навіны

У Стамбуле – чарговы раўнд перамоваў паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі

Прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі падчас папярэдняга раўнду перамоваў у Стамбуле. 16 траўня 2025 года. Фота: Bunyamin Celik/Anadolu via Getty Images
Прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі падчас папярэдняга раўнду перамоваў у Стамбуле. 16 траўня 2025 года. Фота: Bunyamin Celik/Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Расейская і ўкраінская дэлегацыя ўжо прыбылі ў Стамбул. Перад гэтым украінскі бок прэзентаваў асноўныя прынцыпы перамоваў з расейцамі. 

Дэлегацыі, як і на мінулых перамовах 16 траўня, будуць ачольваць міністр абароны Украіны Рустэм Умераў і памочнік расейскага прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі

Украінскі бок збіраецца прэзентаваць дэлегацыі РФ сваю дарожную мапу для дасягнення трывалага мірнага ўрэгулявання.

Згодна з гэтым планам, Масква і Кіеў пры ўдзеле Злучаных Штатаў і Еўразвязу будуць выпрацоўваць прымальныя ўмовы для спынення вайны.

Паводле ўкраінскіх чыноўнікаў, гэты план быў накіраваны расейскаму боку да пачатку перамоваў у Стамбуле.

Выданню «Reuters» сталі вядомыя пункты, якія ўтрымліваюцца ў плане. Як адзначае выданне, яны ў значнай ступені супадаюць з умовамі, якія раней прапаноўваў Кіеў.

Асноўныя прынцыпы і падыходы да перамоваў можна звесці да наступных пунктаў.


  • Поўнае і безумоўнае спыненне агню – у паветры, на сушы і на моры. Гэта мусіць быць асновай для пачатку мірнага працэсу.
  • Гуманітарныя крокі для ўмацавання даверу – вяртанне ўсіх выкрадзеных і вывезеных дзяцей, абмен палоннымі паводле прынцыпу «ўсе на ўсіх», вызваленне ўсіх цывільных закладнікаў.
  • Забеспячэнне трывалага міру – перамовы маюць на мэце не проста прыпыненне вайны, а стварэнне механізмаў, што выключаюць яе паўтор.
  • Міжнародныя гарантыі бяспекі – Украіна патрабуе рэальных гарантыяў сваёй бяспекі. У перамовах павінны ўдзельнічаць міжнародныя партнёры, якія возьмуць на сябе частку адказнасці за выкананне дамоўленасцяў.
  • Суверэнітэт Украіны – Украіна захоўвае права самастойна вызначаць сваю замежную палітыку, у тым ліку далучэнне да ЕЗ і NATO. Ніякіх абмежаванняў на колькасць і размяшчэнне ўкраінскіх войскаў быць не павінна.
  • Пытанні тэрыторыяў – акупаваныя Расеяй тэрыторыі з 2014 года не прызнаюцца. Абмеркаванне межаў магчымае толькі пасля поўнага спынення агню.
  • Санкцыі – іх могуць паступова здымаць, але з умовай аднаўлення, калі Расея парушыць дамоўленасці. Замарожаныя актывы Расеі будуць выкарыстаныя для аднаўлення Украіны або застануцца замарожанымі да выплаты рэпарацыяў.
  • Рэалізацыя пагадненняў – патрэбная дакладная дарожная мапа з гарантыямі выканання.

Згодна з паведамленнямі турэцкіх медыяў, у перамовах возьме ўдзел кіраўніцтва МЗС і выведкі Турэччыны.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10