23 траўня адбылася онлайн-прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэяў (ЦНІ) «У цені Лукашэнкі: беларускі кіроўны клас у пачатку транзіту ўлады». У дакуменце аналізуюцца цяперашняя кіроўная эліта Беларусі, яе погляды, а таксама магчымыя ролі ў выпадку адыходу ад улады Аляксандра Лукашэнкі.
Заснавальнік ЦНІ Рыгор Астапеня, які і прэзентаваў даследаванне, адзначыў, што працэс транзіту ўжо пачаўся, бо «Аляксандр Лукашэнка ўсё-такі старэе і ёсць нейкія змены ўнутры самой сістэмы». Хоць, маўляў, галоўныя змяненні адбудуцца «не заўтра і не паслязаўтра».
Што з сябе ўяўляе кіроўная эліта
Даследнік падкрэсліў, што прадстаўнікі сённяшняй кіроўнай эліты Беларусі абсалютна залежныя ад Лукашэнкі і амаль усе пабудавалі свае кар’еры пры ім. З тых, хто прыйшоў ва ўладу разам з Лукашэнкам, застаўся хіба 83-гадовы старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, але і ён праз свой век «хутка ўжо будзе сыходзіць».
Стрыжнем жа беларускай кіроўнай эліты Астапеня назваў лаяльнасць да Лукашэнкі, а не ідэалогію. Таму сярод прадстаўнікоў улады можна пабачыць людзей з рознымі поглядамі на вонкавую палітыку, нацыянальныя праекты або эканоміку – «там больш разнастайна, чым нам можа падавацца».
Даследнік падкрэсліў, што, нягледзячы на персаналісцкі рэжым і падпарадкаванасць, кіроўная эліта ўсё ж мае ўплыў у краіне, у тым ліку праз тое, што фармуе інфармацыйнае поле вакол Лукашэнкі, прапаноўвае пэўныя развязанні і выконвае прынятыя рашэнні. Аднак, дадаў Рыгор Астапеня, кіраўнік краіны не дазваляе ім назапашваць рэсурсы. Гэтак, чыноўнікі, нават займаючы высокія пасады дзесяцігоддзямі, не маюць доступу да фінансавых рэсурсаў, а ў сям’і Лукашэнкі, якая мае вялікія рэсурсы, палітычны ўплыў не такі і вялікі. Не спрыяе назапашванню рэсурсаў і сістэма перасоўвання людзей на розныя пазіцыі. Тыя ж, хто неяк назапашвае рэсурсы, ёсць «адносна ўнікальнымі людзьмі для беларускай палітычнай сістэмы».
Астапеня таксама адзначае значнае амаладжэнне беларускай кіроўнай эліты. Калі на пачатку прэзідэнцтва Лукашэнкі кіраўнікі ўраду і ягонай Адміністрацыі былі аднаго веку з ім або нават старэйшымі, то цяпер прэм’ер на 21 год маладзейшы за Лукашэнку, а кіраўнік адміністрацыі – на 27 гадоў. То бок, падкрэсліў даследнік, у кіроўнай эліце Беларусі змянілася пакаленне.
Пры гэтым сярод уладных колаў няма адзінства, што звязана ў тым ліку з міжведамаснай канкурэнцыяй. Найбольш яскрава гэта бачна ў сілавых службах, функцыі якіх часта дублююцца. А вось у пытаннях вонкавай палітыкі ўся беларуская кіроўная эліта арыентаваная на Расею. Гэта адбываецца як праз кроўныя ці працоўныя сувязі, гэтак і праз антызаходнюю афіцыйную палітыку. Прызнаючы факт адмоўнай селекцыі ў кіроўныя эліты, Астапеня разам з тым адзначыў, што гэта не прывяло да распаду палітычнай сістэмы:
,,«Сістэма працуе ўстойліва, людзі, якія адказваюць за эканоміку, з задачамі спраўляюцца, людзі, якія адказваюць за сацыялку, з задачамі спраўляюцца».
Даследнікі таксама склалі сярэднестатыстычны партрэт прадстаўніка беларускай кіроўнай эліты на падставе 211 кіраўнікоў Адміністрацыі, міністэрстваў, ведамстваў, буйных дзяржаўных медыяў і праўладных арганізацыяў. Гэта ў сярэднім мужчыны ў веку прыкладна 50 гадоў, якія часцей за ўсё ў якасці другой адукацыі скончылі Акадэмію кіравання. Насуперак ранейшым уяўленням, у кіраўніцтве раўнамерна прадстаўленыя ўсе рэгіёны краіны і няма перавагі сельскагаспадарчых ВНУ. Часта нават на цывільных пасадах працуюць людзі з досведам у сілавых ведамствах, як, напрыклад, міністр спорту. Найбольш кар’ерных перасячэнняў маюць Віктар Лукашэнка, Максім Рыжанкоў, Дзмітрый Крутой і Мікалай Снапкоў.

