У судзе Ленінскага раёну Горадні 30 траўня вынеслі завочны прысуд саўладальніку будынку, у якім месціцца польскае консульства, 72-гадоваму Станіславу Буйніцкаму, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Буйніцкага абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Над бізнесоўцам правялі завочны суд, які прызначыў мужчыну тры з паловай гады калоніі, але потым адзін год знялі паводле амністыі «ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Таксама Буйніцкаму прызначылі штраф памерам 2000 базавых велічыняў (84 000 рублёў).
Акрамя таго, пастаноўлена канфіскаваць як «сродак здзяйснення злачынства» адміністрацыйны будынак па адрасе: праезд Эміля Чэчкі, 1 і 2 (да жніўня 2023 года – вуліца Будзённага, 48А), дзе размяшчаецца адміністрацыйны будынак «Форт» і польскае консульства.
Як раней пісалі медыі, уласнікі будынку расцэньвалі арышт дому як незаконны, бо «паводле міжнародных дамоваў нельга арыштаваць будынак, у якім месціцца генеральнае консульства».
Станіслаў Буйніцкі ў 1990-ыя гады быў намеснікам старшыні Саюзу палякаў у Беларусі. З 1999 года жыве ў Беластоку – эміграваў з палітычных прычынаў, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым заставаўся саўладальнікам ТАА «Форт», якому належыць будынак польскага консульства ў Горадні. Гэты адрас быў ледзь не адзіным месцам у Горадні, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычынаў адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах. На сённяшні момант нерухомасць па гэтым адрасе арыштаваная.
Лёс будынку абмяркоўваўся на лініі МЗС Польшчы яшчэ ў ліпені 2024 года. Улетку 2024 года прапагандысцкія Telegram-каналы публікавалі інфармацыю, якая дыскрэдытуе «Форт»: нібыта прадпрыемства брала велізарныя грошы за арэнду і не сачыла за станам нерухомасці. Таксама фірму абвінавачвалі ў тым, што яна не хоча мяняць табліцы з назваю вуліцы пасля таго, як адрас Будзённага, 48А змянілі на праезд Эміля Чэчкі, 2.
Праезд Эміля Чэчкі, названы ў гонар польскага дэзерціра, які збег у Беларусь і пазней засіліўся, з’явіўся ў Горадні ў жніўні 2023 года. Праезд праходзіць ад вуліцы Будзённага паміж дамамі 46 і 48 да вуліцы Ажэшкі паміж дамамі 47 і 49. Ён вядзе да вялікага офіснага будынку з генеральным консульствам Польшчы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu