навіны

Падчас аперацыі «Павуціна» у Расеі падбілі той самы самалёт, які быў пашкоджаны ў Мачулішчах

Самалёт
Самалёт далёкага выяўлення і навядзення А-50У «Сяргей Атаянц». Фота: Мінабароны РФ / structure.mil.ru
podpis źródła zdjęcia

Украінскі OSINT-тэлеграм-канал «КіберБорошно» распавёў пра самалёты, пашкоджаныя дронамі 1 чэрвеня падчас аперацыі «Павуціна». Сцвярджаецца, што адзін з іх – той самы, які ў лютым 2023 года быў падбіты пад Менскам на аэрадроме ў Мачулішчах таксама ўкраінскім дронам.

Украінцы пішуць, што падбіты быў менавіта 41 самалёт, і датычнага кожнага ёсць відэа з дронаў, але некаторыя запісы яшчэ трэба правяраць.


Былі пашкоджаныя два працуючыя самалёты А-50. Адзін з іх – з нумарам борту RF-50608.

,,

«Гэта менавіта той борт, які быў пашкоджаны ў Беларусі. Тады яго адрамантавалі, а гэтым разам пацверджана пашкоджанне некалькімі дронамі і наўрад ці ён здольны вярнуцца да баявога выкарыстання», – сцвярджаецца ў тэлеграм-канале.


Чытайце таксама:
Атака на расейскі вайсковы аэрадром у Аленягорску, 1 чэрвеня 2025 года. Скрыншот з відэа: Exilenova+ / Telegram

Пуціну няма чым адказаць на ўкраінскую атаку на аэрадромы – заходнія эксперты

Самалёт базаваўся на аэрадроме «Іванава» – адным з чатырох, што былі атакаваныя ўкраінцамі 1 чэрвеня.


Нумар другога самалёту пад пытаннем, але верагодней за ўсё гэта RF-50601 ці RF-94268. Такім чынам, пашкоджаныя 2 з 4 бартоў такога тыпу ў працоўным стане, паведамляюць украінцы.


Таксама ёсць інфармацыя пра нязначныя пашкоджанні аднаго Ту-160 абломкамі ад дэтанацыі.


Прадстаўнік НАТО падчас сустрэчы з журналістамі 4 чэрвеня заявіў, што ў выніку аперацыі СБУ «Павуціна» былі пашкоджаныя 40 расейскіх самалётаў, з якіх ад 10 да 13 былі цалкам знішчаныя. Паводле гэтага ж прадстаўніка Паўночнаатлантычнага альянсу, знішчаныя самалёты «адказныя за больш чым тры тысячы крылатых ракетаў, якія пашкодзілі аб’екты крытычнай інфраструктуры ці цывільныя аб’екты ва Украіне ад пачатку вайны».


1 чэрвеня падчас аперацыі, якой далі назву «Павуціна», дроны СБУ паразілі мішэні адразу на чатырох вайсковых аэрадромах РФ – «Белая», «Дягилево», «Оленья», «Иваново» у Мурманскай, Іванаўскай, Разанскай і Іркуцкай вобласцях. Сібірскі рэгіён зазнаў абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.


Прыблізны кошт пашкоджанай стратэгічнай авіяцыі Расеі, паводле ацэнак СБУ, перавышае 7 мільярдаў долараў ЗША.


А-50 – самалёт-выведнік. З лютага 2023 года, калі такі борт быў пашкоджаны ў Мачулішчах, больш падобныя самалёты ў Беларусі не з’яўляліся. Аднак 27 траўня 2025 года ў паветранай прасторы Беларусі быў зафіксаваны расейскі Іл-20 – выведны самалёт, спецыялізаваны на радыёэлектроннай выведцы.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10