На якія групы можна падзяліць беларускія кіроўныя эліты
Што датычыць беларускіх кіроўных колаў, то іх у даследаванні вылучылі пяць: сям'я, адміністрацыйная вертыкаль, эканамічныя тэхнакраты, сілавікі і бізнес.
«Сям’я» ўключае не толькі сваякоў, але і знаёмых сям’і Лукашэнкі, якія маюць пэўны ўплыў і на кіраванне краінай, і на бізнес-працэсы. Таксама яны граюць пэўную ролю ў палітычнай сістэме, адказваючы за стасункі з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, з бізнес-коламі і іншымі. Сярод сыноў Лукашэнкі найбольшае кола мае старэйшы, Віктар, найменшае – малодшы, Мікалай. У сітуацыі транзіту «сям’я» зацікаўленая ў гарантыях бяспекі і захаванні ўплыву, адзначыў Астапеня.
«Адміністрацыйная вертыкаль», хоць і падзеленая на розныя часткі, але «працуе больш-менш як цэласная сістэма». Найбольшым уплывам карыстаюцца людзі, набліжаныя да Лукашэнкі (памочнікі, сакратары, ахоўнікі), якія фармуюць ягоны графік і ягоны доступ да інфармацыі. Пасля паводле ўплыву ідуць Адміністрацыя Лукашэнкі, Савет бяспекі, МЗС, аналітычныя і прававыя цэнтры.
«Таксама ёсць органы, якія не могуць неяк убудавацца ў вертыкаль, бо ім не могуць прыдумаць ды канца ролі – гэта Усебеларускі народны сход і парламент Беларусі, абедзве палаты», – сказаў Астапеня.
Паводле яго, для гэтай групы пры транзіце галоўнае не нешта атрымаць, а не страціць у выніку сыходу Лукашэнкі.
,,«Эканамічныя тэкнакраты» – гэта эканамічны блок ураду, Нацыянальны банк і ў меншай ступені аблвыканкамы. І хоць гэтае кола ўспрымалася як адрознае ад Лукашэнкі і як схільнае перайсці на прадэмакратычны бок, яна паказалі сябе лаяльнымі да ўладаў. Эканамічныя тэхнакраты складаюць кола, якое долей за ўсіх застаецца на сваіх пасадах, што тлумачыцца іхнаю важнасцю для захавання сістэмы. Пры транзіце гэты блок зацікаўлены, аднак, не столькі ў самой сістэме, колькі ў яе прадказальнасці.
«У іх ёсць перакананне, што паколькі яны зʼяўляюцца кампетэнтнымі людзьмі ў сваёй сферы, то яны ўсё адно застануцца ў нейкай ступені пры ўладзе, нават калі адбудзецца нейкая змена, і некаторыя з іх нават змогуць прэтэндаваць на ўладу ў выпадку змены», – заявіў Астапеня.
«Сілавікі» прадстаўляюць больш як дзясятак розных інстытутаў, найбольш важныя з якіх – МУС, КДБ і Служба бяспекі. «У іх самая стабільная пазіцыя ў палітычнай сістэме, паколькі гэта яе апірышча і на іх гэта ў нейкай ступені трымаецца. Гэта самае ахоўнае кола сістэмы. Яны зацікаўленыя ў захаванні статус-кво і пасля транзіту ўлады», – сказаў Астапеня.
Хоць вага сілавікоў унутры беларускай палітычнай сістэмы і павялічылася, Астапеня не раіў бы перабольшваць іхнага значэння для самога кіравання краінай. У тым ліку таму, што ані кіраўнік Адміністрацыі, ані кіраўнік ураду не ёсць сілавіком. Даследнік падкрэсліў, што сілавікі не забяспечваюць сістэмы рэсурсамі, а выступаюць яе бенефіцыярамі. Таму яны «не да канца могуць быць тымі людзьмі, хто будзе кіраваць пасля».

«Бізнес» жа ўключае як дзяржаўныя, гэтак і калядзяржаўныя структуры ды людзей, набліжаных да ўладаў. Яны зацікаўленыя ў паступовай трансфармацыі сістэмы, але таксама і ў яе захаванні, у тым ліку дзеля далейшага доступу да расейскага рынку, які зрабіўся для «іх асноўным, а часам і адзіным».
