навіны

На аднаго беларуса прыпадае 30,4 квадратнага метра жытла. А што ў суседніх краінах?

Будаўніцтва жыллёвага комплексу «Менск Свет»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2024 годзе на аднаго беларуса прыпадала ў сярэднім 30,4 м2 жытла. «Белсат» паглядзеў, як ідуць справы з жылплошчай у нашых суседзяў.

Беларусь: 30,4 м2 на аднаго жыхара (2024 год)

Пакуль статыстыка ў Беларусі выходзіць не самая вясёлая: жытла не хапае, а тыя, хто мае патрэбу, стаяць у чарзе амаль 30 гадоў.

Гэтак, на 1 студзеня 2025 года ў Беларусі было 276,7 млн квадратных метраў жытла, з іх дзяржаўнага – 16,3 млн і прыватнага – 260 млн «квадратаў». У сярэднім выходзіць, што кожны беларус мае такую польскую «кавалерку» (кватэра-студыя) на 30,4 м2 і за апошні год яна павялічылася на 50 см2.

У 2024 годзе на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, стаялі больш за 558 000 сем'яў. З улікам таго, што за ўвесь мінулы год палепшылі свае жыллёвыя ўмовы толькі 20 700 сем'яў, якія маюць у гэтым патрэбу, апошняя сям'я са спісу 2024 года можа атрымаць новае жытло прыкладна праз 27 гадоў.

Польшча: 32,4 м2 на аднаго жыхара (2023 год)

Польшча вядомая сваімі праблемамі з перанаселенасцю ў буйных гарадах пасля 2022 года, але нават пры ўсім гэтым жытла тут было больш, чым у Беларусі ў 2024-м: у сярэднім больш за 32 м2 на чалавека.

Апошнія афіцыйныя звесткі для Польшчы ёсць толькі за 2023 год, тады ў краіне налічвалася больш за 15,7 млн жылых памяшканняў агульнай плошчай 1 190,7 млн м2. Што ў пераліку на 36,69 млн жыхароў дае 32,4 м2 на кожнага.

Літва: 38,2 м2 на аднаго жыхара (2022 год)

Звесткі пра Літву за 2022 год (навейшых пакуль няма) паказваюць самую вялікую лічбу ў нашай падборцы. Тады паказнік сярэдняй жылой плошчы на аднаго чалавека складаў 38,2 м2.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Людзі пераходзяць пешаходны пераход на Нямізе. Менск, Беларусь. 12 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Колькі сабе і колькі дзяржаве? Палічылі падаткі і заробкі Аналітыка

Латвія: 32,3 м2 на аднаго жыхара (2021 год)

З латышскаю статыстыкаю працаваць складана, звесткі адшукаліся толькі за 2021 год. Але нават тады на аднаго жыхара краіны прыходзілася больш жылплошчы, чым праз тры гады ў Беларусі: 32,3 м2 у сярэднім.

Праўда, паводле той жа статыстыкі, з агульнай долі шматкватэрных дамоў у Літве толькі 4 % былі пабудаваныя пасля 1993 года.

Расея: 29,5 м2 на аднаго жыхара (2024 год)

У сярэднім на кожнага чалавека ў РФ яшчэ менш жылплошчы, чым у Беларусі. Па выніках 2024 года на кожнага жыхара Расеі было ўсяго 29,5 м2.

Сацыяльная норма жылой плошчы ў Расеі складае 33 м2 на аднаго чалавека.

Украіна: 23,7 м2 на аднаго жыхара (2024 год)

У краіне, дзе ідзе вайна, весці статыстыку здаецца бессэнсоўным: практычна кожны дзень расейскія ракеты знішчаюць чыйсьці дом, пры гэтым у іншых рэгіёнах новыя дамы растуць нібы грыбы пасля дажджу.

Аднак звесткі тут абнаўляюцца часцей, чым у Латвіі і Літве. Так, Дзяржаўная служба статыстыкі Украіны паведамляе, што станам на 2024 год сярэдняя забяспечанасць жытлом на аднаго чалавека склала 23,7 м2. Прычым за апошнія пяць гадоў гэтая лічба вырасла на адзін квадратны метр.

А што з нерухомасцю ў іншых краінах?

У краінах з высокім узроўнем жыцця можна назіраць тэндэнцыю да павелічэння жылплошчы на чалавека праз памяншэнне сярэдняга памеру сям'і і імкнення да больш камфортных умоваў пражывання.

У Аўстраліі на душу насельніцтва прыпадае больш прасторы, чым у любой іншай краіне свету – 86 м2. Хто бачыў стандартныя дамы і кватэры ў ЗША, той не здзівіцца таму, што сярэдняя плошча жытла там не нашмат адстае ад Аўстраліі, – 81 «квадрат».

У шэрагу краінаў Еўропы з жылплошчай таксама лепей, чым у Беларусі: у Нідэрландах сярэдняя жылплошча – 65 м2, у Нямеччыне – 47,5 м2, Францыі – 39 м2, Вялікай Брытаніі – 37,2 м2.

Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10