Пасля другога раўнду перамоваў, якія адбыліся ў Стамбуле 2 чэрвеня, Крэмль перадаў Украіне дакумент, у якім прадстаўлены «асноўныя параметры канчатковага ўрэгулявання» і «прапановы аб спыненні агню», але, як вынікае з яго зместу, гаворка ідзе хутчэй пра патрабаванні, скіраваныя на легалізацыю акупацыі часткі тэрыторый і падрыў украінскай дзяржаўнасці.
У дакуменце Расея вылучае цэлы шэраг умоваў, якія, на яе думку, павінны стаць асновай для «ўрэгулявання канфлікту». Сярод галоўных – прызнанне Кіевам анексіі Крыма, Данбаса, а таксама Запарожскай і Херсонскай абласцей, якія Крэмль называе часткай так званай Наваросіі.
Акрамя гэтага, Расея патрабуе ад Украіны:
- Афіцыйнага нейтралітэту – забароны на ўдзел у вайсковых саюзах і супрацоўніцтва з замежнымі арміямі;
- Абмежавання ўласнай абароназдольнасці – уключна з максімальнай колькасцю арміі, тэхнікі і забаронай на ядравую зброю;
- Заканадаўчых зменаў – статус рускай мовы як афіцыйнай, забарона на «нацыяналістычныя» партыі, арганізацыі і сімволіку;
- Эканамічных і палітычных саступак – зняцце санкцый, аднаўленне дыпламатычных сувязяў, а таксама адмову ад любых прэтэнзій на кампенсацыю за шкоду, нанесеную вайной;
- Умяшанне ў гуманітарную і рэлігійную палітыку – у тым ліку патрабаванне аб зняцці любых абмежаванняў у дачыненні да Украінскай праваслаўнай царквы, падпарадкаванай Маскве.
Афіцыйны Кіеў рэзка адрэагаваў на чарговыя прапановы Расеі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў ініцыятыву Масквы, у якой нават кароткатэрміновае спыненне агню прапануецца дзеля «вынасу загінулых», цынічнай і абсурднай.
«Ідыёты», – коратка, але жорстка адказаў Зяленскі, падкрэсліўшы, што Украіна не будзе весці перамовы, якія фактычна азначаюць капітуляцыю.
Нагадаем, што Украіна таксама прадставіла свой план урэгулявання, у якім асновай мірнага працэсу названая поўная і безумоўная спыненне агню на ўсіх франтах. Сярод ключавых прапановаў — вяртанне выкрадзеных дзяцей, абмен палоннымі і вызваленне цывільных закладнікаў, стварэнне механізмаў, што выключаюць паўтор вайны, міжнародныя гарантыі бяспекі, захаванне ўкраінскага суверэнітэту і права на еўраатлантычную інтэграцыю.
Згодна з планам Украіны акупаваныя Расеяй тэрыторыі з 2014 года не прызнаюцца, пытанне межаў можа разглядацца толькі пасля поўнага спынення агню. Санкцыі могуць быць знятыя паступова, але з умовай іх аўтаматычнага вяртання ў выпадку парушэння дамоўленасцяў, а замарожаныя расейскія актывы будуць выкарыстаныя для аднаўлення Украіны. Увесь мірны працэс павінен суправаджацца выразнай дарожнай мапай з гарантыямі яе выканання.
Раман Шавель belsat.eu