У цэлым, паводле Астапені, беларуская палітычная сістэма можа існаваць і без Лукашэнкі, бо «складаецца з адносна кампетэнтных людзей, якія зацікаўленыя ў тым, каб гэтая сістэма жыла». Тым не менш, сказаў ён, у выпадку пэўнай «іншай дынамікі» пасля сыходу кіраўніка краіны людзі ўнутры сістэмы могуць разысціся па розныя бакі, бо яны самыя розныя і па-рознаму ўяўляюць сваю будучыню.
На ўладу ж пасля Лукашэнкі, гаворыцца ў даследаванні, могуць прэтэндаваць як прадстаўнікі «сям’і», перадусім старэйшы сын Віктар, гэтак і лідары «адміністрацыйнай вертыкалі» і «эканамічных тэхнакратаў». Тым больш, што іхны век 50-55 гадоў «дае ім магчымасць дачакацца сыходу Лукашэнкі». Паводле даследавання, у выпадку транзіту роля «сілавікоў», «хутчэй за ўсё, будзе дапаможнай», а роля бізнес-супольнасці, хаця і здаецца цяпер нязначнай, у палітычнай сістэме Беларусі без Лукашэнкі, наадварот, можа павялічыцца.

Астапеня падкрэсліў, што «эканамічныя тэхнакраты» і часткова «бізнес» найбольш прыхільныя да трансфармацыі, тады як «сілавікі» – найменш, а «адміністрацыйная вертыкаль» знаходзіцца недзе пасярэдзіне. А вось пазіцыю «сям’і» зразумець цяжка, сказаў ён. Пры гэтым даследаванне не выключае, што «захавальнасць» сілавікоў і іншых колаў будзе змяншацца «па меры таго, як з сістэмы будуць вымывацца тыя, для каго захаванне статус-кво будзе неабходным для пазбягання крымінальнага пераследу».
,,«Няма пэўнасці, якія інстытуты будуць выкарыстоўвацца для транзіту ўлады. Інстытуцыйных варыянтаў занадта шмат, гэта можа ўскладніць выбар пераемніка, паколькі ўдзельнікі працэсу могуць паказваць, што былі розныя варыянты. Больш за тое, усе разумеюць, што інстытуты транзіту ўлады – ці то УНС, ці то Савет бяспекі – могуць аказацца зусім бессэнсоўнымі. Ці ж іх роля будзе фармальнай: гэта значыць праз нейкую з працэдураў будзе праведзеная пастанова, прынятая нефармальна стэйкгоўлдарамі рэжыму Лукашэнкі», – гаворыцца ў даследаванні.
Яго аўтары адзначаюць, што сённяшні кіроўны клас выглядае больш ліберальным за Лукашэнку. Аднак, паводле іх, няма падставаў меркаваць, што гэты клас у будучыні будзе гатовы будаваць паўнавартасную дэмакратыю. Больш за тое, даследнікі не выключаюць, што палітычныя крызісы пасля Лукашэнкі могуць прывесці да таго ж узроўню рэпрэсіяў, што і цяпер.
,,«Варта разумець, што вельмі шмат можа змяніцца па факце. […] Дынаміка, якая будзе адбывацца ў часе транзіту ўлады, шмат у чым можа перакрэсліць некаторыя з тых рэчаў, якія мы зразумелі ў нашым даследаванні. І калі сапраўды адбудзецца гэты сыход, то шмат фактараў могуць паўплываць на яго», – заявіў Астапеня.
Сярод магчымых фактараў уплыву ён назваў перадусім Расею, але таксама магчымыя пратэсты або эканамічны крызіс. Што датычыць Расеі, то, на думку даследніка, сам Лукашэнка думае, як абмежаваць уплыў Крамля на «манархічны» транзіт улады – ад сябе да сына. Калі ж транзіт будзе адбывацца ўнутры больш шырокага кола, то тады Расея будзе мець большы ўплыў. Астапеня мяркуе, што Крэмль не абавязкова можа рабіць стаўку на сілавіка, гэта можа быць і прадстаўнік вертыкалі або эканамічны тэхнакрат. Аднак, дадаў даследнік, Масква будзе выразна выступаць супраць тых, каго будзе лічыць антырасейскімі. Тым не менш, падкрэсліў Астапеня, і тут «шмат што залежыць, у якім стане будзе сама Расея, наколькі яна будзе мець рэсурсы для таго, каб забяспечваць уласнае ўяўленне аб тым, што павінна быць у Беларусі».
Макар Мыш belsat.eu