За апошнія дні адразу некалькі расейскіх палітыкаў – дэпутатаў і чальцоў адміністрацыі – выказалі прэтэнзіі на тэрыторыю суседніх краінаў. У тым ліку і Беларусі.
Чалец камітэту Дзяржаўнай думы ў пытаннях абароны Віктар Собалеў у гутарцы з RTVI адзначыў, што «поўным дасягненнем мэтаў СВА ёсць стварэнне адзінай Саюзнай дзяржавы: Расея – Украіна – Беларусь». Ён назваў гэта «аднаўленнем рускага свету ў рамках натуральных яго межаў».
,,«Мы ўсе – рускія, Кіеў – маці гарадоў рускіх, князь Уладзімір – рускі, Юрый Далгарукі – рускі, Яраслаў Мудры – рускі і г. д. Таму мы павінны безумоўна абараніць свой рускі свет. Інакш мы можам і краіну не захаваць. Для развязання гэтых задачаў і дасягнення гэтых мэтаў, безумоўна, патрэбная магутная, добра навучаная, добра ўзброеная армія», – сказаў дэпутат.
У сваю чаргу дарадца прэзідэнта Расеі Антон Кабякоў заявіў на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме, што СССР «юрыдычна дзесьці існуе». Паводле яго, была парушаная працэдура роспуску СССР, пішуць «Ведомости».
«Калі З'езд народных дэпутатаў, ён жа З'езд Саветаў, у 1922 годзе ствараў СССР, то і распускаць трэба было яго на рашэнне з'езду гэтых самых дэпутатаў», – мяркуе Кабякоў.
Дарадца Уладзіміра Пуціна адзначыў, што з прававога пункту гледжання падпісанне Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года выглядае «зусім дзіўным». А ратыфікацыя гэтых дакументаў Вярхоўнымі Саветамі Расеі, Украіны і Беларусі не ўваходзіла ў іх кампетэнцыю, сказаў чыноўнік.
Таксама Кабякоў зрабіў выснову, што паколькі СССР фармальна не быў распушчаны ў адпаведнасці з вызначанай працэдурай, то агрэсію РФ супраць Украіны можна разглядаць як унутраны працэс.
Пра тое, што роспуск СССР быў нібыта незаконным, яго юрыдычны статус патрабуе разгляду, а дэпутаты гатовыя гэтым заняцца, заявіла ТАСС яшчэ адна дэпутатка Дзяржаўнай думы РФ Ніна Астаніна.
,,«І юрыдычна, і палітычна, і з пункту гледжання чалавечай, па сутнасці, справы, спыненне існавання Савецкага Саюзу было незаконным, бо ніхто не надзяляў паўнамоцтвамі ні [Станіслава] Шушкевіча, ні [Барыса] Ельцына, ні [Леаніда] Краўчука падпісваць так званыя Белавежскія пагадненні. І да сённяшняга дня гэта юрыдычна спрэчны дакумент», – сказала Астаніна.
Нагадаем, што падобныя ідэі не саромеюцца распаўсюджваць і дзяржаўныя медыі Беларусі. Гэтак, прадстаўнік расейскіх акупацыйных уладаў у Херсонскай вобласці Украіны, намеснік «губернатара» Уладзімір Бадэлан у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» расказаў, што марыць пра тое, каб Беларусь перастала быць незалежнай дзяржаваю.
Бадэлан расказаў, што нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і не бачыць розніцы паміж беларусамі, расейцамі, украінцамі або казахамі. Ён выказаў спадзеў, што ў будучыні такія суседнія дзяржавы, як Беларусь, «якія сёння пакуль яшчэ ёсць незалежнымі – асобныя дзяржавы», будуць аб’яднаныя ў «адно вялікае грамадства».
Якуб Хруст belsat.eu