Паводле вядомых звестак, у Беларусі за салідарнасць з Украінай асудзілі больш за 220 чалавек, у Расеі – 1200 пры насельніцтве ў 15 разоў большым.
Паводле інфармацыі «Вясны», за два месяцы, люты і сакавік 2022 года, за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1500 чалавек. Для параўнання, у Расеі за амаль год, з 24 лютага 2022 года да 17 лютага 2025 года, за антываенныя акцыі затрыманыя больш за 20 тысяч чалавек, паводле ovd.info.
Станам на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 41 чалавека асудзілі за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі ў медыі засудзілі мінімум 93 асобы.
Агулам пад крымінальны пераслед за салідарнасць з Украінай трапілі больш за 220 чалавек (40 з якіх – жанчыны), з іх не менш за 106 асобаў застаюцца ў зняволенні. У Расеі з 2022 года распачалі 1185 крымінальных справаў за антываенную пазіцыю, цяпер за кратамі 372 асобы (пры насельніцтве 144 млн чалавек).
У Беларусі дасюль пераследуюць за адкрытае падтрыманне Украіны. Арышты прызначаюць за публічныя лозунгі «Слава Украіне», за ўкраінскі сцяг на аватары ў сацсетках і нават за спяванне ўкраінскіх песень у караоке. Віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok, выкананне ўкраінскага гімну або надпіс «Не вайне» суд у Беларусі лічыць «несанкцыянаваным пікетаваннем».
Але маштабы рэпрэсіяў у Беларусі і Расеі могуць быць значна большымі, бо аўтарытарныя рэжымы хаваюць вынікі палітычнага пераследу ўнутры краінаў.
Тэса Анэйда belsat.eu