёс той самы чалавек, які абвясціў сябе прэзідэнтам.
Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закону, які мяняе дзясяткі артыкулаў Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў, а таксама Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. Змены – ад праўкі аднаго слова да перапісвання цэлых артыкулаў.
Сярод іншага прапанавана стварыць тры новыя артыкулы
Арт. 366-1 КК РБ – «Гвалт або пагроза ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў». Артыкул закранае дзейнага і былога прэзідэнтаў, а таксама чальцоў ягонай сям’і (наколькі шырока трактаваць «сям’ю», не акрэслена). Караць за гэта прапануецца абмежаваннем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.
Ужо цяпер КК РБ мае артыкул 366 за «Гвалт або пагрозу адносна службовай асобы». За звычайную службовую асобу пакаранні – ад штрафу ці папраўчых працаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. Частка 2 артыкула тычыцца прэзідэнта, за яго караюць абмежаваннем волі да 5 гадоў або пазбаўленнем волі да 8 гадоў.
Прапанаваны Лукашэнкам новы артыкул прадугледжвае ніжнія межы пакарання – ад 3 гадоў абмежавання або пазбаўлення волі. Таксама новы артыкул закранае чальцоў сям’і прэзідэнта і былых прэзідэнтаў. Адметна, што на былога прэзідэнта прапанавана распаўсюдзіць таксама артыкулы за «Паклёп» і «Абразу» дзейнага прэзідэнта.
Былых прэзідэнтаў у Беларусі на момант публікацыі ад 0 да 1 ў залежнасці ад трактавання цяперашняга статусу Аляксандра Лукашэнкі, які прайграў выбары ў 2020 годзе, але гвалтам утрымлівае ўладу, і Святланы Ціханоўскай, якая была выбраная прэзідэнткай на тых выбарах, але была выдвараная з Беларусі.
Арт. 375-3 КК РБ – «Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў». Артыкул тычыцца толькі не публікаванай афіцыйна інфармацыі аб руху ўзброеных фармаванняў Беларусі на тэрыторыі Беларусі (але не расейскіх войскаў) у час контртэрарыстычнай аперацыі, надзвычайнага або ваеннага стану пры адсутнасці прыкметаў шэрагу іншых злачынстваў. За гэта прапануюць караць штрафам, арыштам, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. Калі гэта было ўчынена групай асобаў, паводле папярэдняй змовы, з карыслівых памкненняў ці з цяжкімі наступствамі, то абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў.
Цяпер КК РБ мае артыкулы 356 «Здрада дзяржаве» (за выдачу дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж і пераход на бок праціўніка), 358 «Шпіянаж» (за перадачу іншай дзяржаве сакрэтных звестак) і 373 «Наўмыснае разгалошванне дзяржаўнай таямніцы» (разгалошванне дзяржаўных таямніцаў без прыкметаў шпіянажу і здрады дзяржаве). Новы артыкул пашырае крымінальную адказнасць на распаўсюд інфармацыі пра адкрытыя і несакрэтныя дзеянні вайскоўцаў у пэўных прававых рэжымах.
Арт. 12.35 КаАП РБ – «Незаконнае прадастаўленне карт доступу, рэквізітаў плацежных інструментаў». Гэта тычыцца прадстаўлення другой асобе рэквізітаў банкаўскіх картак або аўтэнтыфікацыйных звестак трэцяй асобы з мэтай доступу да рахункаў і электронных гаманцоў. За гэта прапануецца штрафаваць на сумы ад 5 да 30 базавых велічыняў (цяпер гэта 200–1200 рублёў).
Цяпер аналагічнага адміністратыўнага артыкулу няма, але дзейнічае крымінальны артыкул 212 «Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі», а крымінальны артыкул 203-1 «Незаконныя дзеянні адносна інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках» і трактуюць шырока і распаўсюджваюць на звесткі банкаўскіх картак.
За ўсё гэта ўжо караюць
Прапанаваныя змены ў кодэксы не ўводзяць нейкіх прынцыпова новых пакаранняў, а толькі мяняюць пакаранні і азначэнні.
За каментары пра Лукашэнку ўжо судзяць як за «абразы» і «паклёп» (а праваабаронцы заклікаюць скасаваць крымінальную адказнасць за тое, што называецца словам дыфамацыя).
За фота вайсковай тэхнікі судзяць яе за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (што праўда, пераважна за фота расейскай тэхнікі).
За крадзеж звестак банкаўскіх караюць паводле згаданых вышэй артыкулаў 203-1 і 212, а таксама паводле арт. 209 КК РБ «Махлярства».
Такім чынам, галоўныя прынцыповыя змены – увядзенне ў Крымінальны кодэкс панятку «былы прэзідэнт» і распаўсюд адказнасці на неакрэслена шырокую «сям’ю» прэзідэнта.
Амаль несумнеўна, што гэта ўхваляць
Законапраект яшчэ маюць разглядзець Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, а канчатковую версію мае ўхваліць ці адхіліць Аляксандр Лукашэнка. Але Палата і Савет цалкам лаяльныя Лукашэнку і практычна ніколі не адхіляюць законапраектаў. Больш за тое, Палата прадстаўнікоў сама практычна ніколі не распрацоўвае законаў: за мінулае скліканне напісала толькі 3 % ад законапраектаў, якія ўхваліла.
Алесь Наваборскі, «Белсат»