Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп распарадзіўся разгарнуць 2000 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў адказ на пратэсты ў Лос-Анджэлесе супраць іміграцыйных рэйдаў. Пра гэта паведамілі ў Белым доме.
Разгортванне вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі тлумачыцца тым, што «апошнім часам адбылося мноства выпадкаў гвалту і беспарадкаў, якія пагражаюць працягнуцца ў адказ на забеспячэнне захавання федэральнага закону Іміграцыйнай і мытнай паліцыяй ЗША (ICE) і іншымі працаўнікамі ўраду ЗША, якія выконваюць федэральныя функцыі і падтрымліваюць добрасумленнае выкананне федэральных іміграцыйных законаў».
Міністр абароны Піт Гэгсэт папярэдзіў, што Пэнтагон гатовы мабілізаваць дзейныя войскі, «калі гвалт [у Лос-Анджэлесе] працягнецца», заявіўшы, што марскія пехацінцы ў суседнім Кэмп-Пэндлтане застаюцца «ў стане павышанай гатовасці», паведамляе «Reuters».
Губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам заявіў, што Трамп прыцягвае Нацыянальную гвардыю «не таму, што не хапае працаўнікоў праваахоўных органаў, а таму, што яны хочуць відовішча». Ён назваў ненармальнымі заявы Гэгсэта «пагражаць разгортваннем дзейных марскіх пехацінцаў на амерыканскай зямлі супраць амерыканскіх грамадзянаў».
Доналд Трамп напісаў на сваёй платформе Truth Social, што калі ўлады Каліфорніі і Лос-Анджэлесу не змогуць выконваць сваёй працы, «тады федэральны ўрад умяшаецца і справіцца з праблемай, беспарадкамі і рабаўнікамі так, як гэта павінна быць зроблена!!!»
,,«Мяцежнікі з замежнымі сцягамі нападаюць на працаўнікоў Іміграцыйнай службы, у той час як палова палітычнага кіраўніцтва Амерыкі пастанавіла, што памежны кантроль – гэта зло», – адзначыў віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс.
Закон 1807 года ўпаўнаважвае прэзідэнта ЗША выкарыстоўваць войска для забеспячэння выканання закону і задушэння грамадскіх беспарадкаў. Апошні раз ён быў ужыты падчас беспарадкаў у Лос-Анджэлесе ў 1992 годзе.
У Лос-Анджэлесе ўвечары 6 чэрвеня ўспыхнулі пратэсты пасля таго, як Іміграцыйная і мытная паліцыя (ICE) правяла па горадзе рэйды. Частка пратэстоўцаў уздымае сцяг суседняй Мексікі. Пад варту былі ўзятыя дзясяткі людзей. У пачатку супрацьстаяння некаторыя пратэстоўцы кідалі ў паліцыянтаў кавалкі бетону, у адказ паліцыя скарыстала слезацечны газ і святлошумавыя гранаты.
Раней у той жа дзень у тэленавінах былі паказаныя караваны аўтамабіляў вайсковага ўзору без апазнавальных знакаў і фургонаў з федэральнымі агентамі ў форме, якія ехалі вуліцамі Лос-Анджэлесу ў рамках антыімігранцкай аперацыі. Падобныя зачысткі раней прайшлі ў шэрагу амерыканскіх гарадоў у межах маштабнай барацьбы прэзідэнта ЗША з нелегальнай іміграцыяй.
Якуб Хруст belsat.eu