Уладзімір Пуцін падчас нарады з урадам Расейскай Федэрацыі 4 чэрвеня заявіў, што адмаўляецца сустракацца з кіраўніцтвам Украіны «на найвышэйшым узроўні», назваў украінскія ўлады тэрарыстамі і абвінаваціў іх у падрыве мастоў у Бранскай і Курскай вобласцях.
Прапанову сустрэчы Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ўкраінская дэлегацыя агучыла падчас перамоваў у Стамбуле 2 чэрвеня. Пуцін, як вынікае з ягонай заявы, адмовіўся, хоць і не згадаў наўпрост Зяленскага, кажучы пра кіраўніцтва Украіны.
,,«Нядаўні падрыў чыгуначных каляінаў у Бранскай і Курскай вобласцях – гэта, безумоўна, тэрарыстычны акт, і рашэнні аб здзяйсненні падобных злачынстваў, вядома, прымаліся ва Украіне на палітычным узроўні. [...] Яшчэ зусім нядаўна ўкраінскія ўлады і іх саюзнікі марылі пра стратэгічную паразу Расеі на полі бою. Сёння на тле вялізных стратаў, адступаючы на ўсёй лініі баявога судотыку, спрабуючы запужаць Расею, кіеўскаія вярхі перайшлі да арганізацыі тэрарыстычных актаў. На гэтым тле яны хочуць спынення агню на 30 ці 60 дзён, просяць сустрэчы лідараў, але пра што размаўляць з тымі, хто робіць стаўку на тэрор? За што іх узнагароджваць, даючы перадышку?» – спытаў кіраўнік Расеі.
Пуцін абвінаваціў Украіну ў нежаданні дамаўляцца, кіраўніцтва краіны – у адсутнасці кампетэнцыяў і палітычнай культуры, а Зяленскага назваў «кіраўніком наскрозь прагнілага і карумпаванага рэжыму».
Пры гэтым пра падрыў самалётаў і ўкраінскую аперацыю «Павуціна» Пуцін падчас нарады не згадаў.
Незадоўга да гэтай заявы Пуціна прэзідэнт Украіны падчас брыфінгу назваў мемарандум аб спыненні вайны, які перадаў у Стамбуле расейскі бок, невыканальным ультыматумам.
,,«Гэта не мемарандум аб узаемаразуменні. Як мінімум у мемарандуме аб узаемаразуменні павінны быць два бакі, а не проста адзін бок, які нечага патрабуе. Таму, адпаведна, мемарандумам гэта назваць нельга, то бок гэта ўсё ж такі ўльтыматум расейскага боку нам», – сказаў украінскі лідар.
У прыватнасці, немагчымымі для выканання і неадпаведнымі статуту ААН, Канстытуцыі Украіны і здароваму сэнсу Зяленскі назваў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расеі.
Зяленскі таксама зазначыў, што Украіна больш не хоча працягваць сустрэчы дэлегацыяў у Стамбуле, бо перамовы павінны быць працягнутыя на найвышэйшым узроўні.
«На выбар расейцаў: Стамбул, Ватыкан, Швейцарыя – усё гэта ёсць. Мы прапаноўваем сустрэчу з панядзелка ў любы дзень», – сказаў Зяленскі.
У Стамбуле 2 чэрвеня прайшоў другі раўнд перамоваў украінскай і расейскай дэлегацыяў. Сустрэча доўжылася крыху больш за гадзіну. Бакі прэзентавалі свае варыянты мемарандумаў наконт сканчэння вайны, а таксама дамовіліся пра абмен палоннымі і целамі загінулых жаўнераў.
Расея ў сваім мемарандуме выставіла цэлы шэраг умоваў, якія, на яе думку, павінны быць асновай для «ўрэгулявання канфлікту». Сярод галоўных – прызнанне Кіевам анексіі Крыму, Данбасу, а таксама Запарожскай і Херсонскай вобласцяў, якія Крэмль называе часткаю так званай Наваросіі. Акрамя гэтага, Расея патрабуе ад Украіны афіцыйнага нейтралітэту – забароны на ўдзел у вайсковых саюзах і супрацы з замежнымі арміямі; абмежавання абараназдольнасці (улучна з максімальнай колькасцю арміі, тэхнікі і забаронай на ядравую зброю); заканадаўчых зменаў – статус расейскай мовы як афіцыйнай, забарона на «нацыяналістычныя» партыі, арганізацыі і сімволіку; эканамічных і палітычных саступак – зняцце санкцыяў, аднаўленне дыпламатычных сувязяў, а таксама адмову ад любых прэтэнзіяў на кампенсацыю за шкоду, нанесеную вайной і інш.
Напярэдадні перамоваў у ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня ў Курскай і Бранскай вобласцях абрынуліся масты. У Бранскай вобласці гэта прывяло да таго, што з рэек сышлі чатыры вагоны з лакаматывам пасажырскага цягніка Клімава – Масква.
1 чэрвеня СБУ правялі аперацыю «Павуціна»: з дапамогай дронаў былі пашкоджаныя стратэгічныя бамбавікі на аэрадромах «Белая», «Дзягілева», «Аленья», «Іванава» ў Мурманскай, Іванаўскай, Разанскай і Іркуцкай вобласцях. Сібірскі рэгіён зазнаў абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Украіна заявіла пра знішчэнне 41 самалёта.
Марыя Міхалевіч belsat.eu