У Ізраілі невядомы мужчына, назваўшыся журналістам украінскага інфармацыйнага агенцтва УНІАН, спрабаваў узяць каментар у расейскага антываеннага музыкі беларускага паходжання Андрэя Макарэвіча. У выніку псеўдажурналіст быў вымушаны пакінуць краіну.
Нядаўна мужчына, які прадставіўся Раманам Скібам, журналістам украінскага агенцтва УНІАН, звязаўся з Эйнат Кляйн – жонкай Андрэя Макарэвіча, заявіўшы, што рыхтуе для рубрыкі «Турызм» матэрыял пра незвычайныя месцы Ізраілю і хоча распавесці пра вінны бізнес сям'і Макарэвічаў. Ён паведаміў, што ён цяпер у Ізраілі і просіць пра сустрэчу для інтэрв'ю.
Кляйн заўважыла, што той, хто да яе звярнуўся, выдае сябе за іншага чалавека. Гэтак, ён няправільна напісаў назву агенцтва – «Унион». Калі ж яму паказалі на памылку, падаў нібы пасведчанне супрацоўніка ўкраінскага агенцтва, дзе былі памылкі, у тым ліку ў напісанні назвы агенцтва на ўкраінскай мове, а ў дакуменце была пячатка архіўнага аддзелу Запарожскай гарадской рады.
Кіраўнік УНІАН Міхаіл Ганыцкі паведаміў Кляйн, што ў агенцтве няма такога супрацоўніка і апавясціў праваахоўныя органы Украіны, што ў Ізраілі нехта выдае сябе за супрацоўніка УНІАН, піша Newsru.co.il.
,,«І яшчэ – ад фразы «журналіста» «адпрацоўваем актуальны парадак дня па Газе» тхнула такім гэбэшным кабінетам, што мы звярнуліся ў паліцыю. У Ізраілі такія дзеянні лічацца злачынствам», – адзначыў 22 траўня Макарэвіч у Facebook.
На наступную раніцу ён паведаміў, што Скіба са змоўнікам былі арыштаваныя ізраільскай паліцыяй і дэпартаваныя ў Расею.
Выданне «Агентство» піша, што Скіба – гэта нарадзінец Харкаўскай вобласці, які атрымаў у 2023 годзе расейскі пашпарт і запісаны ў тэлефонах знаёмых як рэдактар «Первого канала» і НТВ. Да сярэдзіны 2010-х гадоў ён жыў у Харкаўскай вобласці, працуючы барменам. З 2016 года пачаў пісаць у сацсетках, што жыве ў Маскве. На расейскія медыі ён працуе прынамсі з 2020 года.
Макарэвіч ужо не першы музыка беларускага паходжання, якога сёлета спрабавалі выцягнуць на сустрэчу расейцы. На пачатку лютага 2025 года Лёва Бі-2 расказаў, што да яго звярталіся пранкеры Ваван і Лексус (Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў), шчыльна звязаныя з расейскімі спецслужбамі, і хацелі выцягнуць яго ў Італію, у горад Турын. Але музыка здолеў іх выкрыць. Пасля размовы з пранкерамі відэа з поўным адрасам кватэры Лёвы Бі-2 было выкладзенае ў адным з найбуйнейшых навінавых тэлеграм-каналаў, а неўзабаве дзверы кватэры былі падпаленыя.
Якуб Хруст belsat.eu