навіны

У летніку ў Віцебскай вобласці сёлета будзе «абаронна-патрыятычная» змена

Вучэбна-палявыя зборы навучэнцаў кадэцкіх вучэльняў
Сумесныя вучэбна-палявыя зборы навучэнцаў кадэцкіх вучэльняў. 2023 год. Фота: belkadet.by
podpis źródła zdjęcia

У летніку «Лугаўцы» ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці дзяцей ад 6 да 17 гадоў набіраюць у абаронна-патрыятычную змену, якая пройдзе з 22 ліпеня да 5 жніўня.

Чытайце таксама:
Сумесныя вучэбна-палявыя зборы навучэнцаў кадэцкіх вучэльняў. 2023 год. Фота: belkadet.by

Ваенізацыя або адукацыя? Навошта дзяржава ўзбройвае шкаляроў

Кошт пуцёўкі на 15 дзён адпачынку – ад 523 да 531,55 руб. у залежнасці ад узросту дзіцяці. Палову кампенсуе дзяржава, бацькі мусяць заплаціць ад 238 да 246,55 руб.


Абаронна-патрыятычная змена будзе праводзіцца ў «Лугаўцах» ды, бадай што, агулам у беларускіх летніках упершыню. Больш распаўсюджаныя і ўжо традыцыйныя ў апошнія гады – вайскова-патрыятычныя змены, летнікі, класы і да т. п.


У «Лугаўцах» сёлета ўсе змены будуць не звычайныя аздараўленчыя, а тэматычныя: мастацкая, турыстычна-краязнаўчая, сацыяльна-педагагічная і абаронна-патрыятычная.


Чым будуць займацца дзеці падчас абаронна-патрыятычнай змены, ад каго і як абараняцца, не ўдакладняецца.


За ўсё лета ў летніку «Лугаўцы» змогуць пабываць каля 500 дзяцей. Яшчэ 105 дзяцей плануецца аздаравіць у школьных летніках. Агулам у Дубровенскім раёне 1250 школьнікаў, адпаведна, палова з іх на адпачынак у летнік не трапяць, заўважае тэлеграм-канал «Orsha.eu навіны пра Оршу».


Мілітарызацыя школы і пазашкольнай занятасці вучняў належыць да трэндаў апошніх гадоў у беларускай сярэдняй адукацыі. Гэтак, у вучэбныя планы ў беларускіх школах унеслі пункт пра тое, што з 2026 года для дзесяцікласнікаў будуць праводзіцца вучэбна-палявыя зборы. Праводзіцца гэтыя вучэнні будуць цягам дзесяці дзён, адразу пасля заканчэння навучальнага года – з 26 траўня да 5 чэрвеня. Заняткі будуць арганізаваныя на базах найбліжэйшых вайсковых частак, вайсковых кафедраў ВНУ або ў спецыялізаваных цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі.


Заняткі будуць праводзіць настаўнікі «з прыцягненнем кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу вайсковых частак». Дзесяць дзён будуць уключаць у сябе 60 вучэбных гадзінаў, у тым ліку заняткі па тактычнай, фізічнай, вайскова-медычнай падрыхтоўцы, наданні першай дапамогі. Увагу будуць надаваць таксама страявой і агнявой падрыхтоўцы, абароне ад зброі масавага паражэння, вывучэнню вайсковых статутаў.


На думку акадэмічнага дырэктара Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Андрэя Лаўрухіна, з’яўленне ў навучальных планах для школьнікаў дзясятых класаў вучэбна-палявых збораў сведчыць пра паступовую мілітарызацыю адукацыі і ўбудаванне яе ў зусім іншую сістэму каардынатаў і каштоўнасцяў, звязаных менавіта з мабілізацыяй грамадства і падпарадкаваннем яго мілітарысцкім мэтам і каштоўнасцям. Апошнім часам бачна, што школа пачала займацца выхаваннем будучых салдатаў, якія могуць спатрэбіцца найбліжэйшым часам, мяркуе эксперт.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10