навіны

У Беларусі ўвялі ліцэнзіі на вываз бульбы з краіны

Бульба
Бульба. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Беларускі ўрад на тры месяцы ўвёў ліцэнзаванне вывазу бульбы за мяжу. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Мэта ліцэнзавання – забеспячэнне ў поўным аб'ёме ў міжсезонны перыяд унутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй. Ліцэнзіі на вываз будзе выдаваць МАРГ на падставе ўзгаднення з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.


Пастанова аб магчымасці выдачы такой ліцэнзіі будзе прымацца, зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў бульбы ў Беларусі і патрэбы краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі.


У лютым 2022 года ў Беларусі ўводзіліся ліцэнзіі на вываз цыбулі, капусты і яблыкаў, у снежні 2023-га – толькі на цыбулю і яблыкі. У жніўні 2024 года пад ліцэнзаванне трапілі таматы на перыяд з 1 лістапада 2024 года да 2 сакавіка 2025-га.


Сёлетні ўраджай бульбы ў Беларусі – каля 900 тысяч тонаў. Гэта менш, чым у 2023 годзе, калі было сабрана больш за 1 мільён тонаў. Ураджайнасць склала 306 цэнтнераў з гектара (у 2023 годзе – 359 цэнтнераў).


У лістападзе намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка казаў, што на экспарт плануецца адправіць каля 300 тысяч тонаў бульбы.


Надоечы «BELPOL» паведамляў, што ў распараджэнні арганізацыі апынуліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў беларускіх крамах не хапае гародніны.


,,

«Няма нічога – і гэта не дзесьці ў пачатку ці сярэдзіне вясны. Гэта цяпер. Гэта дакументы за восень 2024 года. Сітуацыя ўвогуле жахлівая», – каментаваў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Вечерний Бобруйск

Дакументы «BelPol»: Беларускія гандлёвыя сеткі скардзяцца на адсутнасць садавіны і гародніны

навіны

Запасаў бульбы на складах – на два дні, капусты – на дзень, морквы – на 6 дзён. З такімі скаргамі скіроўвала ліст у Міністэрства гандлю гандлёвая сетка «Санта».


Іншая гандлёвая сетка – «Грын» – паведамляла: айчынных яблыкаў на іх складах увогуле няма. Складана і з іншай гароднінаю: бульбаю крама забяспечаная толькі на 30 % ад штомесячных патрэбаў. Рэтэйлер адзначаў: агульны аб’ём паставак беларускай гародніны цягам года абрынуўся з 80 да 12 %.


Дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы кампенсаваць недахопу не могуць – ураджайнасць не дазваляе. Закрытыя дакументы Белстату сведчаць: сёлета ў Віцебскай вобласці з гектара сабралі бульбы на 97 цэнтнераў менш, чым летась. Амаль на 40 % зменшыўся збор гэтых караняплодаў у Гарадзенскай вобласці. Адначасова цягам года пастаўкі бульбы з Расеі ў нашую краіну павялічыліся на 26,78 % – са 188 тысяч тонаў да 238 тысяч тонаў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10