навіны

Перамовы ў Стамбуле скончыліся. Пра што дамовіліся бакі?

Перамовы Расеі і Украіны ў Стамбуле
Перамовы Расеі і Украіны ў Стамбуле. Крыніца: ВВС
podpis źródła zdjęcia

У Стамбуле 2 чэрвеня прайшоў другі раўнд перамоваў украінскай і расейскай дэлегацыяў. Гэтым разам сустрэча доўжылася крыху больш за гадзіну.

На другую сустрэчу бакі прывезлі варыянты мемарандумаў наконт сканчэння вайны.


Дэлегацыі дамовіліся пра новы абмен палоннымі. Пра гэта апавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас саміту «Бухарэсцкай дзявяткі» і паўночных краінаў, які праходзіў 2 чэрвеня ў Вільні.


Былі абмеркаваныя катэгорыі ваеннапалонных, якія будуць вызваленыя: гэта найперш цяжка параненыя і цяжка хворыя асобы, маладыя салдаты векам ад 18 да 25 гадоў.


Таксама дамовіліся вярнуць целы загінулых жаўнераў у фармаце 6000 на 6000.


Акрамя таго, украінская дэлегацыя перадала расейцам спіс 339 украінскіх дзяцей, прымусова вывезеных з украінскай тэрыторыі – Украіна настойвае на іхным вяртанні.

,,

«Вяртанне ўкраінскіх дзяцей – неад’емная частка справядлівага і ўстойлівага міру, а таксама ключавы элемент даверу, першы тэст на шчырасць намераў. Мы чакаем адказу. Мяч на баку Расеі», – заявіў Андрэй Ермак, кіраўнік Офісу Уладзіміра Зяленскага.


Паводле журналіста выдання «Economist» Олівэра Кэрала, які спасылаецца на ўласную крыніцу, знаёмую з хадою перамоваў, кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі адрэагаваў на патрабаванне вярнуць дзяцей саркастычна.


«Не рабіце спектакляў для жаласлівых бяздзетных еўрапейскіх бабулек», – сказаў расейскі чыноўнік.


Кэрал таксама зазначыў: працягласць перамоваў крыху больш за гадзіну сведчыць пра тое, што тэмаў для абмеркавання ў бакоў было няшмат.


«Што ўжо зразумела. Расея нарэшце перадала Украіне свой мемарандум пра сканчэнне вайны, Украіна ўжо перадала Расеі свой», – адзначыў журналіст.


Расейскі бок не пагадзіўся на безумоўнае спыненне агню і на асабістую сустрэчу Пуціна і Зяленскага. Украінская дэлегацыя прапанавала Расеі правесці яшчэ адну сустрэчу ў чэрвені.


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган назваў перамовы паміж Расеяй і Украінаю «цудоўнымі» і заклікаў правесці сустрэчу Зяленскага і Пуціна ў Турцыі.


Першы раўнд беспасярэдніх перамоваў паміж Расеяй і Украінай адбыўся ў Стамбуле 16 траўня.


Чакаецца, што трэці раўнд перамоваў таксама пройдзе ў Стамбуле.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10